Пра фестываль 2020

МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – штогадовы фестываль, прысвечаны аналізу і інтэрпрэтацыі фатаграфічнага медыуму ў сучаснай даследчай оптыцы. Вось ужо сем гадоў запар у падзеях фестывалю бяруць удзел дзясяткі фатографаў, фотакалектываў і экспертаў у гэтай галіне з Беларусі і замежжа.

Сёлета каманда прыняла рашэнне не адмяняць і не пераносіць фестывалю і правесці яго ў адпаведнасці з планам, з 29 верасня да 27 лістапада 2020 года, з цэнтральнай экспазіцыяй у двары мінскага Культ.цэнтру «Корпус», дзе ў фармаце оўпэн-эйр будуць паказаныя 8 праектаў беларускіх і замежных фатографаў.

Кожны год канцэптуальнае сэнсавае ядро галоўнай экспазіцыі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ фармуецца вакол адной тэмы. У розны час выказванні, рэпрэзентаваныя на асноўнай пляцоўцы, прапаноўвалі паразважаць пра такія паняткі, як апазіцыя «цэнтр – перыферыя» (2016), «калектывізацыя» (2017), «юбілей» (2018) і «гісторыя» (2019). У 2020-м у якасці прадмету візуальнага аналізу мы абралі «выжыванне». Каманда пастанавіла прытрымлівацца плану і раскрыць гэтую тэму на прыкладзе праектаў, якія закранаюць шэраг сусветных экалагічных праблемаў, аднак у кантэксце актуальных падзеяў панятак набыў новае гучанне. Так, нашае выжыванне ўсё яшчэ цесна звязанае з выбудоўваннем доўгатэрміновай мудрай стратэгіі ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, але выжыванне – гэта таксама вынік адказных рашэнняў і высілкаў кожнага канкрэтнага чалавека, наш клопат адзін пра аднога, падтрыманне ў складаны час, рух да супольнай мэты лепшага заўтра.

«Паводле адчуванняў мы перабываем ля зыходнага пункту нейкай новай, канструяванай у нас на вачах і пры нашым удзеле рэальнасці. Пачуццё бяспекі, свабода перасоўвання, свабода ад страху – усё, да чаго мы паспелі прызвычаіцца і за што толькі цяпер пачалі змагацца, знікае. Прыйшоў час разам паразважаць пра гэта», – каментуе выбар тэмы куратарка асноўнай экспазіцыі гэтага года, магістр мастацтваў Вера Фядотава.

Кожны з праектаў МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ па-свойму закранае тэму выжывання праз прызму антрапацэнтрызму і яго згубных наступстваў. У цэнтральнай экспазіцыі будуць паказаныя тры праекты дзвюх беларускіх аўтарак: «Aqua» маладога беларускага фатографа Рыты Новікавай ды «Мікрапластык Everyday» і «Camera Covida» экаактывісткі Таццяны Кузняцовай.

Абедзве серыі Таццяны на розных узроўнях аналізуюць тэму нябачнага. У першай – на матэрыяле калажаў фатаграфіяў, зробленых пад мікраскопам, і вырабаў, якія ўтрымліваюць небяспечны як для чалавека, гэтак і для навакольнага асяроддзя мікрапластык. У другой – праз паралелі паміж «нябачнасцю» небяспекі і нежаданнем уладаў заўважаць і развязваць праблемы ўразлівых сацыяльных групаў. Праект Рыты Новікавай выкананы ў форме набору аўтапартрэтаў на тэму ўзаемадачынення чалавека і асяроддзя, якое зазнае наступствы людскога агрэсіўнага ўмяшання. Выжыванне ў «Aqua» – складанае, сюррэалістычнае напластаванне некалькіх рэальнасцяў – дэклараванай і сапраўды існай. Жаданай і недаступнай.

Французская мастачка Мары Лукашэвіч прыцягвае ўвагу да праблемаў празмернага спажывання і эксплуатацыі чалавекам прыродных рэсурсаў, польская аўтарка Аліцыя Врублеўска разважае пра будучыню каралавых рыфаў, якія могуць быць назаўсёды знішчаныя і замененыя сінтэтычнымі прадуктамі. Праект тандэму Лены Дабравольскай і Тэа Орманда-Скіпінга таксама прысвечаны праблеме наступстваў глабалізацыі: працуючы з сярэднефарматнымі стужкавымі камерамі, творцы вывучаюць ландшафт Гіндукушскіх Гімалаеў – рэгіёну, вельмі адчувальнага да кліматычных зменаў, – каб задакументаваць з’явы, звязаныя з уразлівасцю клімату, развіццём і дэградацыяй навакольнага асяроддзя, і паставіць пытанне аб азначэнні антрапаса. Хто гэтая нябачная сіла, якая адказвае за геагісторыю? У чым сутнасць антрапацэну? Цяпер вядома, што чалавецтва як геалагічная сіла нясе адказнасць за беспрэцэдэнтнае пацяпленне на планеце і шостае масавае выміранне. Аднак ці ўсе мы аднолькава вінаватыя?

Іншы аспект экалагічнасці і дыялогу чалавека і асяроддзя закранаецца ў праектах Аліны Марыі Фрыске. Мастачка ілюструе ролю фатаграфіі ў фармаванні калектыўнай памяці – вобразы таксідэрміі і кабінету рэдкасцяў выкарыстоўвае для артыкуляцыі пытанняў пра аб’ектыўнасць «бачнага» і ментальную экалагічнасць вынікаў працы лічбавых алгарытмаў.

Таксама ў межах экспазіцыі ў вулічнай прасторы «Корпусу» будзе змантаваная свяцільная інсталяцыя Марсэля Рыклі «AEON», якая вывучае «Гэрд Дып I, II» – аб’ект, размешчаны непадалёк узбярэжжа Олдэрні – вострава, які ў перыяд з 1950 да 1963 года служыў звалкай радыеактыўных адкідаў. Марсэль разважае на тэму абароны будучых пакаленняў ад высокаактыўнага ўтылю, які бесперапынна прадукуецца атамнымі электрастанцыямі ды ўяўляе небяспеку сотні тысяч гадоў.

Таксама ў межах фестывалю ў Культ. цэнтры «Корпус» будзе паказаны адмысловы праект «Жыў-быў батанічны сад», створаны па выніках рэзідэнцыі Франсуаз Юг’е ў Мінску ў 2020 годзе (рэзідэнцыя стала магчымая пры падтрымцы амбасады Францыі).

Сярод іншых лакацыяў, задзеяных у гэтым годзе, – арт-квартал CONSERVA (Брэст) і «Першы крок by Мазыр» (Мазыр). На фэсце ў Любках (Маладзечанскі раён), у вёсцы Крэва і ў маёнтку графа Тышкевіча МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ Ў МІНСКУ пакажа вулічныя выставы (фотаграфіці), створаныя ў межах супольнай працы з архівамі мясцовых жыхароў.