Бібліятэка МФМ

Арганізатары фестывалю распачынаюць штогадовую серыю «Бібліятэка Месяца фатаграфіі ў Мінску». Задача выдання – пазнаёміць шырокую аўдыторыю з дзейнасцю і творчасцю беларускіх аўтараў, якія адыгралі важную ролю ва ўмацаванні статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва ды яе інстытуалізацыі ў Беларусі. Таксама серыя пакліканая сфармаваць матэрыяльную базу: архіў дакументаў, фатаграфіяў і тэкстаў, што апісваюць розныя перыяды гісторыі беларускай фатаграфіі.

 

Каталог Валерыя Лабко

Сімвалічна, што першы альбом серыі прысвечаны дзейнасці ідэйнага натхняльніка Мінскай школы фатаграфіі – Валерыя Лабко. Як аўтар, у сваіх творчых перавагах ён заставаўся верны Фатаграфіі, якая здараецца ў момант асаблівага кантакту фатографа і асяроддзя: «Памятаеце, у дзённіках у Арбус: I don’t press the shutter… The image does». Валерый стаў медыятарам між фотаклубным рухам аматарскай фатаграфіі ў Мінску і генерацыяй новай аўтарскай фатаграфіі Мінскай школы. Гэты якасны пераход ад выразных эстэтычных кадраў аматараў да «імкнення стварыць новую крытычную мову» (Х. Ээрыкяйнэн) быў ініцыяваны, у першую чаргу, самім Лабко. Адначасова з перадачаю фотарамяства хвалявала яго і фармаванне творчага пажыўнага асяроддзя. У аўтабіяграфічным тэксце «Заўтрашняя фатаграфія», напісаным за год да смерці, Лабко разважае пра сваё месца ў працэсе нараджэння Аўтара заўтрашняй беларускай фатаграфіі.

Гэты альбом – амаж творцу, створаны пераважна намаганнямі вучняў Лабко розных пакаленняў. Выданне ўлучае ў сябе серыі працаў фатографа, якія раскрываюць яго як майстра «падвойнай спецыялізацыі»: партрэту-стану (раздзел «Палессе», серыя «Беларускі балет», «Беларускі клімат») і стрыт-фатаграфіі (раздзел «Next Stop – Soviet»). Здымкі ідуць у храналагічным парадку і суправаджаюцца аўтарскімі каментарамі.

Скачаць каталог Валерыя Лабко

 

Каталог Льва Дашкевіча

Каталог выдадзены ў супрацы каманды фестывалю з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, у сценах якога была паказаная выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы.

Леў Урбанавіч Дашкевіч (1882–1957) – беларускі фатограф, публіцыст, педагог, навуковец, вынаходнік. Нарадзіўся 12 лютага 1882 г. у Менску ў сям’і дваран. Атрымаў адукацыю ў Дыжонскім універсітэце (раманскае аддзяленне факультэта славеснасці) і ў Вышэйшай школе графічных мастацтваў у Парыжы (аддзяленне фатаграфіі). Фотамастак займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў шэрагу навучальных устаноў Ерэвана (Арменія), Гянджы (Азербайджан), Тыфліса (Грузія), а затым і Мінска. Леў Дашкевіч першым у Беларусі распрацаваў і стаў чытаць курс лекцый па фатаграфіі (у Мінскам інстытуце народнай адукацыі). Акрамя прафесійнага захаплення фатаграфіяй, Леў Урбанавіч займаўся навуковымі даследаваннямі ў галіне рэнтгенаграфіі, вывучаў уплыў біялагічнага ультрафіялету на трофіку і рэгенерацыю тканін, у выніку распрацаваў унікальную методыку паскоранага гаення ран.

Скачаць каталог Льва Дашкевіча

 

Каталог фестываля “Месяца фатаграфіі ў Мінску» 2014

 

Скачаць каталог фестываля “Месяца фатаграфіі ў Мінску» 2014

 

Каталог фестываля “Месяца фатаграфіі ў Мінску» 2015

 

Скачаць каталог фестываля “Месяца фатаграфіі ў Мінску» 2015