Прэмія «ПРАФОТА» 2015

Прэмія дакументальных і арт-праектаў для беларускіх фатографаў «ПРАФОТА» прысуджаецца ў дзвюх намінацыях:

• Дакументальная фатаграфія
• Арт-фатаграфія

Журы складзе лонг-ліст з дванаццаці фотапраектаў і шорт-ліст — з шасці. Працы з шорт-ліста ўвойдуць у штогадовы каталог прэміі ды выставу (адбудзецца ў лютым 2016 года ў мінскай прасторы «ЦЭХ»). Таксама адзін з праектаў у кожнай намінацыі атрымае Гран-пры. Пераможцам арганізуюць персанальныя выставы ў межах Месяца фатаграфіі ў Мінску ў 2016 годзе. Таксама найлепшыя аўтары будуць мець магчымасць наведаць адну з міжнародных фатаграфічных падзеяў: фестываль, майстар-клас ці партфоліа-рэвю (фармат прызу вызначыць аргкамітэт па выніках конкурсу).

Вынікі PRAFOTA 2014

Умовы

На конкурс ад беларускіх фатографаў (у тым ліку калектываў фатографаў) прымаюцца фотапраекты, скончаныя ці ўпершыню апублікаваныя ў 2014—2015 гадах. Кожная серыя можа складацца максімум з 20 здымкаў. У кожную намінацыю магчыма падаць неабмежаваную колькасць праектаў.

Для дакументальных праектаў забараняецца істотнае ўмяшанне ў фотаздымак: фотамантаж, візуальныя эфекты, рамкі і лагатыпы на выяве.

Тэхнічныя патрабаванні да фотаздымкаў

– Фотаздымкі павінны мець пашырэнне 72 dpi, памер 1200 пікселяў па доўгім баку.
– Кожны фотаздымак мусіць быць захаваны як асобны JPEG.
– Для каляровых фотаздымкаў рэкамендуецца AdobeRGB ці sRGB, для чорна-белых — Gamma 2.2. Фармат CMYK не прымаецца.
Exif фотаздымка мае быць захаваны.
– У filе info кожнага здымку павінен быць падрабязны подпіс.
Filе info трэба запоўніць на дзвюх мовах: рускай або беларускай і англійскай.
– Імя файлу мусіць складацца з намінацыі, скарочанай назвы серыі і нумару файлу: да прыкладу, art_children_1.jpg.
– Назвы файлаў павінны быць напісаныя лацінкаю.

Дасылка праектаў

Праекты прымаюцца да 20 кастрычніка ўключна на email: prafota@gmail.com.
Разам з фотаздымкамі абавязкова трэба даслаць кароткія біяграфічныя звесткі пра сябе/калектыў аўтараў і кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон).

Аўтарскія правы

Фатограф гарантуе, што ён аўтар фатаграфічнага матэрыялу, прапанаванага ад ягонага/ейнага імя на конкурс. У выпадку спрэчных пытанняў арганізатары конкурсу запытваюць доказы аўтарства.

Аргкамітэт пакідае за сабой права выключыць усе працы аўтара з ліку конкурсных ці прызавых у выпадку, калі выявяцца факты парушэння аўтарскіх правоў. Рашэнне аб выключэнні працаў прымае аргкамітэт конкурсу. Прынятае рашэнне не абскарджваецца.

Фатограф мусіць быць адзіным праваўладальнікам ці мусіць падаць пісьмовую згоду (дазвол) праваўладальніка на выкарыстанне матэрыялу.

Дасылаючы фатаграфіі, аўтар пагаджаецца з умовамі конкурсу, а таксама з тым, што гэтыя фатаграфіі могуць быць выкарыстаныя арганізатарамі для публікацыі ў друкаваным ці электронным выглядзе ў мэтах прамоцыі конкурсу ў любым фармаце (інтэрнэт-выданні, друкаваныя выданні, СМІ, паліграфічная прадукцыя і г. д.) без выплаты якой-кольвек узнагароды.

Місія «ПРАФОТА»

Мы выступаем за стварэнне адзінай конкурснай прасторы для камунікацыі і падвышэння візуальнай пісьменнасці людзей, якія займаюцца і цікавяцца фатаграфіяй. Нашая мэта — развіццё беларускай фатаграфіі шляхам падвышэння стандартаў сучаснай дакументальнай і арт-фатаграфіі ў Беларусі. Праз стымуляванне грамадскага інтарэсу да фатаграфіі мы імкнёмся стварыць спрыяльныя ўмовы для свабоднага абмену інфармацыяй і росту магчымасцяў для актыўнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння беларускіх фатографаў, крытыкаў і аматараў фатаграфіі.

Журы

Ганна Шпакава (старшыня журы)
Святлана Паляшчук
Кен Шлес (Ken Schles)
Сайман Норфалк (Simon Norfolk)
Джэймз Ўэлфард (James Wellford)
Джордж Джорджыў (George Georgiou)
Барбара Штаўс (Barbara Stauss)

Старшыня журы: Ганна Шпакава
Прадзюсарка, куратарка, фотарэдактарка. Выпускніца Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. М. Ламаносава. Працавала ў часопісах «Афиша», «Огонёк», «Сноб», фотадырэктаркаю агенцтва «РИА Новости». Выкладае ў школе фатаграфіі і мультымедыя ім. Родчанкі, Масква. Куратарка выставаў у Расіі і за межамі, камісар Расіі на фотабіенале Photoquai 2011 у Парыжы. Фіналістка конкурсу POY 2013 у намінацыі «найлепшая газета» («Московские Новости»). Куратарка і фотарэдактарка мультымедыйнага праекту «Грозны: 9 гарадоў», уладальніца ўзнагароды для ваенных журналістаў Prix Bayeux-Calvados у намінацыі «ўэб-журналістыка» (2014).

Святлана Паляшчук
Культуролаг (ЕГУ, Мінск) і магістр у галіне сацыялогіі ды сацыяльнай антрапалогіі (Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт, Будапешт). Вывучае гісторыю і тэорыю фатаграфіі, улучна з беларускай. Друкавалася ў часопісах «Мастацтва», Photoscope, Art Aktivist, «Культурный журнал», «Новая Европа», Photographer.RU, «Хулиганствующий элемент», FK Magazine/Fotokvartals.

Кен Шлес
Нарадзіўся ў 1960 у Брукліне, Нью-Ёрк. Фатограф, аўтар 5 манаграфіяў. Рэпрэзентаваныя ў Музеі сучаснага мастацтва, адзначаныя The New York Times Book Review і апублікаваныя ў самых розных выдавецтвах нашага часу, ягоныя кнігі называюць «інтэлектуальнымі вехамі фатаграфіі» (Süddeutsche Zeitung), «чартоўскі цудоўнымі» (The New Yorker) і «поглядам у свядомасць вялікага фатографа» (Hotshoe). Працы Кена Шлеса захоўваюцца ў больш як 100 музейных і бібліятэчных зборах па ўсім свеце.

Сайман Норфалк
Нарадзіўся ў 1963. Нягледзячы на тое, што фатограф вызначае жанр, у якім працуе, як ландшафтную фатаграфію, ягоны стыль можна апісаць як дакументаванне вынікаў. Сярод працаў Саймана — краявіды Афганістану, Босніі, Ізраілю, Бейруту і Асвенціму. Здымкі фатографа рэгулярна друкуюць у такіх выданнях, як The Guardian Weekend (Вялікая Брытанія), ID (Вялікая Брытанія), Foto8 (Вялікая Брытанія), Camerawork (ЗША), Los Angeles Times (ЗША), FotoMagazine (Нямеччына), Exit (Іспанія). Цяпер Сайман Норфалк жыве ў Брайтане, на паўднёвым узбярэжжы Англіі.

Джэймз Ўэлфард
Фотарэдактар, прадзюсар, куратар і лектар, жыве і працуе ў Брукліне, Нью-Ёрк. Браў удзел у шэрагу праектаў, высока ацэненых на World Press Photo, The Overseas Press Club і The Visa Pour L’Image. Джэймз таксама курыраваў разнастайныя выставы, сярод якіх «Амерыканская фатаграфія» (Фатаграфічны музей чалавецтва, зіма 2015), «Пад мостам» (развагі пра палітычны крызіс у Турцыі), «Згадваючы Лівію» (Photoville, 2013, Бруклін, Нью-Ёрк), «Праекцыі рэальнасці» (Масква), «Пакаленне 11 верасня, 10 гадоў ваеннай фатаграфіі пасля 11 верасня» (Гаага, Нідэрланды), «Рэпартаж з То’хоку: адгалоссе катастрофы ў Японіі» (Нью-Ёрк, ЗША) і шмат іншых. Джеймз Ўэлфард — сябра кансультацыйных радаў музею Photobook і арганізацыі Social Documentary Network, а таксама сузаснавальнік дзвюх групаў: Screen і SeenUnseen. Цягам 12 гадоў ён быў міжнародным фотарэдактарам часопісу Newsweek Magazine і адказным фотарэдактарам у Smithsonian Journeys, Foreign Policy і CNN.

Джордж Джорджыў
Нарадзіўся ў Лондане ў 1961. Цяпер жыве ў Фоўкстане, Брытанія. Выбітны фатограф, які ў 1999—2009 працаваў пераважна на Балканах, ва Усходняй Еўропе, Сербіі, Грэцыі ды Турцыі. Працы таго часу атрымалі ўзнагароды ад The British Journal of Photography (2010), дзве перамогі на World Press Photo (2003, 2005), прыз за першае месца на Pictures of the Year International (2004). У 2010 выйшла ягоная кніга Fault Line/Turkey/East/West, якую пераклалі на 4 мовы. Другая кніга Джорджа Джорджыў пабачыла свет у снежні 2014.
Здымкі фатографа захоўваюцца ў некалькіх установах і прыватных калекцыях, сярод якіх MoMa (Нью-Ёрк) і калекцыя Элтана Джона.

Барбара Штаўс
Фотарадактарка і заснавальніца часопісу Mare. Нарадзілася і вырасла ў Швейцарыі, затым пераехала ў Берлін, каб вывучаць расейскую мову, а пасля – фатаграфію і візуальную камунікацыю. У 1996 годзе паўстаў Mare — Die Zeitschrift der Meere, тэматычны часопіс пра мора, прысвечаны класічнаму фотарэпартажу і фотаэсэ. З таго часу Барбара ўзначальвае выданне, адказваючы за фатаграфічныя канцэпцыі і візуальны наратыў часопісу. У 2010 яна зарганізавала перазапуск нямецкай рэдакцыі штогадовай публікацыі фотакнігі Reporters Without Border і заняла пасаду праектнага менеджара гэтай арганізацыі. Таксама працуе фрыланс-рэдактаркаю. Барбара курыруе фотавыставы і выкладае на семінарах па фотарэдактарскай працы.