Салавейчык — Аўгусціс. «Пачатак і канец эпохі», 14.10 — 01.11

Баляслаў Аўгусціс. Беласток, 1935—1938 гг.

Юзафа Салавейчыка і Баляслава Аўгусціса аб’ядноўвае тое, што яны абодва фатаграфавалі Беласток і абодва не абмяжоўваліся працай у атэлье, хоць яна і была іх асноўнай крыніцай існавання. Салавейчык упершыню ў гісторыі пачаў фатаграфаваць Беласток, а Аўгусціс у 1939 годзе закрыў гэтую старонку ў гісторыі горада. Іх творчасць вызначыла эпоху ў гісторыі беластоцкай фатаграфіі.

Юзаф (Янкель) Салавейчык быў сынам фатографа Якуба, які ў сярэдзіне ХІХ ст. меў майстэрню у Нясвіжы, а пазней у Гродне, дзе нейкі час яны працавалі ўдвух. Найстарэйшая з захаваных фатаграфій Юзафа Салавейчыка датуецца 1892 годам. Але праславіўся ён манументальным альбомам «Виды города Бѣлостока 1897», які гарадскія ўлады ўручылі цару Мікалаю ІІ падчас яго візіту ў Беласток. У ім 29 фатаграфій, і гэта першы ў гісторыі Беластока гарадскі фотаальбом. Салавейчык паказвае ў ім галоўныя вуліцы, прадстаўнічыя будынкі, фабрыкі, паркі. Кампазіцыя яго фатаграфій пазнавальная. На той час Салавейчык — адзіны беластоцкі фатограф, які выходзіць з студыі ў гарадскую прастору.

Аднак штодзённай яго працай былі партрэтныя фотаздымкі ў атэлье. У іх ён таксама вылучаецца стараннасцю, падборам дэкарацый. Яго працы здабылі шэраг узнагарод: у Брусэлі ў 1905 годзе, у Антверпене ў 1907-м, у Растове-на-Доне ў 1908-м і ў тым жа годзе — у Гаазе.

У 2004 годзе два хлопцы выпадкова знайшлі ў адным беластоцкім доме скрутак старых негатываў. Як высветлілася, аўтар здымкаў — Баляслаў Аўгусціс, які ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя валодаў фотамайстэрняй. Знойдзены матэрыял аказаўся настолькі цікавым, што быў уключаны ў экспазіцыі галерэі «Арсенал» у Беластоку, «Археалогіі фатаграфіі» ў Варшаве, Месяца фатаграфіі ў Берліне і фотафестывалю ў Лодзі. Гэты збор адметны не толькі гістарычнай і сацыялагічнай вартасцю. Праз сваю фатаграфічную ўражлівасць і праніклівае назіранне за людзьмі Аўгусціс выходзіць за межы майстэрскай правільнасці, уласцівай большасці ўладальнікаў фотамайстэрняў. Незвычайнасць і сучаснасць у спосабе кадравання, уменне злавіць рух і паказаць кантэкст зрабілі так, што фотаздымкі не састарэлі і засталіся надзвычай цікавымі для сучаснага гледача.

Калекцыя Баляслава Аўгусціса настолькі ўнікальная, што змяніла ўспрыманне польскай міжваеннай фатаграфіі. Гэтыя некалькі тысяч кадраў беластоцкага фатографа з’яўляюцца адным з першых — і пры гэтым настолькі вялікім і паслядоўным — прыкладам вулічнай фатаграфіі ў рэгіёне.

Куратары выставы: фатограф і журналіст Гжэгаж Дамброўскі, гісторык і музеязнаўца Анджэй Ляхоўскі.

Арганізатары выставы: Таварыства культурнай адукацыі WIDOK, Падляшскі музей у Беластоку, Польскі інстытут у Мінску, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

14.10 — 01.11
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
вул. К. Маркса, 12
11.00 – 19.00 (касса працуе да 18:30)
штодня (трэці панядзелак месяца – санітарны дзень)
Поўны білет ― 40 000, студэнты дзённай формы навучання ― 32 000, школьнікі і навучэнцы ССНУ ― 20 000

14.10
Адкрыццё выставы
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, 17:00