«Канкрэтна-эмацыйнае»: між помнікам і рытуалам, 23.09 — 16.10

Калектыўная выстава: Калектыў Канкрэтных Датаў (Кіеў), Воля Сасноўская (Мінск), Аляксей Талстоў (Мінск), Антон Сарокін
Куратар: Аляксей Барысёнак

Выстава ахопіць тэматыку свята, рытуалу і абраднасці ў постсавецкім горадзе, у якім цесна пераплятаюцца савецкая спадчына і рэстаўрацыя кансерватыўнай ідэалогіі. Канструяванне гісторыі праз «канкрэтныя даты» святаў, калектыўнае цела, «канкрэтна-эмацыйнае» савецкага і постсавецкага гораду – сярод асноўных сюжэтаў выставы. «Канкрэтна-эмацыйнае» – гэта тэрмін, які выкарыстоўваецца ў савецкай і постсавецкай літаратуры для апісання афектыўнай прасторы свята. Масавае святкаванне, грамадзянскі рытуал і калектыўнае цела мусяць быць зрэжысураваныя гэтак, каб выклікаць канкрэтныя эмоцыі ды выхаваць камуністычную чуйнасць у савецкі час ці патрыятызм у постсавецкіх грамадствах. Святы могуць быць апісаныя праз тэрмін «сацыяльная харэаграфія»: спецыфічная, часавая і прасторавая канфігурацыя целаў і аб’ектаў з іх рытмам і рухам (Г. Клейн)

Калі помнікі ды манументы фіксуюць адчужаную працу памяці, кіраваную «зверху», то рытуалы і абрады адпраўляюцца праз целы ўдзельнікаў, увасабляючы памяць непасрэдна ў самім целе. Напружанасць паміж аб’ектываваным целам помніку і афектыўным досведам перажывання рытуалу будзе адрэфлексаваная ў мастацкіх працах і ў кінапраграме.

У межах выставы мастакі/мастачкі пакажуць працы непасрэдна ў прасторы «Крылы Халопа» і зробяць перформансы ў гарадскім асяродку – з мэтаю асэнсаваць дачыненні між гістарычным дакументам/сведчаннем (з асабліваю ўвагаю да медыуму фатаграфіі) і непасрэдна перажываным афектам у перформансе. Сувязь паміж дакументам і перформансам цікавая тою слабаю магчымасцю перадаваць пачуццёвае праз рознага кшталту апасродкаванні або тыя розныя дэфармацыі ды скажэнні, якія робяць магчымым фіксацыю (святочнага) досведу.

Праграма мерапрыемстваў

23.09 / 19:00 / Пятніца
Адкрыццё выставы “Канкрэтна­-эмацыянальнае”​: між помнікам і рытуалам”

23.09 / 20:00 / Пятніца
Перформанс Волі Сасноўскай

24.09 / 17:30 – 19:00 / Субота
Размова з мастакамі / мастачкамі.
Удзельнічаюць: члены Калектыва Канкрэтных Датаў (Кіеў), Воля Сасноўская (Мінск), Аляксей Талстоў (Мінск)
Мадэратар: Аляксей Барысёнак (Мінск / Стакгольм)

26.09 / 19:00 / Панядзелак
Паказ фільму Марты Папіводы «Югаславія. Як ідэалогія змяняе наша калектыўнае цела» (2013)
Прадстаўляе Аляксей Барысёнак

3.10 / 19:00 / Панядзелак
Паказ фільму Лоры Малві і Марка Льюіса «Зняважаныя манументы» (1992)

10.10 / 19:00 / Панядзелак
Паказ фільму Крыстыны Норман «Святочныя прасторы» (2016)

Калектыў Канкрэтных Датаў (Кіеў)

Базуецца ў Кіеве, Украіна. Калектыў Канкрэтных Датаў узнік у пачатку 2015 года як перфарматыўная даследчая група, якая працуе з разнастайнымі практыкамі камемарацыі. Прыдаючы асаблівае значэнне архіўным матэрыялам ды гістарычным маргіналіям, ККД імкнецца да глыбейшага разумення іх ролі ў ідэалагічных вялікіх наратывах і рэальным жыццёвым досведзе. Нядаўняя выстава: «Ступень Залежнасці. Калектыўныя практыкі маладых украінскіх мастакоў 2000–2016» (Галерэя сучаснага мастацтва, Вроцлаў).

Вольга Сасноўская (Мінск)

Вольга Сасноўская – даследніца і мастачка. Жыве і працуе ў Мінску, Беларусь. Апошнія працы звязаныя з тэматыкаю гендару, жаночага цела і канцэпцыяй «рамантычнай любові», посткаланіяльнасцю і палітыкаю ідэнтычнасці, масаваю гімнастыкаю, ідэалогіяй і паняткам савецкай спадчыны ў сучаснай Беларусі. Нядаўнія перформансы: «Чаму цэнтр Еўропы складана акрэсліць?» (2016, у межах Sofia Underground International Performance Art Festival, Музей чалавека і Зямлі, Сафія, Балгарыя); ‘We want to smash them all but all we do is disco?’ (2016, бар ДК, Мінск, Беларусь і клуб Under Bron, Стакгольм, Швецыя).

Аляксей Талстоў (Мінск)

Аляксей Талстоў – мастак і пісьменнік з Мінску. Мастак Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», актыўны ўдзельнік калектыўных выставаў у Беларусі і за мяжою. Апошнім часам працуе з афіцыйнаю візуальнаю культурай і сувяззю эстэтыкі ды ідэалогіі ў сучаснай Беларусі. Нядаўнія персанальныя выставы: «Самакантроль» (2013), «Гэта так прыгожа!» (2016) у галерэі «Ў». Нядаўні перформанс у публічнай прасторы Мінску: «На шчасце!» (2016).

Антон Сарокін

Антон Сарокін жыве і працуе ў Мінску. Мастак, музыка. Яго працы дэманстраваліся на калектыўных і персанальных выставах у Мінску (ЦЭХ, галерэя «Ў», Музеі Максіма Багдановіча, Музеі Заіра Азгура), Берліне (Цэнтр чэшскай культуры) і Штутгардзе (Akademie Schloss Solitude). Галоўная тэма яго мастацкага даследвання – палітычнае вымярэнне гука.

Аляксей Барысёнак

Аляксей Барысёнак – незалежны куратар і даследнік, жыве ў Мінску і Стакгольме. Закончыў магістарскую праграму «Візуальныя і культурныя доследы» ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня, Літва). Курыраваў выставы ў галерэі «Ў», Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, Беларусь), Летнюю школу мастацкага доследу (Вільня, Літва), удзельнічаў у Кіеўскай школе (Кіеў, Украіна). Сузаснавальнік КАЛЕКТАРу, незалежнай платформы для вывучэння беларускага сучаснага мастацтва.

23.09 — 16.10
Прастора «Крылы Халопа», Брэст
вул. Халтурына, 2/1
Чацвер — пятнiца 17:00 – 19:00
Субота — нядзеля 15:00 – 19:00
Уваход на выставу: 2 рублi

23.09
Адкрыццё выставы
Прастора «Крылы Халопа», 19:00