Вольга Бубіч. «Больш, чым Я», 06.09 — 06.10

26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які быў прызнаны найбуйнейшаю тэхнагеннай катастрофай ХХ стагоддзя. Адгукнуліся на чужую бяду людзі з розных краінаў. Сярод валанцёраў была і ірландка Эдзі Роўч, заснавальніца «Chernobyl Children International» – першага ў свеце фонду дапамогі дзецям, якія жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях. У 1991 годзе яшчэ ніхто не меркаваў, што аздараўленне дзяцей за мяжой неўзабаве стане адной з самых распаўсюджаных формаў гуманітарнай дапамогі: паводле прыблізных падлікаў, за 30 гадоў у такіх праграмах узялі ўдзел больш як паўмільёна дзяцей.

Паездкі за мяжу і жыццё ў замежных сем’ях сталі для дзяцей з беларускіх мястэчак і вёсак нечым значна большым за аздараўленне і ўмацаванне імуннай сістэмы. Дактары і навукоўцы казалі, што нават два тыдні, праведзеныя дзіцём па-за забруджанай тэрыторыяй, зніжаюць узровень радыяцыі ў арганізме на 30–50 %, што змена рэжыму харчавання і клімату ўплываюць станоўча. Аднак мала вывучаным застаецца ўздзеянне на асобу дзіцяці кардынальнай змены ўмоваў жыцця: ад банальнага быту да мовы, культуры і псіхалогіі.

Пацярпелыя пасля аварыі на АЭС рэгіёны Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей былі не самыя развітыя ў эканамічным плане, а дзеці, якія бралі ўдзел у праграмах дапамогі, часта паходзілі з праблемных сем’яў або жылі ў інтэрнатах. У канцы 1990-х шмат у каго не было хатняга тэлефона, ацяплення ці санвузла, часам даводзілася хадзіць у школу за некалькі кіламетраў. Актуальнымі заставаліся праблемы алкагалізму, беспрацоўя і ранняга сексуальнага дэбюту.

Дзякуючы праграмам аздараўлення, асабліва такім, чыя структура прадугледжвала рэгулярныя паездкі аднаго і таго ж дзіцяці з 6–7 да 18 гадоў, паступова вырасла цэлае пакаленне беларусаў з цалкам асабліваю сістэмай каштоўнасцяў. Яны свабодна гаварылі на дзвюх мовах, лічылі замежнікаў, якія іх прымалі, сваёй другою сям’ёй, пачыналі імкнуцца да вучобы і прыстойнага ўзроўню жыцця.

З 2000 года я працую валанцёркай дабрачыннай арганізацыі “У будучыню з надзеяй” і рэгулярна суправаджаю на аздараўленне групы “чарнобыльскіх” дзяцей. На маіх вачах дзясяткі дзяцей сталелі і мяняліся са спалоханых малых ва ўпэўненых у сабе, мэтанакіраваных падлеткаў. Аднак назіраючы змены, я, як і сем’і, што прымалі хлопчыкаў і дзяўчатак, неаднаразова задавалася пытаннем пра тое, што адчувалі дзеці падчас першых паездак, з якім настроем вярталіся з еўрапейскага парадызу ў родныя вёскі, ці не выхоўвала, напрыклад, грамадства спажывання чужыя ім каштоўнасці, ці не ламаў гэты гвалтоўны “выкід” з зоны камфорту звыклага ўкладу, ці не занадта дзіўны і велізарны быў для дзяцей новы свет, куды за дзве гадзіны іх дастаўляла пачвара-самалёт.

Праект “Больш, чым Я” ўлучае матэрыял, які мне ўдалося сабраць за гады валанцёрскай працы суправаджальніцы. Гэта знятыя сямейныя архівы італьянскіх сем’яў, малюнкі дзяцей з сярэдняй школы вёскі Буда Люшаўская, якія ўпершыню выехалі на аздараўленне ў Галандыю, пашпартныя фатаграфіі гомельскіх групаў 2000-х, а таксама мае ўласныя здымкі аднога лета “чарнобыльскіх” дзяўчатак, зробленыя на поўначы Італіі.

Праект, а ў будучыні і кніга “Больш, чым Я”, – гісторыя пра магчымасці, пра зону камфорту і некамфортны іншы свет, пра ўсведамленне, пошук і здабыццё сябе. Гэта не ацэначнае меркаванне або спроба вешаць ярлыкі, гэта гісторыя пра сталенне, перамены, якія ніколі не праходзяць хутка і лёгка, гісторыя пра свабоду выбіраць свой уласны сцэнар жыцця.

Куратары: Артур Бондар і Аксана Юшко

06.09 — 06.10
Галерэя «Сталоўка XYZ»

Фабрыцыўса 4, паверх 3
14:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх. Тэлефон: +375 44 582 92 29

06.09
Адкрыццё выставы

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00