Фотапраекцыі на ратушы ад французскага фатографа Клемана Брыена, 07.09/08.09

7 і 8 верасня а 21:00 у гарадской прасторы на фасадах ратушы беларуская публіка ўбачыць унікальную фотапраекцыю ад французскага фотамастака Клемана Брыена. Падзея адбудзецца ў межах Месяца фатаграфіі ў Мінску і стане часткаю праектаў, арганізаваных да 950-годдзя заснавання беларускай сталіцы.

Клеман Брыен жыве і працуе ў Парыжы, а таксама выкладае культуру і практыку фатаграфіі ва Універсітэце гораду Валянсьен (Францыя).

Клеман Брыен атрымаў адукацыю ў прэстыжнай Школе Люі Люм’ера. Сваю ўвагу ён звяртае на вывучэнне пранікнення святла ў начную прастору. Творца працуе з праекцыямі ў цалкам новым ракурсе, які мае на ўвазе іншае прачытанне ды іншае бачанне выяваў у прасторы. Пры дапамозе інавацыйных прыстасаванняў, якія сам даводзіць да дасканаласці і якія здольныя зрабіць праекцыі вялікіх памераў, Клеман Брыен раскрывае таямнічы бок месцаў, што робяцца ягонымі арт-аб’ектамі.

Клеман Брыен стварае гібрыдныя прасторы, якія, аднойчы трапіўшы ў аб’ектыў фатографа, спараджаюць аптычны падман паміж рэальнасцю і праекцыяй, паміж прастораю і паверхняй. Фотаздымкі больш не ўяўляюць з сябе плоскіх выяваў аб’ектаў, але ў нейкай меры адлюстроўваюць наш погляд на гэтыя аб’екты і тым самым надаюць ім асаблівы сэнс. Загадкавы і паэтычны характар аб’ектаў прабуджае фантазію гледача, якая, у сваю чаргу, праектуецца на фатаграфіі.

Клеман Брыен ужо другі раз бярэ ўдзел у Месяцы фатаграфіі ў Мінску.

clementbriend.com

Праект арганізаваны Пасольствам Францыі ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту.

07.09/08.09
Мінская гарадская ратуша, 21.00 – 22:00