ВIЛМА САМУЛЁНIЦЕ. “Шэсцьдзесят помнікаў. Загсы”, 06.09–06.10

У нашыя дні ўжо няма патрэбы абмяркоўваць знакамітую шэкспіраўскую фразу «Увесь свет – тэатр». Розныя галіны сацыяльных навук аналізуюць важнасць ды існаванне штодзённых рытуалаў і роляў. Стварэнне іміджу робіцца адной з найважнейшых частак рэкламнай і забаўляльнай індустрыі. І хоць мы можам згаджацца з неабходнасцю штодзённых роляў і рытуалаў, яны могуць зазнаваць крытыку.

У Літве – шэсцьдзесят загсаў. Калі ў 1950-я ў савецкай дзяржаве адбылася рэарганізацыя, мусілі змяніцца і сацыяльныя рытуалы. Новапаўсталыя аддзелы для запісу актаў грамадзянскага стану замянілі традыцыйныя месцы для вяселляў і зрабіліся афіцыйнымі ўстановамі, што маглі рэгістраваць шлюбы і выдаваць пасведчанні аб шлюбе.

Гэтыя штучна сканструяваныя прасторы раптоўна сталі ўстановамі, якія надавалі людзям юрыдычны статус, сталі месцамі «ўслаўлення жыцця», што раней было функцыяй царквы.

Пасля распаду Савецкага Саюзу загсы захаваліся, і яны дагэтуль функцыянуюць, як і даўней. У наш час вы можаце зарэгістраваць шлюб або ў такой установе, або ў царкве. Аддзелы для запісу актаў грамадзянскага стану за апошнюю дэкаду зрабіліся пусцейшыя.

Задакументаваная ў серыі спадчына савецкага часу падобная больш да рэліктавага аб’екту з абмежаванаю функцыянальнасцю. Франтальная кампазіцыя фатаграфіяў і засяроджанасць на галоўным прадмеце – стале – змяшчае фокус на бюракратызм установы, а дэкаратыўнасць інтэр’ераў падкрэслівае штучную святасць гэтых прастораў.

Дэталі з фотасерыяў паступова перараслі ў шэраг тыповых элементаў кожнага аддзелу рэгістрацыі: расліны, вешакі, фатэлі для наведнікаў і г. д. Загсы звычайна мелі і творы мастацтва: адмыслова зробленыя вітражы або творы ў іншай тэхніцы з сімвалічным зместам – аб значнасці будучыні, адзінства і сям’і.

Прынцып тыпалогіі, ужыты ў гэтай серыі, дакументуе візуальныя тактыкі савецкай ідэалогіі ды падкрэслівае манументальную нялюдскасць з яе пустэчаю.

Вілма Самулёніце нарадзілася ў 1978 годзе ў Ёнаве (Літва). У 2002 годзе яна скончыла Ковенскі ўніверсітэт тэхналогіі. У 2009 годзе стала выпускніцаю факультэту кіно і тэлебачання Акадэміі сцэнічнага майстэрства (FAMU) у Празе (Чэхія).

Вілма Самулёніце актыўна працуе ў сферы канцэптуальнай фатаграфіі. Яна брала ўдзел у падарожным біенале 2013–2015 гадоў «Маладыя еўрапейскія таленты». У 2013 годзе была стыпендыяткаю праграмы UNESCO / Ашбэрга з атрыманнем творчай рэзідэнцыі ў Інстытуце Сакатар (Бразілія), і ў 2017 годзе жыла там. Два гады працавала фатографкаю ў Саудаўскай Аравіі. Вілма Самулёніце ўдзельнічала ў групавых і мела персанальныя выставы ў Літве, Чэхіі, Турцыі, ЗША, Славеніі, Даніі ды іншых краінах. Цяпер жыве і працуе ў Вільні (Літва).

06.09 — 06.10
Галерэя «Ў»

Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх.

Тэлефон: +375 29 366 75 16

06.09
Адкрыццё выставы, 19:00

Галерэя «Ў»