ГАННА САМАРСКАЯ, АНТАНIНА СЦЕБУР. «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі», 06.09–06.10

«59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі» – гэта частка вялікага даследчага праекту, накіраванага на вывучэнне гісторыі беларускай фатаграфіі, распачатага пры канцы 2017 года.

Выстава прысвечаная часу з 1959 да 1982 года, які можна акрэсліць як перыяд аматарскага, фотаклубнага руху ў Беларусі. Гэтыя даты абраныя не выпадкова: у 1959 годзе ўтварылася першае пасляваеннае аб’яднанне фатографаў – секцыя фотажурналістаў у Саюзе журналістаў БССР, а ў 1981–1982 гадах завяршаецца серыя трох найбуйнейшых рэспубліканскіх фотафестываляў: «Фотаграфіка» ў Мінску, «Свет сучасніка» ў Гродне і «Вясёлка» ў Магілёве. Такім чынам, перыяд 1959–1982 гадоў апісвае зараджэнне, развіццё і росквіт клубнага руху, які пасля 1982 года змяняецца іншымі формамі камунікацыі і супольнай дзейнасці фатографаў, а таксама прыходам іншай фатаграфічнай эстэтыкі.

Традыцыйна гэты перыяд у гісторыі фатаграфіі лічыцца самым апісаным і зразумелым. Аднак вывучэнне архіўных матэрыялаў паказала, што спосаб гаварэння пра фатаграфію 1959–1982 года грунтуецца, як правіла, на «сведчаннях відавочцаў» – успамінах фатографаў, якія жылі і працавалі ў той час. Успаміны – важная частка даследавання беларускай фатаграфіі, але іх недастаткова для фіксацыі ўсяго спектру падзеяў і імёнаў, вусныя гісторыі рызыкуюць замацаваць фокус выключна на Мінску і звесці да мінімуму даследчую дыстанцыю.

Зыходзячы з таго, што найважнейшая форма маніфестацыі дзейнасці ў перыяд з 1959 да 1982 года – выстава, праект «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі» працуе са спісамі ўдзельнікаў усіх буйных рэспубліканскіх, міжнародных і міжклубных выставаў у Беларусі. Вынікам аналізу стаў масіў з 411 імёнаў, у якім удалося вылучыць 102 найбольш актыўных фатографаў. Разам з інфаграфікаю на выставе будзе пададзеная дакументальная хроніка асноўных падзеяў 1959–1982 гадоў, а таксама 10 здымкаў, пакліканых даць уяўленне пра тое, як разумелася фатаграфія ў той час.

Даследаванне дазволіла па-новаму зірнуць на асноўных удзельнікаў фатаграфічнага руху Беларусі сярэдзіны мінулага стагоддзя, рэанімаваць і вярнуць шэраг забытых імёнаў, а таксама абнародаваць жаночыя імёны, прадэманстраваўшы іх ролю ў свеце фатаграфіі, які традыцыйна лічыўся мужчынскім.

Куратаркі праекту:

Ганна Самарская

Антаніна Сцебур

06.09 — 06.10
Галерэя «Ў»

Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх.

Тэлефон: +375 29 366 75 16

06.09
Адкрыццё выставы, 19:00

Галерэя «Ў»