КНIЖНАЯ ШАФА. “Вінтажы і віражы”, 07.09-06.10

Археалагічная выстава фотапрацаў Уладзіміра Парфянка.

У год трыццацігоддзя гістарычнай па сваёй важнасці фотавыставы «Пачатак» у мінскім Доме кіно (цяпер – Чырвоны касцёл) мела б сэнс зарганізаваць вялікую рэтраспектыўную выставу новай беларускай фатаграфіі, аснову якой заклалі ў 1980-я маладыя аўтары з нефармальных фатаграфічных групаў і аб’яднанняў. Але гэткі праект патрабуе даволі шмат сур’ёзных інтэлектуальных і матэрыяльных высілкаў, да якіх нашая фатаграфічная супольнасць пакуль не гатовая. Таму ідэя персанальнай археалагічнай працы мне падалася цалкам рэальнай і здзяйсняльнай. І калі юбілей з моманту адкрыцця «Пачатку» нам не ўдаецца адсвяткаваць на ўсе сто, то нагода пра яго не забыць усё ж ёсць!

Гэтая невялікая і шмат у чым эклектычная выстава вінтажных фотапрацаў майго аўтарства з праектаў Persona non grata і Lucida momenta дасць гледачу магчымасць акунуцца ў разнастайнасць тэмаў, якія хвалявалі аўтараў таго часу. Вы адчуеце «перабудоўную» эстэтыку фатаграфіі 80–90-х гадоў мінулага стагоддзя і, магчыма, задумаецеся пра віражы творчых лёсаў аўтараў, якія пратоптвалі свае звілістыя сцежкі да вяршыняў прызнання беларускай фатаграфіі ў свеце.

Уладзімір Парфянок

07.09 — 06.10
Кніжна-выставачная прастора «Кніжная шафа»

Мiнск, Праспект Дзяржынскага, 9
12:00 – 19:00 пн-пт, 12:00 – 19:00 сб

Тэлефон: +375 17 234-48-64

07.09
Адкрыццё выставы, 19:00

Галерэя крамы «Кніжная шафа»