МАТЫЯС ГАРДЭР. “Кволая сіла: Кветкі ў сучаснай фатаграфіі”, 06.09–06.10

 

Элішка Бартэк – Вільфрыд Баўэр – Джэсіка Бакгаўс – Амін эд-Дыб – Штэфан Эрфурт – Ганс Гансэн – Гергард Каснэр – Сафія Кукуліёці – Крыст’ян Ротман – Вэра Мэрсэр – Мірон Шмюкле – Мархрыт Смюлдэрс – Лузія Сімунс – Міхаэль Вэсэлі

Краса і хуткаплыннасць, каханне і смерць. Няма іншага жывога стварэння, якае б гэтак жа часта служыла сімвалам, як кветка. І ў гісторыі мастацтва эвалюцыя выяўлення кветкі – адна з самых захапляльных і складаных тэмаў. Выстава ўпершыню збірае разнастайныя канцэпцыі сучаснай фларыстычнай фатаграфіі.

Вэра Мэрсэр фатаграфуе кветкі на нейтральным тле з 2005 года. Змяншаючы іх натуральную каляровасць праз лічбавае апрацоўванне дзеля кампазіцыйных мэтаў, фатографка атрымлівае фота, якія нагадваюць танаваныя чорна-белыя здымкі піктарыялістаў. Часам Мэрсэр абірае сваімі аб’ектамі асобныя кветкі – напрыклад, самотны амарыліс, які струнка выцягнуўся ўздоўж уласнай восі. Іншым разам творца дэманструе пары – прыкладам, дзве белыя ружы ў квецені, што нахіляюцца цераз край вазы ўсёй сваёй вагою.

На пачатку 1990-х Вільфрыд Баўэр стварыў чорна-белую серыю, адначасна і пяшчотную, і меланхалічную. У вясковай паўночнай Нямеччыне мастак адшукаў поле звялых і засмяглых сланечнікаў. Хоць іх чакала ўсяго толькі быць сабранымі ды перапрацаванымі на корм быдлу, праз фатаграфічную оптыку Баўэра кветкі паўсталі бездакорнай метафарай смерці.

Аскетычным кветкавым кампазіцыям Баўэра пярэчыць раскоша нацюрмортаў галандскай фотамастачкі Мархрыт Смюлдэрс. Здымаючы часта з экстрэмальных ракурсаў, каб стварыць ілюзорныя маляўнічыя прасторы, яна сваімі вобразамі спасылаецца на фламандскі ды галандскі барочны жывапіс. У 17-м стагоддзі Галандыя была найважнейшым гандляром кветкамі, шмат якія з іх былі каштоўнымі, і буржуазная заможнасць дзяржавы часта выяўлялася ў гэтак званых кветкавых нацюрмортах. Смюлдэрс дублюе бутоны і сцябліны, галінкі ды павойныя расліны праз адбіткі ў вадзе і шкляных паверхнях, што робіць выявы незабыўнымі.

Асабліва часта ружа (якую Смюлдэрс прэзентуе як імпазантную і загадкавую) выступае як увасабленне дуалізму кахання і смерці – напрыклад, як вечная повязь між двума каханкамі, што прасціраецца далёка за межы іхнага зямнога існавання. Гэтак сама мы можам успрымаць і ружы, што з’яўляюцца на фота Гергарда Каснэра з венецыянскіх могілак: яны выдаюць і меланхалічны, і халодны погляд на алегарычную сувязь кахання і пакутаў. І тое, што большасць кветак ёсць або маглі б аказацца штучнымі, акцэнтуе такі дуалізм.

Лілея – яшчэ адна кветка, што асацыюецца з смерцю, хоць у кульце Божай Маці яна таксама сімвалізуе чысціню і цнатлівасць. Вось лілея, яскрава асветленая: Элішка Бартэк эксперыментуе ў сваёй швейцарскай студыі з размаітым каляровым асвятленнем белых лілеяў, якія яна фатаграфуе затым з блізкай адлегласці. Вытанчанае выкарыстанне святла, уласцівае Бартэк, пераносіць нас у пачуццёвае валадарства лілеі ды яе магчымых значэнняў. Квяцістая вялікапышнасць кветак – не важна, ці дзікіх, ці выгадаваных, ці, як тут, прыдуманых, – змякчаецца тым фактам, што толькі мы, людзі, здатныя ўспрымаць колер у прыродзе.

Мы сутыкаемся з аб’яднаннем некалькіх матываў у творах Міхаэля Вэсэлі, чые радыкальныя выявы, што паўсталі ў выніку серыйнага фатаграфавання з часавым інтэрвалам (tima-lapse), робяць працэс кветкавага заняпаду відавочным. Успрыманне ягоных працаў патрабуе больш увагі, чым звычайна, каб расшыфраваць фрагменты ўсярэдзіне выяваў. Тут мы можам назіраць, як сцябліна цюльпана траціць гнуткасць падчас фотаэкспанавання працягласцю некалькі дзён; у самой ідэі часовасці можна адшукаць багата прыгажосці. З іншага боку, у працах Аміна эд-Дыба мы сутыкаемся з яшчэ адным аспектам заняпаду. Ягоная чорна-белая серыя дае поўнафарматную карціну набрынялых сцяблінаў зрэзаных кветак, ледзь прыкрытых глеістымі рэшткамі вады ў вазе. Гледзячы на захапляльна агідныя фота, нібыта напраўду ўдыхаеш гнілы водар паўжывых кветак – і пах смерці. Крохкасць і часовасць існавання маюць шмат выразаў твару, і тут яны курчаць грымасы.

Джэсіка Бакгаўс паказвае іншы аспект; яна кідае халодны, іранічны позірк на абясцэненае выкарыстанне кветак як упрыгожвання, і робіць гэта праз падваенне матыву. Вось у хатнім інтэр’еры – карціна з кветкамі на сінім тле і ў залатой раме, яна вісіць на сцяне з таксама квяцістымі шпалерамі. І ўсё гэта нарэшце ператворана мастачкай у фотавыяву. Бывае, што фатографы змяшчаюць сябе ў сітуацыі аўтапартрэта. Мірон Шмюкле, прыкладам, трымае на тле свайго аголенага цела самотную краску альбо галінку ў квецені. Пры гэтым выява ніжэй галавы і вышэй лабка абрэзаная, і так просты вобраз кветкі, сціснутай між пальцамі, набывае значэнне жэсту і сімвалічна-рэлігійнага, і пачуццёвага.

Як вядома, кветка – гэта біялагічны апыляльны элемент квітучых раслінаў; з батанічнага гледзішча квецень служыць найперш дзеля прываблівання апыляльнікаў і гэткім чынам гарантуе размнажэнне. Працягваючы думку, шматлікія прэзентаваныя тут фатаграфіі могуць успрымацца як даследаванне сексуальнасці.

Сабраны букет палявых ці лясных красак увасабляе падставовае разуменне прыроды. Гэта выразна дэманструе грэцкая фатографка Сафія Кукуліёці з яе расліннай серыяй «Палявыя кветкі». Калі мастачка шпацыруе ў грэцкіх ландшафтах, напрыклад, на востраве Лефкас, яна «збірае» прыродныя кветкі ды іншыя расліны фотакамерай, пазней ствараючы са мноства фота адзін вялікі букет. Тут няма экзатычных або садовых кветак, але ёсць зёлкі ў квецені; можна зрабіцца сведкам натуральна ўзніклай любові паміж кветкамі ды інсектамі. Кукуліёці схоплівае аб’екты сваіх твораў лёгка і закахана, яна далёкая ад кітчу і супрацьстаіць рэалізму, адмыслова размываючы фокус і пакідаючы абстракцыі.

Крыст’ян Ротман таксама пазбягае канкрэтнага апісання ўласных аб’ектаў, знарочыста робячы іх цьмянымі. Кветкі сфатаграфаваныя праз матавыя шкляныя пласціны або з некарэктна выстаўленаю глыбінёй наладаў камеры, і гэтак мастак ператварае аб’екты флоры ў казачныя здані.

Штэфан Эрфурт імкнецца ўхапіць містычную пачуццёвасць як існасць кветак. У сярэдзіне 1990-х ён здымаў «Паляроідам» для часопісу Merian, ствараючы буйныя планы і пераважна поўнафарматныя выявы красак у квітненні на малым паўднёванямецкім востраве Майнаў. Як і здымкі Ротмана, праз далікатныя колеравыя пераходы ўнікальныя паляроідныя фота Эрфурта глядзяцца амаль як карціны.

Часам нас менш кранае сімвалічны змест ці атмасфера твору, а мацней – вытворчы метад. Скажам, Ганс Гансэн, адзін з самых уплывовых нямецкіх майстраў у сферы прадметнай фотаздымкі апошніх дзесяцігоддзяў, выбраў кветкі сваёй тэмаю. У студыі Гансэна няма нічога выпадковага; ягоныя каляровыя фотаграмы кветак – напрыклад, самотнага макавага квета або клематыса – ствараюцца карпатліва і робяцца ўнікальнымі ў сваім кшталце. Фотаграмы – гэта фатаграфіі, зробленыя без камеры. Знятыя ў абсалютнай цемры, яны ўзнікаюць праз размяшчэнне аб’ектаў (тут кветак) наўпрост на фотаадчувальнай паперы ці стужцы, і на кароткі час экспануюцца святлу.

Бразільская мастачка Лузія Сімунс карыстаецца мадыфікаваным сканерам, каб дасягнуць нечуванай глыбіні ў серыі фларыстычных вобразаў пад назваю «Склад», якая ўвасобленая збольшага кампазіцыямі цюльпанаў. Што вылучаецца ў ейных «сканаграмах», ды гэта апалы раслінны пылок, злоўлены пласцінаю сканера, і матавае чорнае тло карцінаў, на якім кветкі лунаюць, нібыта скульптурныя формы, выглядаючы трохвымернымі.

Квітучыя расліны, зёлкі і дрэвы з’яўляюцца тут у самых размаітых кантэкстах: у сваёй асноўнай форме, як класічныя кампазіцыі, у студыі або нечапаныя ў прыродным асяродку. На піку квітнення або засушаныя, у цьмяным, абстрактным выглядзе ці «дыстыляваныя» – як выява выявы адсканаваных кветак або і проста шпалерны арнамент.

Хрысціянская іканаграфія рэдка грае нейкую ролю ў сучасным кветкавым фотанацюрморце, аднак жа сустракаюцца выпадковыя алюзіі з гісторыі мастацтва або алегарычныя адсылкі. Ад Усходу да Захаду кветка зазвычай успрымаецца як сімвал жыццёвай энергіі ды joie de vivre, радасці жыцця. Панятак узвышанага таксама раз-пораз далучаецца да гульні, хоць і не мае нічога супольнага з фізічнымі прапорцыямі прыроды, чыя д’ябальская энергія магла б прымусіць нас скалануцца ад жаху. Тут хутчэй высакародная моц гэтых фотатвораў, што прыварожвае нарцысізмам і датклівасцю, заняпадам і празмернасцю, далікатным хараством і марнасцю, экспазіцыяй працягласцю адну мілісекунду і некалькі дзён. Выстава вяртае нам тое, што мы забыліся бачыць і шанаваць: красу прыроды і яе захапляльную рэпрэзентацыю.

Аўтар Матыяс Гардэр

Пераклад з англійскай Аляксандры Макавік