НАСТАССЯ ДАНIЛОВIЧ, ДЗIНА ДАНIЛОВIЧ. Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня. 12.09-13.10

Куратары: Настасся Даніловіч, Дзіна Даніловіч .

Ідэя, мантаж слайд-фільму – Алеся Вікторчык, Настасся Даніловіч.

Фотаздымкі з калекцыі кабінету традыцыйных музычных культураў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Фільм «Радзілавіцкае вяселле» (сцэнар, фінансаванне відэаздымак і мантажу – Рэгіна Гамзовіч, аператар – Аляксей Глушко, фота – Альфрэд Мікус, відэамантаж – Дзяніс Касцюкевіч).

 

Выставаю «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» мы імкнемся паказаць твары тых людзей, аўдыязапісы галасоў або выканальніцкага майстэрства якіх складаюць скарбонку фонаархіву ў кабінеце традыцыйных музычных культураў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ).

Цэнтральнай тэмай выставы не выпадкова стала вяселле. У шмат якіх народаў свету традыцыйнае вяселле – самае яркае свята ў жыцці чалавека, якое мае найбольшы размах сярод урачыстасцяў і паводле працягласці правядзення, і паводле колькасці ўдзельнікаў. Разам з тым традыцыйнае вяселле – гэта шматкампанентнае сакральнае дзеянне, накіраванае на пераход галоўных яго персанажаў у новы сацыяльны статус (дзяўчыны – з бацькоўскага роду ў род мужа, хлопца – у статус сямейнага чалавека).

Беларускае вяселле як рытуал сваімі каранямі ўзыходзіць да старажытнаславянскіх часоў. Паступова яно стала спалучаць у сабе паганскія і хрысціянскія кампаненты і выкрышталізавала свой абрадавы мінімум, які ў кожнай мясцовасці можа мець адметныя варыянты.

Вясельная песня – галоўны кодавы гукавы кампанент рытуалу. Яна суправаджае і адлюстроўвае ўсе важныя падзеі вясельнай цырымоніі, маркіруе і рэгламентуе хаду вяселля як важнага этапнага свята ў жыцці чалавека. Вясельныя мелодыі, як і сам абрад, маюць рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці, сваю канкрэтную геаграфію, з’яўляюцца спецыфічным знакам «сваёй стараны».

Носьбітамі вясельнай песеннай традыцыі да апошняга часу былі дарослыя і сталыя вясковыя жанчыны. Сёння, калі традыцыйнае вяселле як песенна і абрадава рэгламентаванае дзеянне імкліва адыходзіць у нябыт, яны працягваюць захоўваць гэтае сакральнае веданне ў сваёй памяці.

Фатаграфіі выставы «Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня» паказваюць вяселле праз партрэты галоўных яго арганізатараў: жанчын – носьбітак песенна-абрадавай традыцыі. Партрэты мужчынаў – гэта выявы вясковых музыкаў. Яны былі на вяселлі адмысловымі фігурамі, бо адказвалі за танцавальную частку свята, якую ўсе госці асабліва любілі і чакалі.

Фатаграфіі зробленыя ў 1970–2010-я гады ў музычна-этнаграфічных экспедыцыях БДАМ. Фотакалекцыя налічвае больш за 1000 экспедыцыйных аматарскіх здымкаў, зробленых працаўнікамі і студэнтамі Акадэміі.

Выстава прапаноўвае таксама фільм «Радзілавіцкае вяселле», зняты ў 2017 г. сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства паводле сцэнара візуальнага антраполага, рэжысёркі і журналісткі Р. Гамзовіч (аператар – А. Глушко, фота – А. Мікус, відэамантаж – Д. Касцюкевіч).

Акрамя гэтага, фатаграфіі на выставе можна праглядзець у фармаце слайд-фільму, у якім кожны здымак агучаны «вясельным голасам» таго, хто на ім выяўлены, а ўвесь экспазіцыйны цыкл (партрэт+гук) абагульнена выбудаваны ў паслядоўнасці вясельнага рытуалу і маркіруе галоўныя яго этапы.

12.09 — 06.10
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ)

вул. Някрасава, 3 11:00-18:00 пн-пт
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх.

Тэлефон: +375 17 292-93-36

12.09
Адкрыццё выставы, 19:00

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ)

Экскурсія па выставе ад аўтара праекту, 19:00