СТЭНЛI ГРЫН. “Чорны Пашпарт”, 06.09–06.10

«Я мяркую, вы можаце займацца гэтым усяго восем гадоў. Толькі восем гадоў вы здолееце захоўваць пазітыўны настрой. Калі вы застаяцеся там даўжэй за восем гадоў, вы незваротна змяняецеся. Я бачу гэта ў сабе, я назіраю гэта ўва ўсіх маіх сябрах і калегах. Я маю на ўвазе – усе яны ахвяры посттраўматычнага разладу. Мы ўжо не прыгожыя матылькі. Мы робімся начнымі матылямі. Мы нібы матылі, што лятуць у агонь. Наркотыкі, алкаголь, вечарынкі і ўсё такое – абы захіліць гэта, захіліць».

Стэнлі Грын

«Чорны пашпарт» – біяграфія ваеннага фатографа Стэнлі Грына. Кніга прэзентуе ваенныя вобразы з працы Грына, пераплеценыя з прыватнымі выявамі. Глядач знаёміцца з сябрамі Стэнлі, ягонай жонкай (пазней былой жонкай), сяброўкамі ды калегамі. Як і сам Грын, сузіральнік перажывае кіданне туды-сюды між бяспечным заходнім жыццём і вусцішам вайны ў нашым свеце. Як уплывае на характар такое сутыкненне з жахам? Як гэта адбіваецца на прыватных дачыненнях, каханых і сябрах асобы?

***

Стэнлі Грын, адзін з нешматлікіх афраамерыканскіх фатографаў, якія працавалі на міжнародным узроўні, вядомы гранічна шчырымі ды брутальнымі здымкамі войнаў, сярод якіх канфлікты ў Чачэніі, Грузіі, Афганістане ды Іраку, і часам выданні прызнавалі ягоныя фота надта бязлітаснымі. Ён пачынаў кар’еру як фатограф у галіне музыкі і моды, а пазней зрабіўся адным з самых уплывовых рэпарцёраў, што здымаюць міжнародныя канфлікты, заснаваўшы фотаагенцтва Noor Images. «Хочацца ўтульна ўсесціся з газетаю і чарнічным кексам і не хочацца бачыць фатаграфіяў, якія сапсуюць вам ранак, – казаў Стэнлі Грын у інтэрв’ю 2010 года для фотарубрыкі «Лінза» (Lens) у «Нью-Ёрк Таймз». – Такая ў журналіста праца – псаваць ваш ранак».

Адданасць спадара Грына непрыхарошанай праўдзе паспрыяла і таму, што ён шчыра выказваўся наконт этычных праблемаў, якія паўстаюць у фотажурналістыцы. Часам ён выглядаў як прарок з Старога Запавету, што прагне прамаўляць няёмкія ісціны, не зважаючы на наступствы. Ён паўставаў супраць выкарыстання фоташопу для змянення выяваў у навінах – такая практыка, сцвярджаў ён, ператварыла фота ў «мульцікі». І ён пагарджаў фатографамі, якія інсцэнізавалі здымкі, намагаючыся аднавіць страчаны момант пасля таго, як спазніліся на месца падзеяў.

«Грамадства страціла веру ў медыі, – казаў ён «Лінзе» ў 2015-м. – Мы мусім быць амбасадарамі праўды, мы мусім датрымлівацца вышэйшых стандартаў, бо публіка больш не давярае медыям. Нас успрымаюць як гандляроў пакутамі, і таму мы маем благую рэпутацыю».

Стэнлі Грын нарадзіўся ў Брукліне ў дзень святога Валянціна ў 1949 годзе і гадаваўся ў Нью-Рашэле, штат Нью-Ёрк. Ягоны бацька, таксама Стэнлі, быў акторам, прадзюсарам, кінавытворцам і рэжысёрам, а маці, Джаваці Сатан Грын, была акторкаю. Бацька, актывіст афраамерыканскага руху, у 1950-я гады трапіў у чорныя спісы як камуніст і праз гэта атрымліваў у кіно выключна кароткія эпізадычныя ролі. Нягледзячы на тое, ён спадзяваўся, што сын зробіцца акторам.

Дзяцінства Грына было «і прывілеяванае, і адначасна траўматычнае», згадвае ягоны даўні сябар Джулз Элен. «Там была і ненатольная адзінота, але яму пашанцавала, бо ён змог прынамсі часткова даваць рады свайму болю праз фатаграфаванне».

У падлеткавым веку ён далучыўся да «Чорных пантэраў» і актыўна ўдзельнічаў у антываенным руху. Ягоныя мары зрабіцца мастаком саступілі месца фатаграфіі, і на гэтым шляху яго натхняў знакаміты фотажурналіст Ўільям Юджын Сміт.

У 1970-я Элен і Грын разам працавалі ў лабараторыі ды студыі ў Сан-Францыска, у той час Грын вывучаў фотасправу ў Мастацкім інстытуце Сан-Францыска і фатаграфаваў мясцовую музычную сцэну. Сярод ягоных ранніх працаў быў «Заходні фронт», хроніка гарадской панкаўскай сцэны ў 1970-я і 1980-я.

Спадар Грын некалі імкнуўся зрабіцца мастаком, як Анры Матыс, або музыкам, як Джымі Гэндрыкс, але як толькі узяў упершыню ў рукі камеру, усвядоміў, што гэта ягоны сапраўдны інструмент, – згадваў ён у інтэрв’ю Майклу Кэмбэру ў 2010 годзе для «Лінзы». Кэмбэр, сам былы фатограф і аўтар «Фотажурналісты на вайне: Нераспаведзеныя гісторыі з Іраку», аднойчы параўнаў Стэнлі Грына з джазавым музыкам. «Стэнлі выказвае, што на сэрцы: свае эмоцыі ды пачуцці. Ягоныя фота вельмі экспрэсіўныя, нібыта плынь свядомасці. Стэнлі жыў на пярэднім краі, увесь навонкі, заўжды. Ён нічога не прыхоўваў на будучыню».

Грын быў настолькі ж яркай асобай, як і некаторыя падзеі, што ён здымаў. «Стэнлі быў панк-рокерам за стырном «Мустанга», – апавядае Джулз Элен. – Ён насіў чорную скураную матацыклетную куртку, чорны барэт, два шалікі, тры гадзіннікі ды чатыры бранзалеты, а таксама дзве вялікія камеры і патранташ з фотастужкай праз грудзі».

Спадар Грын працаваў як фатограф у моднай індустрыі ў 1980-я гады і перабраўся ў Парыж, дзе пазней далучыўся да фотаагенцва Vu. Ён няспынна вандраваў, шмат працуючы ў Афрыцы і былым Савецкім Саюзе. Грын быў адзіным заходнім фатографам у расейскім Белым доме падчас спробы ваеннага перавароту супраць прэзідэнта Барыса Ельцына. Заспеты ў будынку, сярод гарматнага агню і страляніны, Грын працягваў здымаць ва ўсім Белым доме, зрабіўшы сярод іншага два здымкі, якія атрымалі прэмію World Press Photo.

«Думка, што я магу памерці, надавала мне адвагі, – тлумачыў ён «Лінзе» ў 2010 годзе. – Адвага ёсць кантролем над страхам. Мяркую, той інцыдэнт загартаваў мяне. Я не герой, аднак зрабіўся ім, бо як толькі я бяруся асвятляць падзею, я мушу давесці справу да канца».

Сустрэча ў 1992 годзе ў Маскве з Кадырам ван Лёгёйзэнам, адным з чальцоў Vu, стала пачаткам блізкага сяброўства, якое працягнецца і ў Noor. «Ён заўсёды быў маім старэйшым братам, – згадваў ван Лёгёйзэн у адным інтэрв’ю. – Стэнлі – мой старэйшы брат, а Noor – ягоная сям’я».

Агенцтва нарадзілася з гутаркі гэтых дваіх, якія часта працавалі разам.

«Мы са Стэнлі хацелі захаваць незалежнасць у пераходны перыяд ад аналагавага да лічбавага фота і ад малых агенцтваў да некалькіх буйных, – кажа Лёгёйзэн. – Мы верылі, што візуальны наратыў зрабіўся важнейшым, чым калі-небудзь раней, і што мы мусім узяць гэты карабель на абардаж і скіраваць стырно ў сваім кірунку».

У «Чорным пашпарце» Стэнлі Грын шчыра распавядаў, як ён пачуваўся, асвятляючы гвалт або катастрофы ў Руандзе, Чачэніі, на Гаіці або ў Новым Арлеане. Гэтак сама шчыра ён казаў і пра сваё прыватнае жыццё, разам з ягонымі шлюбамі ды шматлікімі любоўнымі раманамі. Ніна Бэрман, Грынава каляжанка з агенцтва Noor, апісала яго як «безнадзейнага рамантыка, які вечна траціць галаву ад кахання і якога раняць і крыўдзяць».

Ён быў «спагадлівым і шчодрым апекуном» і настаўнікам для маладых фатографаў, дадала Бэрман, і адным «з нешматлікіх» чорных амерыканскіх фатографаў, што працавалі на міжнародным узроўні.

Не дзіва – з увагі на эмацыйныя і асабістыя страты праз ягонае стаўленне да жыцця і да працы, не кажучы пра фізічную небяспеку, – што ён адгаворваў іншых ад выбару такога шляху.

«Хоць мяне і атакуюць маладыя фатографы з пытаннямі, як ім зрабіцца фотарэпарцёрамі ў зонах канфлікту, я адказваю: «Абірайце нармальнае жыццё», – пісаў ён у «Чорным пашпарце». – Калі ж яны настойваюць, я расказваю пра наступствы. Я кажу, што ў гэтым няма хараства і славы».

Ягонае здароўе і пагаршалася. Але Грын працягваў працаваць, вярнуўшыся з падарожжа па паўночнай Расеі, дзе ён і Марыя Турчанкова распачалі супольны праект, прысвечаны 100-годдзю расейскай рэвалюцыі.

Пры канцы «Чорнага пашпарта» Стэнлі Грын разважае аб цэнтральнай ролі апавядальніцтва ў чалавечым досведзе. Войны вядуцца, бо людзі маюць рознае гледзішча на адну і тую ж гісторыю.

Стэнлі Грын ушанаваны шматлікімі ўзнагародамі, між якіх грант Фонду Юджына Сміта ў 2004 годзе, прэмія «За дасягненні ў прафесійнай дзейнасці» фестывалю фотажурналістыкі Visa pour l’Image у 2016-м і пяць перамог у конкурсе World Press Photo. Сярод ягоных кніг – «Чорны пашпарт» і «Адкрытая рана: Чачэнія 1994–2003». Эн Такер, былая куратарка аддзелу фатаграфіі ў Музеі выяўленчага мастацтва ў Г’юстане, паказала дзейнасць спадара Грына на ўсёахопнай выставе і ў кнізе «Вайна / Фатаграфія».

«Неабходна прызнаць ягоную пільнасць, здатнасць ухапіць праблему ды змясціць яе ў сюжэтныя рамкі – зразумець гісторыю і распавесці яе візуальнымі сродкамі, а таксама ягоныя адвагу і ўпартасць, – кажа Эн Такер. – Ён быў адным з тых рэпарцёраў, што ішлі насустрач кулям, бо менавіта там адбываліся падзеі».

***

«Фатаграфія – гэта мая мова, і яна дае мне ўладу распавесці тое, што інакш не было б прамоўлена, – піша Грын. – Юджын Сміт сказаў мне, што зрок – падарунак, і што ты мусіш за яго адплаціць. Гэтая ідэя мяне пераследуе. Зусім не страляніна змушае мяне ехаць некуды. І ніколі не змушала. Урэшце, справа не ў смерці, а ў жыцці. Галоўнае – паспрабаваць зразумець, чаму людзі паводзяць сябе гэтак, як яны сябе паводзяць. Пытанне – у тым, як такое здараецца. І часам адзіны спосаб дазнацца – ехаць у мясціны, дзе ўсё адбываецца. Вось, учора суседзі гутарылі адно з адным праз плот, а заўтра яны страляюць адно ў аднаго. Чаму мы не ўважаем жыццё каштоўнасцю, а наадварот – бесклапотна прапускаем яго скрозь пальцы?»

Пераклад з англійскай Аляксандры Макавік

06.09 — 06.10
Галерэя «Ў»

Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх.

Тэлефон: +375 29 366 75 16

06.09
Адкрыццё выставы, 19:00

Галерэя «Ў»