ТАМА САВЭН. “Пакуль смерць не разлучыць нас”, 06.09 — 06.10

У Кітаі складана ўявіць сабе вяселле без цыгарэтаў: паляць госці, маладыя, дзеці і старыя. Нявеста, згодна з мясцовым звычаем, мусіць прапанаваць закурыць кожнаму госцю мужчынскага полу, незалежна ад узросту, а затым, ужо разам з жаніхом, узяць удзел у разнастайных дзіўных “тытунёвых” гульнях.

На ролі цыгарэтаў падчас шлюбнай цырымоніі ў Паднябеснай сфакусаваў увагу аўтар праекту і фотакнігі “Пакуль смерць не разлучыць нас” Тама Савэн. З 2003-га да 2015-га гэты французскі фотакалекцыянер, рэдактар і выдавец жыў у Пекіне, збіраючы выкінутыя аматарскія здымкі 1995–2000-х – перыяду з’яўлення і росквіту ў краіне лічбавай фатаграфіі. Стужкі Тама ратаваў са складу Сяў Ма – вядомага паляўнічага за нітратам срэбра ў рэгіёне. Рэнтгенаўскія здымкі, негатывы, якімі карыстаюцца для друку кніг і каталогаў, а таксама звычайныя выкінутыя на сметнік фотаплёнкі Сяў замочваў у адмысловай ванне, напоўненай кіслатой, і праз колькі дзён здымаў з паверхні выдзелены ў вадзе чорны парашок. У такім выглядзе нітрат набывалі лабараторыі, дзе гэты элемент патрэбны для хімічных рэакцыяў.

Фотакніга “Пакуль смерць не разлучыць нас” была апублікаваная ў кітайскім выдавецтве Jianzazhi, якое прапанавала прадаваць яе ў пачку папулярных мясцовых цыгарэтаў “Падвойнае шчасце”, тым самым падкрэсліваючы іронію блізкасці кахання і смерці. Гэтая гісторыя – частка вялікага праекту Савэна “Срэбная жыла Пекіну”, які ўлучае паўмільёна негатываў, уратаваных французскім даследнікам з кіслотных ваннаў і сметнішчаў. Паводле кадраў безыменных стужак Томас назіраў, як за паўстагоддзя ў Кітаі вырас узровень жыцця, людзі сталі больш падарожнічаць, спажываць і весяліцца.

З 2006 года, працуючы кансультантам брытанскага Архіву сучаснага канфлікту, Тама Савэн зарганізаваў выставы архіўнай фатаграфіі ў Кітаі, Францыі, ЗША, Аўстрыі, Сінгапуры і Вялікай Брытаніі. У Беларусі праект дэманструецца ўпершыню.

06.09 — 06.10
Галерэя «Ў»

Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх.

Тэлефон: +375 29 366 75 16

06.09
Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»