Чжан Кэ Чунь. “Жоўтая рака”, 06.09 — 06.10

 

Кітайскі фатограф Чжан Кэ Чунь тры гады падарожнічаў па Хуанхэ на складным ровары з камераю Linhof і штатывам. Ідэя зафіксаваць жыццё ў сямі правінцыях, якія перасякае легендарная рака, нарадзілася ў аўтара яшчэ ў 2010-м, пасля знаёмства з аповедам “Рэкі поўначы” Чжан Чэн Чжы. Сюжэт твору разгортваецца ў пачатку 1980-х: галоўны герой, не жадаючы падпарадкоўвацца плыні манатоннага жыцця, вырашае стаць геолагам. Каб падрыхтавацца да іспыту ў магістратуру, ён выпраўляецца ў падарожжа па пяці рэках паўночнага Кітаю, сярод якіх, вядома, і Хуанхэ, або Жоўтая рака. Палкасць героя натхніла Кэ Чуня, у той момант завязлага на ростанях паміж толькі што пакінутай кар’ераю дызайнера інтэр’ераў і камерцыйнай фатаграфіяй, і ён наважыўся пачаць персанальны праект – “Жоўтую раку”.

На здымку, экспанаваным на Месяцы фатаграфіі ў Мінску, – удзельнікі традыцыйнага штогадовага заплыву цераз Хуанхэ ў правінцыі Хэнь-Ань, знакавай падзеі для кітайцаў, якая сімвалізуе сілу духу і цела. Чжан Кэ Чунь апавядае, што фота яму ўдалося зрабіць не адразу: падчас першага наведвання спартовага свята ён не змог прабіцца праз 10-тысячны натоўп гледачоў і знайсці ўдалы ракурс і месца для здымкі.

Чжан Кэ Чунь – уладальнік National Geographic Picks Global Prize, намінант Three Shadow Photo Award, Sony World Photography Awards, Prix HSBC Pour la Photographie. Праект пра падарожжа ўздоўж Хуанхэ (таксама апублікаваны ў выглядзе фотакнігі) прынес яму сусветную вядомасць, прэмію Discovery Award 2014 французскага фестывалю Les Rencontres d’Arles і прыз € 25 000, а таксама выхад у фінал Magnum Photography Awards 2017.

06.09 — 06.10
“Ў” Gallery

12:00 – 20:00, daily

06.09
Opening

“Ў” Gallery, 19:00