ЭДЎАРД КЭРТЫС. “Бачнае і схаванае”, 06.09–06.10

Эдўард Шэрыф Кэртыс / Edward Sheriff Curtis (18681952)

Эдвард Кэртыс – значная і супярэчлівая фігура ў гісторыі фатаграфіі ЗША, аўтар манументальнага летапісу пра карэнных жыхароў Амерыкі, шматтамовага выдання «Паўночнаамерыканскія індзейцы» («The North American Indian»).

Кэртыс захапіўся фатаграфіяй у дзяцінстве і ў 1885-м стаў працаваць памочнікам фатографа ў штаце Мінэсота. Пазней ён пераехаў у Сіетл, дзе разам з Томасам Гаптылам заснаваў партрэтную фотастудыю. У 1895-м Кэртыс сфатаграфаваў Кікісамло (каля 1800–1896), дачку Правадыра Сіетлу, больш вядомую пад мянушкай Прынцэса Анджэлін. Кэртыс пазней згадваў: «Я плаціў прынцэсе долар за кожны здымак. Падавалася, ёй вельмі падабаўся працэс: прынамсі, яна яўна аддавала перавагу пазаванню перад збіраннем малюскаў».

У 1898-м, фатаграфуючы гару Райнір, Кэртыс сустрэў групу даследнікаў, адным з якіх быў вядомы натураліст і індзеаніст Джордж Бэрд Грынэл. Грынэл зацікавіўся здымкамі Кэртыса і запрасіў яго далучыцца да экспедыцыі, каб фатаграфаваць племя Пікані ў Мантане ў 1900 годзе.

У 1906 фінансіст Джон Пірпант Морган прапанаваў Кэртысу 75 000 долараў за серыю партрэтаў паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Планавалася падрыхтаваць 20-тамовае выданне, якое будзе ўтрымліваць блізу 1500 фатаграфіяў. У якасці пакрыцця выдаткаў Морган мусіў атрымаць 25 камплектаў і 500 арыгінальных здымкаў. Усяго надрукавалі 222 камплекты. Мэта Кэртыса, як ён пісаў у прадмове да 1-га тому, палягала не толькі ў тым, каб зрабіць фатаграфіі, але каб як мага паўней задакументаваць паўсядзённае жыццё амерыканскіх індзейцаў, пакуль яно не знікла.

Лавец ценяў, як празвалі Кэртыса ягоныя мадэлі, зрабіў звыш 40 000 здымкаў у больш як 80 плямёнах. Акрамя фатаграфіяў Кэртыс запісаў узоры індзейскага маўлення і музыкі на тысячах васковых цыліндраў, збіраў мясцовыя легенды і паданні, апісваў традыцыйную ежу індзейцаў, іхнае жытло, адзежу, баўленне вольнага часу і пахавальныя абрады. Ён таксама склаў біяграфічныя нарысы правадыроў плямёнаў, шмат у якіх выпадках ягоныя запісы – адзіныя дакументальныя сведчанні існавання таго ці іншага племені. Кэртыс разумеў, што часу ў яго няшмат. «Інфармацыю, якую я мушу сабраць, трэба збіраць хутка, інакш магчымасць будзе страчаная», – пісаў ён у прадмове да першага тому «Паўночнаамерыканскіх індзейцаў», надрукаванага ў 1907 годзе.

Большую частку выяваў набыла Бібліятэка Кангрэсу ЗША, астатнія – застаюцца ў прыватных калекцыях. Праца, праробленая фатографам, несумненна, каштоўная, аднак метады, якімі Кэртыс здабываў здымкі, часта выклікаюць сумневы. Ён ладзіў пастановачныя сцэны ў студыі, выкарыстоўваючы традыцыйнае адзенне і ўпрыгажэнні, у якія ўбіраў індзейцаў, а таксама рэдагаваў фатаграфіі, выдаляючы з кадраў атрыбуты сучаснасці. У здымках ён не адлюстроўваў праблемаў, з якімі сутыкаліся індзейцы ў той перыяд: іх практычна цалкам перасялілі ў рэзервацыі, міжпляменнае супрацьстаянне закончылася, а правоў і свабодаў карэнныя народы практычна не мелі. Праз хваробы, непрыстасаванасць і ўзброеныя сутыкненні большасць плямёнаў амаль знікла, а тыя, хто застаўся, не маглі пахваліцца шчаслівым жыццём. Працы ж Кэртыса фармавалі непраўдзівую канцэпцыю пра індзейцаў, чыя культура была асуджаная на знікненне.

«Кэртыс цалкам увасобіў уяўленне грамадства пра амерыканскіх індзейцаў як пра статычную, нязменную з’яву, – гаворыць Алекзандра Гэрыс, рэдактарка ў Нацыянальным музеі амерыканскіх індзейцаў у Вашынгтоне, акруга Калумбія. – Ягоныя фатаграфіі – гэта выяўленне рэальнасці, якую жадалі бачыць іншыя, але якая не адпавядала рэчаіснасці».

06.09 — 06.10
Галерэя «Ў»

Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх.

Тэлефон: +375 29 366 75 16

06.09
Адкрыццё выставы, 19:00

Галерэя «Ў»