VEHA. “ДЗЯВОЧЫ ВЕЧАР”, 06.09–06.10

Сістэма абраду ўтрымлівае ўстойлівыя слоўныя, дзейныя і прадметныя коды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, а ў выпадку з абрадамі, звязанымі з вянком, – па жаночай лініі. Разуменне сімвалічнага прызначэння абрадавага вянку будуецца на яго форме – крузе. Круг – увасабленне Вялікага касмічнага шляху, куды паслядоўна ўпляталіся нябесныя сузор’і, а галава дзяўчыны разумелася як Сонца, вакол якога і кружыў гэты карагод. Кожнае кола Сонца – шлях новага жыцця, новае пакаленне, працяг роду.

Характэрным для беларусаў таксама было спалучэнне хрысціянскіх і паганскіх традыцыяў, дзе форма кругу сімвалізавала абярэг ад нячыстых сілаў, хваробаў, бяздзетнасці. Праз вянок працягвалі хворых дзяцей, умывалі дачку, каб удала выйшла замуж, яго надзявалі на галаву нежанатым маладым людзям. У доме вянок служыў абярэгам ад нячыстай сілы і няшчасцяў: напрыклад, лічылася, што ў дом, які ахоўвае вянок, ніколі не трапіць маланка. Сімволіка кругу таксама замацавалася ў любоўнай магіі і шматлікіх спосабах гадання.

У Беларусі дзяўчаткам надзявалі вянок з 10 гадоў. Незамужняя дзяўчына ў вянку стымулявала «кружэнне» вакол сябе вясковых хлапцоў. Само дзеянне – пляценне вянку – сімвалізуе гарманічнае аб’яднанне адмыслова прыгатаваных раслінаў і прадметаў у адно цэлае.

Вясельны абрадавы вянок ствараўся ў «дзявочы вечар» – вечар перад вяселлем – дзяўчатамі, якія разам пелі абрадавыя песні і рабілі ўпрыгожанні. Паводле традыцыі яго рабілі са штучных кветак, асцерагаючыся, што калі краскі завянуць, загіне і каханне. Акрамя кветак вянок упрыгожвалі рознакаляровымі, пераважна чырвонымі, стужкамі. Вянок сімвалізаваў цнатлівасць, таму яго не маглі надзяваць дзяўчаты, якія выходзілі замуж другі раз, або тыя, хто згубіў цнатлівасць да вяселля. У народзе казалі: «згубіла (або страціла) свой вянок».

Вянок з галавы нявесты здымалі перад шлюбнай ноччу. І часцей за ўсё гэта рабіла свякроў. Робячы дзеянне, яна «здымала» і волю нявесты, то бок дзяўчына пераходзіла ў новы, замужні, статус – а месца вянку займаў іншы сімвал – хустка.

Трансляваныя павер’і абрадавага вянку будуюцца на камунікацыі між жанчынамі ды звязаныя з шэрагам важных з’яваў і паняткаў любога жыццёвага цыклу: каханне, расстанне, бясплоднасць, хваробы дзяцей. Сімвалы, якія азначаюць урадлівасць і дабрабыт, асабліва актыўна выкарыстоўваліся пры складанні вянку ў ваенныя гады. Яго невялікія фрагменты служылі абярэгам, які маці зашывала сыну ў амулет, калі прыходзіў час ісці ў войска.

06.09 — 06.10
Галерэя «Ў»

Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна з двара)
12:00 – 20:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх.

Тэлефон: +375 29 366 75 16

06.09
Адкрыццё выставы, 19:00

Галерэя «Ў»