Май’68 фатаграфіі архіву FRANCE-SOIR 1968 (10.09 — 02.10)

Май’68

фатаграфіі архіву FRANCE-SOIR

1968

Пры падтрыманні сеткі крам КРАВТ і амбасады Францыі ў Беларусі.

Падзеі 1968 года змянілі свет: яны задалі іншую мову, намецілі сучасныя палітычныя стратэгіі, сфармавалі новую расстаноўку сілаў, далі голас моладзі і акрэслілі яе вызначальную ролю ў сучасным свеце, артыкулявалі фемінісцкі парадак дня. Падзеі 1968 года – гэта адзін з пунктаў адліку нашай сучаснасці. Эпіцэнтрам новага культурнага і інтэлектуальнага парадку стала Францыя ў маі 1968 года.

На здымках, зробленых фатографамі агенцтва FRANCE-SOIR, задакументаваныя майскія падзеі ў Парыжы – ад знакамітай «ночы барыкадаў» да публічных лекцыяў. У 1968 годзе парыжскія студэнты захапілі ўніверсітэт Нантэр, а затым і Сарбону. Студэнты пераўтварылі акупаваныя пляцоўкі ў месцы фармавання неафіцыйнай культуры, інтэлектуальнай і палітычнай думкі. Яны адчынілі дзверы свабодным інтэлектуалам: тут праходзілі лекцыі Жан-Поля Сартра, абмеркаванні, у якіх бралі ўдзел будучыя вядомыя рэжысёры «новай хвалі», мастакі. Менавіта тут фармаваўся новы вобраз жыцця і мыслення. Успамінаючы май 1968 года, Жыль Дэлёз апісвае яго як падзею, якая «спараджае новы лад жыцця, яна выпрацоўвае новую суб’ектыўнасць (новае стаўленне да цела, часу, сексуальнасці, асяродку, культуры, працы)».

У дадатак да фотарэпартажу майскіх падзеяў на выставе рэпрэзентаваныя візуальныя матэрыялы і лозунгі, створаныя ў тыя дні. Лозунгі Мая’68, сярод якіх самыя вядомыя – «Забараняць забараняецца!», «Будзьце рэалістамі – патрабуйце немагчымага!», «Пад брукаванкай – пляж», «Пралетары ўсіх краінаў – забаўляйцеся!», даюць ключ да нашых сённяшніх структураў мыслення і сацыяльна-палітычнага ўяўлення.

 

#сацыяльная харэаграфія 

#зазоры_гісторыі

FRANCE-SOIR – штодзённая газета, якая выдаецца ў Францыі з 1944 года. У маі-чэрвені 1968 года фатографы FRANCE-SOIR выходзілі на вуліцы Парыжу, каб задакументаваць тое, што адбываецца. Фатаграфіі FRANCE-SOIR уяўляюць цікавасць, бо газета мела вялікі ахоп: наклад – больш за 1 000 000 асобнікаў, – і фармавала грамадскую думку. Гэтыя здымкі адлюстроўваюць погляды фатографаў, якія сутыкнуліся са шматграннымі, беспрэцэдэнтнымі, а часам і відовішчнымі падзеямі.

 

10.09 — 02.10
Галерэя «Ў»
Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19
12:00 – 21:00, штодня

10.09
Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»

Білеты на выставу:

Дарослыя – 5 byn

Студэнты – 3 byn

Па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны уваход

http://ygallery.by/news/0012226/