Маша Святагор. Танчаць усе! (10.09 — 02.10)

 

Маша Святагор

Танчаць усе!

2018 – цяперашні час

 

Серыя працаў «Танчаць усе!» уяўляе з сябе калажы, якія разгортваюцца вакол рэфлексіі аб СССР і «савецкім». Матэрыялам для працаў Машы паслужылі савецкія часопісы, то бок візуальны матэрыял, з дапамогаю якога савецкая ўлада рэпрэзентавала сябе, выбудоўвала «парадны» вобраз. Цікава, што мастачка стварае калажы ўручную, свядома адмаўляючыся ад лічбавых тэхналогіяў, што выклікае асацыяцыі з метафараю аб тканіне гісторыі. Маша ў літаральным сэнсе разразае тканіну гісторыі: разбірае афіцыйныя вобразы рэпрэзентацыяў і збірае іх у сюррэалістычныя, арнаментальныя карціны.

Вырываючы асобныя вобразы і сюжэты з кантэксту, мастачка вымае іх з афіцыйнай логікі рэпрэзентацыі. Маша Святагор выяўляе разрывы, шматслаёвасць і супярэчлівасць савецкай эпохі. Яна не толькі дэканструюе вобразы, якія тыражаваліся ў афіцыйных савецкіх медыях, але і збірае іх наноў. З фрагментаў, аскепкаў складае аповед пра савецкі перыяд. І ён аказваецца больш поўным, шматмерным і глыбокім, чым любы гладкі, вывераны, плаўны гістарычны наратыў. Менавіта таму, што дзякуючы калажнай тэхніцы Машы ўдаецца схапіць шматслаёвасць і неадназначнасць эпохі, яна звяртае ўвагу на супярэчнасці і гэтым супярэчнасцям знаходзіць месца.

Гледзячы на ейныя працы, мы бачым савецкі перыяд, у якім пазнаем сябе, але які не складаецца для нас у адзіную карціну.

Маша Святагор рэпрэзентуе сабою цэлае пакаленне людзей, якія нарадзіліся і выраслі па-за савецкаю сістэмаю, але якія кожны дзень сутыкаюцца з вобразамі і артэфактамі савецкай спадчыны: у выглядзе назваў вуліцаў, савецкіх помнікаў на цэнтральных плошчах, спальных раёнаў, у кінематографе і г. д. Гэткія артэфакты, атачаючы і ўрываючыся ў паўсядзённае жыццё, страцілі для Машы і ейнага пакалення свой першапачатковы сэнс. Дзякуючы гэтаму ўсе савецкія вобразы пазбаўленыя сваёй іерархіі і размяшчаюцца не вертыкальна, а гарызантальна. Для Машы Ленін – гэта не святарны сімвал, а адзін з мноства савецкіх вобразаў, нароўні з балетам, салдатамі, якія ідуць маршам, піянерамі, героямі масавай культуры. Менавіта адсутнасць «звыклай» іерархіі дазваляе мастачцы здзейсніць працэдуру дэканструкцыі. Назва серыі «Танчаць усе!» адсылае не толькі да знакамітай фразы з к/ф «Іван Васільевіч мяняе прафесію», але і сведчыць аб радыкальнай пазіцыі эгалітарызму: кожны вобраз можа стаць часткаю арнаменту, заняць месца побач з любым іншым.

 

#сацыяльная_харэаграфія

#рэ/дэканструкцыя

Маша Святагор – беларуская мастачка, якая працуе з фатаграфічным медыумам. Ейныя работы бралі ўдзел у выставах у Нямеччыне, Польшчы, Латвіі, Арменіі, Грузіі, Кітаі і г. д. Узяла прыз як найлепшы фатограф года MFM Bureau award 2017.

10.09 — 02.10
Галерэя «Ў»
Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19
12:00 – 21:00, штодня

10.09
Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»


Білеты на выставу:

Дарослыя – 5 byn

Студэнты – 3 byn

Па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны уваход

http://ygallery.by/news/0012226/