Месяц фатаграфіі – 2019. Гісторыя

«Гістарычна артыкуляваць мінулае не значыць спазнаць яго такім, «якое яно было насамрэч». Задача палягае на тым, каб завалодаць успамінам такім, якім ён выблісквае ў момант небяспекі». Гэтыя словы Вальтэра Бэньяміна з незакончанага артыкулу «Аб канцэпцыі гісторыі» рэфрэнам праходзяць праз увесь Месяц фатаграфіі – 2019, прысвечаны тэме «Гісторыя».

Гісторыя не ўяўляецца закончаным, цэльным апавяданнем. Аперуючы фактамі, імёнамі і падзеямі мінулага, гісторыя інтэрпрэтуе і складае іх, зыходзячы з нашай сучаснасці. У гэтым сэнсе мінулае робіцца полем бітвы, дзе розныя канкурэнтныя і дамінантныя наратывы дыскрэдытуюць і асабістую памяць, і саму акадэмічную навуку.

Адмаўляючыся ад інтэрпрэтацыі гісторыі як пазаідэалагічнага, аб’ектыўнага феномену, мы задаліся пытаннямі: якім чынам канструююцца і дэканструююцца гістарычныя наратывы? Як адбываецца працэдура ўключэння-выключэння з гісторыі? Што мастак і фатограф можа прыўнесці ў разуменне гісторыі?

У пошуках адказаў на гэтыя пытанні мы вылучылі тры кіроўныя лініі, якія пераўтварылі ў тры гэштэгі:

#сацыяльная_харэаграфія. Тэрмін «сацыяльная харэаграфія» быў уведзены амерыканскім даследнікам Эндру Г’юітам. Ён паказвае, што нашае цела, як і дыскурс, фармуецца праз сацыяльны, эканамічны, палітычны, урбаністычны кантэксты. Вывучаючы гістарычныя падзеі скрозь прызму сацыяльнай харэаграфіі, мы бачым, як ствараецца, зацвярджаецца і замацоўваецца сацыяльны парадак або якім чынам арганізоўваецца супраціў не праз слова, а праз жэст і цялесныя праявы. Іншымі словамі, цела заўсёды застаецца на перадавой гісторыі.

#рэ/дэканструкцыя_гісторыі. Ідэя аб фатаграфіі як бесстароннім, аб’ектыўным поглядзе была раскрытыкаваная яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Падкрэсліваючы супярэчнасці паміж, з аднаго боку, «эфектам рэальнасці», які стварае здымак, з іншага – заангажаванай пазіцыі таго, хто здымае, фатографы і мастакі паказваюць сшытае і разарванае ў гістарычных наратывах. Выкарыстоўваючы калажную тэхніку, падкрэслена пастановачную фатаграфію, вырываючы яе з кантэксту і ўстаўляючы ў новы кантэкст, яны праблематызуюць панятак гісторыі.

#зазоры_гісторыі. Тканіна гісторыі не тчэцца адзіным палатном, дзе адна падзея плаўна выцякае з іншай. Гісторыя як дыскурсіўная практыка звязаная з працэдурамі рацыяналізацыі і выключэння. Падзеі, якія выпадаюць з наратыву, або тыя, якія ўяўляюць з сябе разрывы, нестыкоўкі ў добра напісаным аповедзе, сталі галоўным зацікаўленнем гэтай лініі даследавання.

Усе тры лініі выставы наводзяць на думку пра тое, што мінулае мае патрэбу ў пастаянным перазбіранні – не для аднаўлення гістарычнай справядлівасці, а як спосаб вызвалення нашай сучаснасці.

Прастора выставы суадносіцца з тапаграфіяй Мінску. Глядач, прайшоўшы праз станцыю метро «Плошча Леніна / Плошча Незалежнасці», згодна з навігацыяй, трапляе на адзін з галоўных пляцаў гораду. Абрысы плошчы ствараюцца не толькі пры дапамозе адкрытай прасторы, але і з дапамогаю канструкцыі, якая схематычна нагадвае Дом ураду ў Мінску.

Метафара плошчы тут выбраная невыпадкова. З аднаго боку, яна адсылае да старажытнагрэцкай агары – месца публічных дыскусіяў, фармавання палітычных рашэнняў. З іншага боку, плошча – гэта публічная прастора, дзе ствараецца гісторыя.