Рамуалдас Пажэрскіс. Балтыйскі шлях (10.09 — 02.10)

Рамуалдас Пажэрскіс

Балтыйскі шлях

1989

Пры падтрыманні амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі.

Серыя літоўскага фатографа Рамуалдаса Пажэрскіса «Балтыйскі шлях» – гэта дакументаванне аднайменнай акцыі 1989 года. 23 жніўня 1989 года больш за два мільёны жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі, узяўшыся за рукі, утварылі жывы ланцуг. Такім чынам яны пратэставалі супраць пакту Молатава – Рыбэнтропа і выказвалі свае спадзевы і жаданні, звязаныя з незалежнасцю. Жывы ланцуг расцягнуўся на 675 кіламетраў, праз усе краіны Балтыі: ад Вільнюсу да Талліну.

Акцыя «Балтыйскі шлях», або «Ланцуг свабоды», стала феноменам негвалтоўнага супраціву. Амаль праз сем месяцаў пасля акцыі Літва атрымала незалежнасць і стала першаю прыбалтыйскаю рэспублікай, што аддзялілася ад СССР.

Рамуалдас Пажэрскіс задакументаваў гэтую падзею. Супольная прысутнасць выражае не толькі жаданне незалежнасці, але і стварае поле для салідарнасці і супольнасці. «Стаянне разам» аказваецца важнаю палітычнаю заяваю, рухальнай сілаю, сама цялесная праява робіцца заяваю. Акцыя «Балтыйскі шлях» наводзіць на думку, якую выказала амерыканская даследніца Джудыт Батлер: «Калі мы задумаемся пра тое, чаму свабода сходаў аддзеленая ад свабоды самавыражэння, то зразумеем, што існая здольнасць народу збірацца разам – сама па сабе важны палітычны прывілей, цалкам адрозны ад права гаварыць усё, што хочацца сказаць, на гэтым сходзе». Цялесная прысутнасць жыхароў трох прыбалтыйскіх краінаў стала магутнаю пратэставаю сілаю.

У сваіх працах Рамуалдас Пажэрскіс паказвае не толькі сацыяльную харэаграфію пратэсту, якая, несумненна, уражвае, але і асобныя твары людзей. Твары, якія ахопленыя жаданнем і чаканнем пераменаў.

 

#сацыяльная_харэаграфія

#зазоры_гісторыі

Рамуалдас Пажэрскіс – класік літоўскай фатаграфіі. З 1976 года – сябра Саюзу фотамастацтва Літвы. У 1990 годзе стаў пераможцам Нацыянальнай прэміі Літвы (найвышэйшая ўзнагарода за культурніцкія дасягненні). У 2005 годзе быў уганараваны Рыцарскім Крыжам «За заслугі перад Літвой». Уладальнік прэміі Alfred Toepfer за ўнёсак у развіццё і захаванне культурнай спадчыны краінаў Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

10.09 — 02.10
Галерэя «Ў»
Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19
12:00 – 21:00, штодня

10.09
Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»

Білеты на выставу:

Дарослыя – 5 byn

Студэнты – 3 byn

Па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны уваход

http://ygallery.by/news/0012226/