Сяргей Брушко. Рок-канцэрт (10.09 — 02.10)

Сяргей Брушко
Рок-канцэрт
1997

Масавыя рок-канцэрты з велізарнымі танцполамі з’явіліся ў Беларусі ў эпоху перабудовы. Такія канцэрты ўяўлялі з сябе не толькі сімвал выхаду рок-музыкі з андэграўнду, але перадусім фармавалі новы цялесны досвед –свабоднае волевыяўленне і рух целаў, разрадка.

Сяргей Брушко адлюстраваў рок-канцэрт у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які праводзіўся ў скверы імя Янкі Купалы ў Мінску 3 ліпеня 1997 года.

У супрацьвагу масавым парадам і спартовым мерапрыемствам, дзе фармуецца ўяўленне аб адзіным арганізме і дзе асобны чалавек уяўляе з сябе дэталь з выразна акрэсленаю роляй і праграмаю дзеяння, рок-канцэрты сталі адным з першых вопытаў ненармаванага цялеснага існавання. Свабоднае цялеснае праяўленне і масавы сход харэаграфічна ўзнаўляюць форму палітычных пратэстаў. Гэта надоўга замацавала за рок-канцэртамі палітычны парадак дня, а за рок-музыкамі – вобраз змагароў за свабоду.

Аднак паступова, пры канцы дзевяностых – у пачатку нулявых, цікавасць да рок-культуры падае, а сама музыка сточваецца з шоу-бізнесам.

#сацыяльная_харэаграфія

Сяргей Брушко (1958–2000) – беларускі фотакарэспандэнт, майстар
дакументальнай фатаграфіі. З 1987 года працаваў над тэмаю чарнобыльскай
трагедыі, быў удзельнікам беларуска-швейцарскага праекту «У пошуках
Беларусі. Год дванаццаты пасля Чарнобылю». Ягоныя выставы прайшлі ў
Нямеччыне, Швейцарыі, Беларусі, Ірландыі. Быўшы гісторыкам-дакументалістам, Сяргей Брушко пакінуў па сабе ўнікальны фотаархіў, у якім адлюстраваў злом эпох (канец 1980-х – 1990-я
гады).

10.09 — 02.10
Галерэя «Ў»
Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19
12:00 – 21:00, штодня

10.09
Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»

Білеты на выставу:

Дарослыя – 5 byn

Студэнты – 3 byn

Па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны уваход

http://ygallery.by/news/0012226/