Сяргей Гудзілін. New Olympia / Backstage / 1944 – 2019 (10.09 — 02.10)

Сяргей Гудзілін

New Olympia / Backstage / 1944–2019

2019

Інсталяцыя Сяргея Гудзіліна New Olympia / Backstage / 1944–2019 – гэта частка вялікага праекту New Olympia, у межах якога мастак даследуе харэаграфію і рэпрэзентацыю ідэалогіі праз феномен парадаў.

Тэрмін «ідэалогія» тут варта разумець у духу Люі Альцюсэра, як «уяўнае, меркаванні аб рэальным свеце». Адштурхоўваючыся ад гэтага азначэння, Сяргей Гудзілін у літаральным сэнсе паказвае гледачу швы тых структураў, з якіх сканструяваныя парады. У працы New Olympia / Backstage / 1944–2019 ён мяняе месцамі традыцыйныя адносіны фігуры і фону, адводзячы фасаднае ўяўленне аб парадах на задні план. Такім чынам на пярэдні план выходзіць працэс стварэння парадаў: дакументацыя (візуальная і аўдыяльная) рэпетыцыяў парадаў, якія мастак здымаў у 2013–2015 гадах. Камера фіксуе брукаванку, пакінутыя драўляныя паддоны ўперамешку з патэтычнаю музыкай, масавымі шэсцямі, камандамі рэжысёраў – гэтыя элементы ў выглядзе дакументацыі і змешчаныя ў прастору галерэі.

Глядач бачыць вялікую відэаінсталяцыю з дакументацыяй рэпетыцыяў парадаў і невялікае памерамі відэа парадаў розных гадоў. Дзякуючы змяшчэнню галоўнага і другаснага Сяргей выконвае працэдуру дэканструкцыі, ён агаляе не толькі тое, з якіх элементаў і якім чынам ствараецца пафас масавага мерапрыемства, але і паказвае, як парады фармуюць нашае ўяўленне аб рэальных умовах функцыянавання ўлады, якім чынам і ў якіх гістарычных умовах ды архітэктурных прасторах улада сябе рэпрэзентуе.

 

У цэнтры працы размяшчаецца ўзноўленая канструкцыя са сцягоў, прататыпы якой выкарыстоўваюцца для афармлення мінскай гарадской прасторы да важных падзеяў і памятных датаў. Усе сцягі ў канструкцыі – белыя. Гэта толькі контуры, некаторыя дамінанты знаёмых нам сімвалаў, якія кожны можа напоўніць любым зместам.

 

#сацыяльная_харэаграфія

#рэ/дэканструкцыя

 

Сяргей Гудзілін – беларускі фотажурналіст і дакументальны фатограф. Уладальнік Гран-пры Прэс-фота Беларусі 2011 года. У 2014 годзе ў версіі амерыканскага часопісу Phoro Distric News трапіў у спіс трыццаці перспектыўных маладых фатографаў свету. Пачынаў працаваць як газетны фатограф у штотыднёвіку «Наша Ніва». Здымаў для The New York Times, National Geographic Magazine, Gazeta Wyborcza, Meduza, Lenta.ru ды іншых замежных СМІ. Персанальная выстава #kandensat, якая прайшла ў 2016 годзе ў прасторы ЦЭХ, была адзначаная некалькімі ўзнагародамі Бюро МФМ як найлепшы выставачны праект.

 

З 2018 года прэзентуе сябе як свабоднага digital-агента ў беларускай медыяпрасторы. Сфера зацікаўленняў: лічбавае мастацтва і акцыянізм, камерцыйныя і адукацыйныя digital-праекты, інтэрнэт-дакументалістыка, відэаінсталяцыі і мэпінг.

 

www.hudzilin.com

https://instagram.com/hudzilin/

10.09 — 02.10
Галерэя «Ў»
Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19
12:00 – 21:00, штодня

10.09
Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»

Білеты на выставу:

Дарослыя – 5 byn

Студэнты – 3 byn

Па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны уваход

http://ygallery.by/news/0012226/