Штурм Зімовага палацу (10.09 — 02.10)

Штурм Зімовага палацу

1920


Адна з фотапрацаў, што адкрываюць Месяц фатаграфіі, – выява ўзяцця Зімовага палацу. Гэтая работа важная для выставы адразу з дзвюх прычынаў.

Перадусім 1917 год і наступныя падзеі застаюцца неадрэфлексаванымі і трыгернымі для ўсёй постсавецкай прасторы. З аднаго боку, Кастрычніцкую рэвалюцыю называюць прагрэсіўнай і вызвольнай. З іншага – шэраг гісторыкаў лічаць рэактыўнай і апісваюць як кансерватыўны водгук на мадэрнізацыю.

Так ці інакш, у падзеях 1917 года можна ўбачыць адзін з пунктаў уваходу ў сучаснасць. І той факт, што Кастрычніцкая рэвалюцыя, або Кастрычніцкі пераварот, застаецца для нас балючаю тэмаю, пацвярджае важнасць гэтай падзеі.

Але акрамя таго фатаграфія «Штурм Зімовага палацу», якая стала сімвалам рэвалюцыі, уяўляе цікавасць, бо не ўяўляе з сябе дакументальнае сведчанне. Здымак апавядае не пра гістарычную падзею, а пра яе маштабную рэканструкцыю. У 1920 годзе, на гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, у Пецярбургу рэжысёр Мікалай Яўрэінаў паказаў пастаноўку, прысвечаную ўзяццю Зімовага палацу. У інсцэнізацыі ўзялі ўдзел больш за 8000 актораў. Гэта не была літаральная гістарычная рэканструкцыя падзеі, а хутчэй яе гіпертрафаваная версія. Са словаў Мікалая Яўрэінава, штурм Зімовага палацу быў выкананы «ў тонах гераічнай драмы».

Аднак адрэтушаванаму кадру з гэтай пастаноўкі было наканавана сыграць ролю дакументальнага сведчання.

Чаму сярод вялізнай колькасці рэканструкцыяў і кінематаграфічных інтэрпрэтацыяў Кастрычніцкай рэвалюцыі менавіта гэтая фатаграфія стала гістарычным дакументам?

Магчыма, прычына палягае ў разыгранай сацыяльнай харэаграфіі, якая адлюстроўвае нашыя стэрэатыпныя ўяўленні аб рэвалюцыі. Мы бачым трохкутнік з пратэстоўцаў, якія бягуць на Зімовы палац. Гэты кадр паўтарае фармальную кампазіцыю Эль Лісіцкага «Чырвоным клінам бі белых», дзе чырвоны трохкутнік урываецца ў белую прастору. Харэаграфія падзеі ў псеўдадакуменце «Штурм Зімовага палацу» паўтарае нашыя ўяўленні і апраўдвае нашыя чаканні, чым дасягаецца «эфект рэальнасці».

 

#сацыяльная_харэаграфія

#рэ/дэканструкцыя_гісторыі

 

10.09 — 02.10
Галерэя «Ў»
Мiнск, вул. Кастрычніцкая, 19
12:00 – 21:00, штодня

10.09
Адкрыццё выставы, 19:00
Галерэя «Ў»

Білеты на выставу:

Дарослыя – 5 byn

Студэнты – 3 byn

Па клубных картах, школьнікі, пенсіянеры, людзі з інвалюднасцю – вольны уваход

http://ygallery.by/news/0012226/