Юля Цімафеева. Шпацыр у шэрым. Верш (25.09 — 23.10.2019)

25 верасня у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адкрываецца фотавыстава Юлі Цімафеевай “Шпацыр у шэрым. Верш”. Мінск і яго паэтычны патэнцыял зрабіліся асноўнай тэмай фотаработаў беларускай перакладчыцы і паэткі. На яе чорна-белых здымках сцэны гарадскога жыцця, сілуэты людзей, лініі і рытмы дарогаў, дрэваў, правадоў робяцца радкамі верша – даўжынёй у шпацыр.

“Я раблю крок за парог у вечаровую шэрань.
Я пішу першае слова і пачынаю рух.
Верш імкнецца наперад за кожным радком. Верш сам не ведае, куды ідзе і ці прыйдзе кудысьці наогул.
Рух – і рытм, і дыханне, і крок.
Горад выводзіць мяне на шпацыр. Па тратуарах я крочу, і вуліцы штурхаюць мяне ўсё далей.
Я пішу нагамі радкі, што замаўкаюць пасля кропкі светлафора і гучаць зноў, калі ступаю на чорна-белае скрыжаванне.
Я іду і ўпісваю сябе ў горад, іду і ўпісваю ўсё, што бачу, у сябе. Я спыняю
пагляд на завостраных вокнах дамоў, на станчэлых за зіму лініях дрэў, на каракулях птушак у шызым небе, на абрысах людзей у шэрым сутонні. І сама я ў шэрым, непрыкметная для іх, гляджу вокам камеры, вокам мовы, брыду праз свой горад.
Гэты шпацыр належыць мне. Таксама, як верш.
Ніхто не пройдзе маёй дарогай і не заўважыць таго, што заўважыла я.
Ніхто не паставіць словы ў маім парадку.
Але ты можаш яго прачытаць, ты можаш яго пабачыць.
Як захочаш”.

Юля Цімафеева – беларуская паэтка, перакладчыца, фатографка. Аўтарка двух зборнікаў паэзіі, яе вершы перакладзеныя на некалькі еўрапейскіх моваў. Удзельніца літаратурных фестываляў у Беларусі і за мяжой. Яе першая фотавыстава “Сіні: колер вясковага жыцця” (Blau: eine dörfliche Lebensfarbe) прайшла ў Потсдамскім універсітэце (Германія), другая “Менск вачыма аператара дрона іншаземнага касмічнага карабля” – у Беларускім доме ў Варшаве (Польшча). Фотаздымкі Юлі Цімафеевай друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах.

25.09-23.10
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Мінск, вул. М.Багдановіча, д. 7а

25.09
Адкрыццё выставы, 18.30
Літаратурны музей Максіма Багдановіча