Вольга Кірылава «САКРЭТНАЯ ПАПКА» +18 (9-23.10)

Гэта частка гісторыі пра знішчаныя любоўныя фатаграфіі маёй памерлай сяброўкі.

Незадоўга да свайго сыходу яна папрасіла мяне перагледзець ейны лічбавы архіў і выдаліць фатаграфіі з аголеным целам. Сама яна ўжо не магла гэтага зрабіць. А магчыма, не хацела выдаляць здымкі дачасна, як быццам забіваць сябе раней за вызначаны тэрмін. У ейнай просьбе гучала не толькі жаданне абараніць сваё прыватнае жыццё ад чужых вачэй, але і шкадаванне, раскаянне за такія фатаграфіі.

Архіў быў вельмі вялікі. Яе шмат фатаграфавалі, і яна сама здымала з асаблівым шармам таленавітай пачуццёвай жанчыны, якой заставалася да самай смерці ў 57 гадоў.

Гэта былі аматарскія фатаграфіі, неверагодна прыгожыя сцэны з асабістага жыцця, якія сталі «сараматнай тайнай» з прычыны дамінавання ў грамадстве міфаў і табу.

Дзеля памяці пра маю сяброўку я выдаліла ўсе файлы, але паўтарыла іх з сабой замест яе. Я не магла дапусціць, каб яны зніклі. Я стала сведкай і саўдзельніцай. Я прысабечыла іх. Я пражыла не толькі ейнае, але і сваё выдуманае, дадатковае жыццё.

Я знайшла камеры, якімі здымала яна, хадзіла па крамах у пошуках адзення, як у яе, падбірала антураж і пейзажы, бачаныя на фотаздымках. Я прасіла мужчынаў пазаваць са мной і сяброў здымаць мяне. Але чым мацней я была ўцягнутая ў праект, тым больш ён рабіўся пра мяне, гэта гісторыя стала прыватнай. Гэтак узніклі сюжэты, якія належалі толькі мне, – і ў мяне з’явілася свая «сакрэтная папка».

Дзякуючы архіву і праекту я даведалася пра сябе новае, прыняла маё «схаванае», і гэтыя веды далі мне ўпэўненасць і смеласць казаць пра гэта.

Мне ўжо больш гадоў, чым ёй. Я хачу знайсці згоду са сваім зменлівым целам, сваімі жаданнямі ды ілюзіямі, страхамі і стратамі. Я хачу не баяцца, быць свабоднай ад забабонаў. Я хачу паспець. Быць адкрытай. Быць шчырай.

Інакш я рызыкую застацца ў палоне псеўдасораму, страху і віны ды здрадзіць сабе і свайму жыццю, «знішчыўшы фатаграфіі».

Толькі смерць можа кінуць выклік, умешваючыся ў жыццё і навязваючы страх.

Што я магу зрабіць, каб прыняць гэты выклік? Бясстрашна глядзець у аб’ектыў камеры. Адкрыта ўсміхацца. Адчайна кахаць.

На ўсіх гэтых фотаздымках ёсць я, і ў той жа час мяне там няма. Маё цела, маё фатаграфічнае цела, існуе ў шматлікіх адлюстраваннях гэтак жа, як чыёсьці адбіваецца ў маім.

Праект, прадстаўлены ў рамках выставы “Be a Lady”