Даша Бубен #everydayifindnewpussy (9-23.10)

 

 Фотапраект #everydayifindnewpussy паўстаў як дэкларацыя ўласнай жаноцкасці і сексуальнасці. Гэтыя пытанні хвалявалі мяне цягам усяго свядомага жыцця. Самаідэнтыфікацыя як жанчыны праходзіла за некалькі этапаў. Доўгі час я супраціўлялася сваёй дадзенасці быць жанчынаю, перажываючы паслядоўна розныя хвалі фемінізму знутры сябе. Гэты праект – вынік пераходу на трэцюю хвалю. Пазбавіўшыся ад унутранай мізагініі, прыняўшы сябе жанчынай і пры гэтым не адчуваючы сябе чалавекам іншага полу, я абвяшчаю для сябе жаноцкасць з усімі магчымымі варыянтамі, без спробаў убудавацца ў любую з гендарных канцэпцыяў пра тое, якой «мусіць» быць жанчына.

 Гэты праект – жарт і ў той жа час выклік, супрацьпастаўленне выгаднай для патрыярхальнага грамадства фрэйдысцкай канцэпцыі пеніса. Фатаграфуючы разнастайныя аб’екты, якія нагадваюць вульву, я спрабую ўцягнуць гледача ў гульню, у пошук жаночага пачатку ва ўсім, тым самым звярнуць увагу на важныя праблемы нябачнасці жанчын, стаўлення да іх як да людзей другога гатунку. Пры гэтым я абіраю абсалютна розныя аб’екты, не зацыкліваючыся на кветках і фруктах – пяшчотных і прыгожых вобразах, растыражаваных у поп-культуры. Гэта ў тым ліку метафара прыняцця сябе такой, якая я ёсць: моцная і слабая, ласкавая і жорсткая, нязручная, сексуальная. Гэта дэкларацыя права жанчыны быць сабой, любіць сябе без аглядак на існыя стэрэатыпы.

Усе фатаграфіі знятыя на iPhone 5s.

Праект, прадстаўлены ў рамках выставы “Be a Lady”