Дзіна Даніловіч «Да…» +18 (9-23.10)

«Усё проста. Я прапаноўваю ўдзельніцам агаліцца да той ступені, да якой яны самі хочуць, разумеючы, што іхныя фота трапяць у публічную прастору, здымаю відэа, як герой раздзяваецца, і пасля фота аголеным / часткова аголеным…»

Фатаграфія, відэа. Дзіна Даніловіч

 Праект Дзіны Даніловіч «Да…» – гэта «партрэтная гісторыя», якая фіксуе «табу, звязанае з мужчынскаю аголенасцю, сорам і самацэнзуру і праяўляе «стаўленне да ўласнага цела». Камплект выяваў дапамагае героям (у гэткай жа ступені, як і аўтарцы праекту) авалодаць прастораю і сітуацыяй, у якой яны не пачуваюцца ўпэўнена, а працэс фатаграфавання пераўтвараецца ў «сацыяльны рытуал, абарону ад трывогі і інструмент самасцверджання» (С. Сонтаг). Здымкі і відэа робяцца спосабам выяўлення і рэпрэзентацыі (асабліва ў суправаджальных тэкстах герояў) сацыяльных і асабістых стэрэатыпаў у дыфузнай зоне паміж прыватным і публічным.

 Такім чынам, да якой ступені чалавек, адчуваючы ўнутраную свабоду і застаючыся ў камфортным эмацыйным стане, можа агаліцца? У гэтым выпадку агаленне – фактар даверу, вынік узаемадзеяння з фатографам, самастойна зрэжысураваны жэст/акт, маніфестацыя асабістага паслання адначасова.

Працэс-гульня пераўтвараецца ў прастору дыялогу не толькі мадэлі і аўтара, але таксама і гледача. Ролю фатографа партрэтаваны ўспрымае як акно ў публічнасць, непасрэдны экран. Больш няма інтымнага ўзаемадзеяння «фатограф — мадэль», дзе цела робіцца спосабам выказвання фатографа, а камера заўсёды ёсць «спосабам умяшання»? Не зусім, бо «сфатаграфаваць чалавека – значыць здзейсніць у дачыненні яго пэўны гвалт: убачыць яго такім, якім ён сябе ніколі не бачыць, даведацца пра яго тое, чаго ён не ведаў, словам, пераўтварыць яго ў аб’ект, якім можна сімвалічна валодаць»[1]. Роля ж гледача тоесная вобразу назіральніка, які сочыць за разгортваннем дзейства, дзейства, якое ўжо адбылося, мае свае чаканыя і фактычныя вынікі.

 Такім чынам, ёсць зададзеныя рамкі, у якіх кожны з удзельнікаў кіруецца сваімі інтарэсамі ды сваім бачаннем задачаў, у тым ліку і глядач…

Вольга Рыбчынская

Сонтаг Сьюзен. О фотографии. М.: ООО «Ад Маргинем Пресс», 2013. С. 27.

Праект, прадстаўлены ў рамках выставы “Be a Lady”