Жанна Гладко “Правакуючы сілу” (9-23.10)

З 2011 года Жанна Гладко планамерна даследуе такія культурныя канструкты, як мужнасць і жаноцкасць. У сваёй працы яна выкарыстоўвае багатую традыцыю аўтапартрэту, працуе з архіўнымі матэрыяламі, стварае інсталяцыі, звяртаецца да культурных тэкстаў і ўласнага сямейнага досведу.

Яе шырокі шматлінейны праект «Inciting Force» складаецца з некалькіх серый. На выставе прысутнічаюць аўтапартрэты з чатырох серый: «Inciting Force. Self-Portraits» (2011–2016), «HEroic» (2016) і «Double self-portrait» (2015), «Not Alain Delon» (2016–2018).

Жанна ўвасабляецца ў вобразы жанчын і мужчын. Граючы ролі і здымаючы наступныя маскі, кожная з якіх падаецца нам дзіўна знаёмай, яна ставіць пад сумнеў нашыя візуальныя звычкі. Яна звяртаецца да канструктаў, якія існуюць у культуры ўжо сотні гадоў і асабліва моцна праяўляюцца ў фатаграфіі, СМІ ды рэкламе. Мастачка звяртае ўвагу на стэрэатыпы, якія фармуюць наступныя пакаленні жанчын і мужчын, адводзячы ім цалкам вызначаныя і пры гэтым абмежаваныя ролі ў грамадстве. Пры такім стане рэчаў жанчына выяўляецца слабой, залежнай і, як правіла, пакорлівай перад абліччам мужчынскай сілы.

Жанчыны, якіх грае Жанна, адрозніваюцца ад тых, да якіх мы прывыклі дзякуючы СМІ, рэкламе і большай частцы вобразаў, вядомых нам з гісторыі мастацтва. Мы не знойдзем тут ані стрыманай адчужанасці, ані напорыстага праяўлення сексуальнасці, ані спакушэння, ані рамантычных поглядаў. Многія з гэтых персанажаў паказаныя згодна з так званым мужчынскім стэрэатыпам. Жанна задае пытанне не толькі пра тое, што ў культуры лічыцца мужчынскім, а што – жаночым; яна пытае таксама, як сіла і здольнасць да самастойнага ды свабоднага дзеяння прадстаўленыя ў гэтых сацыякультурных катэгорыях. Ці будзе жанчына, чый вобраз перададзены з дапамогаю жэстаў, якія традыцыйна лічацца мужчынскімі, мацнейшай і больш каштоўнай?

Аўтапартрэты з серыі «Inciting Force. Self-Portraits» ствараліся ў розны час і пры розных абставінах. Жанна прымярае на сябе вобразы персанажаў, якіх можна назваць іконамі культуры. На адным з партрэтаў сітуацыя перакульваецца і перад аб’ектывам стаіць мужчына ў вобразе Жанны. На іншым – Жанна абклееная выявамі вядомых беларускіх мастакоў. Гэта спроба прыцягнуць увагу да выключна патрыярхальнага рынку мастацтва ў краіне.

У серыі «HEroic» Жанна грае ролю вядомых жанчын, з якімі яна сябе не атаясамлівае, але якіх яна нагадвае сваім сябрам і знаёмым. Яна выбрала асаблівыя праявы гэтых персанажаў – вобразы, якія выглядаюць смелымі, гераічнымі і ваяўнічымі. У сучаснай масавай культуры такія вобразы часта выкарыстоўваюцца, каб паказаць жанчыну як асобу, роўную мужчыне: паспяховую, аўтарытэтную, прафесійную. 

У наступных дзвюх працах з серыі «Not Alain Delon» Жанна звяртаецца да гісторыі сваёй сям’і ды стасункаў з бацькам, які паслужыў матэрыялам для яе ранніх праектаў. Аўтарка паўстае ў вобразе вядомага актора, які нагадвае ёй бацьку ў маладосці. Гэта двайны маскарад, у якім ён спрабуе адпавядаць недасягальнаму ідэалу. Гэтак жа, як і на адным з аўтапартрэтаў з серыі «Self-Portraits», дзе яна з’яўляецца ў бацькоўскім адзенні. «Гэта спроба адчуць сілу майго бацькі, сустрэцца з яго аўтарытэтам і жаданнем зрабіцца такім, як ён», – піша Жанна.

Завяршаюць прэзентацыю працы з серыі «Double self-portrait», якая наўпрост адсылае да словаў з Евангелля ад Фамы: «Сімон Пётр сказаў Яму: «Няхай Марыя пакіне нас, бо жанчыны не вартыя жыцця». Ісус адказаў: «Я павяду яе, каб зрабіць яе мужчынам, каб і яна зрабілася жывым духам, падобным да вас, мужчын. Бо ўсялякая жанчына, якая зробіцца мужчынам, увойдзе ў Царства нябеснае». Спасылаючыся на словы пра недасканаласць жанчыны, Жанна спрабуе «дагнаць» мужчынскі ідэал, цягам трох месяцаў выконваючы спецыяльныя практыкаванні для рук. Аўтапартрэты паказваюць яе да і пасля трэніровак. Аднак ці мае значэнне тая змена, якую мы бачым?

Праект, прадстаўлены ў рамках выставы “Be a Lady”