Лена Дабравольска і Тэа Орманд-Скіпінг Геагісторыя (29.09-27.11)

Уступіўшы ў гэтак званы антрапацэн, наш антрапагенны пераход у новую геалагічную эпоху прадэманстраваў сілу чалавечага фактару. Цяпер вядома, што чалавецтва як геалагічная сіла нясе адказнасць за беспрэцэдэнтнае пацяпленне планеты і шостае масавае выміранне. Але ці ўсе мы аднолькава адказныя?

Працуючы з сярэднефарматнымі стужкавымі камерамі, Дабравольска і Орманд-Скіпінг вывучаюць ландшафт Гіндукушскіх Гімалаеў – рэгіёну, вельмі адчувальнага да зменаў клімату, – каб задакументаваць з’явы, звязаныя з уразлівасцю клімату, развіццём і дэградацыяй навакольнага асяроддзя, і паставіць пытанне аб азначэнні антрапаса. Хто гэтая нябачная сіла, якая адказвае за геагісторыю? У чым сутнасць антрапацэну?

Працуючы ў Непале, Дабравольска і Орманд-Скіпінг сканцэнтравалі сваю ўвагу на дзвюх месцах і звязаных з імі кліматычных і эканамічных працэсах: горадзе Катманду і рэгіёне Солюкхумбу, які атачае Джамалунгму (Эвэрэст).

У Катманду Дабравольска і Орманд-Скіпінг вывучалі энергетычную беднасць, міграцыю з сельскіх мясцовасцяў у гарады і забруджванне ў хутка развіваным гарадскім цэнтры падчас паліўнага эмбарга, уведзенага Індыяй, якое праз год пасля разбуральнага землятрусу магнітудай 7,8 значна абмежавала доступ да электрычнасці і паліва.

У Солюкхумбу Дабравольска і Орманд-Скіпінг даследавалі схільнасць рэгіёнаў да зменаў клімату на прыкладзе стану ледавікоў, каланіяльнай спадчыны і капіталістычнага эгацэнтрызму, які сілкуе бізнес-праекты ў галіне пакарэння Эвэрэсту, дзе шырока задзейваецца праца насільшчыкаў, якая робіць, уласна, узыход на пік магчымым.

Фатаграфуючы тое, што, на першы погляд, можа паказацца няважным (праца бензінавага генератара або пацямненне ледавіка ад сажы), Дабравольска і Орманд-Скіпінг імкнуцца вызначыць гістарычныя маркеры, якія рэпрэзентуюць геагістарычнае значэнне часта банальных праяваў чалавечага фактару.

Пры гэтым Дабравольска і Орманд-Скіпінг намераныя паказаць, з якой колькасці ўчынкаў розных індывідуумаў насамрэч складаецца чалавечая дзейнасць, прычым кожны з індывідуумаў, у сваю чаргу, мае розную ступень актыўнасці і адказнасці за такія з’явы, як змена клімату.

Такім чынам Дабравольска і Орманд-Скіпінг спадзяюцца паставіць пад сумнеў агульнапрынятае «мы», якое памылкова пастулюецца ў слове «антрапас» антрапацэну (з грэц. ‘чалавек’), і замест гэтага прапаноўваюць у большай ступені палітычна абгрунтаваны дэскрыптар «капіталацэн» – то бок дакладнейшую адсылку да капіталістычных прадпрыемстваў, рухальнай сілы кліматычных зменаў і экацыду.

Тэа Орманд-Скіпінг (нар. 1987, Вялікая Брытанія) і Лена Дабравольска (нар. 1985, Польшча) – мастакі, якія працуюць з канцэптуальнай дакументальнай фатаграфіяй, мастацкімі кінаінсталяцыямі, даследаваннямі і віртуальнай рэчаіснасцю. Жывуць і працуюць у Лондане.