Магда Хекель “Менады” (9-23.10)

 

«Тварам не атрымліваецца валодаць, ён пазбягае маёй улады»

Э.Левінас

Гэта пастка, якую Магда Хекель расстаўляе перад гледачом. Твар – гэта сэнс.

Твар – гэта выток мовы, выток значэння, выток сустрэчы. З твару пачынаецца

этычнае мысленне, у твары Іншага заключана адчуванне блізкасці з ім. Твар –

гэта адчуванне таямніцы. Я бачу твар. Але Хекель гуляе са мною. Колькі асоб

на здымку? Дзве? Ці тры? Хто гэтая трэцяя асоба? Ці левы профіль – гэта левы

бок твару? А можа, правы? Каму належаў гэты швэдар, які цяпер швэдар «гэтай

трэцяй асобы»? Хустка? Каралі? Каму яны належалі? У каго было падбітае

вока? А хто заплюшчыў вочы? Валасы? Памада? Апушчаныя куточкі вуснаў?

Якая частка твару падаецца апухлай і хворай? А яна ж не апухлая і не хворая.

Гэта проста пастка адвольных асацыяцый. А імёны? Новае імя належыць

асобе, якую ты бачыш анфас. Ата. Барф’я. Бога. Дата. Дока. Эльра. Якому

профілю належаць імёны: Ванда, Зоф’я, Ірэна? Імёны ідуць у алфавітным

парадку? Ці існуюць літары, з якіх не пачынаецца аніводнае імя? Рукою ты

закрываеш левую палову твару і бачыш новы твар, да якога раней нельга было

дабрацца, але ж ён быў. Ты бачыш новы, гарманічны твар. І імёны. Ты

спрабуеш упарадкаваць адчуванні. Але менавіта гэты трэці твар і гэтае трэцяе

імя не даюць табе спакою.

На каго я гляджу? Калі профілі жанчын – гэта персоны (тое, што хоча зрабіць

уражанне, адпавядаць чаканням і патрабаванням грамадства, пайсці на

кампраміс паміж сацыяльнай роляй і асабістай марай аб нейкім успрыманні і

адначасова аб утойванні сваёй сапраўднай натуры), то што такое момант, калі

твары – маскі – персоны – падаюць долу, і нашым вачам паказваецца – анфас –

гэты сапраўдны хтосьці. Хто? Той, хто глядзіць? Ці, магчыма, парадаксальна,

гэты «новы» твар вяртае нас да нас саміх, дзейнічае, быццам тэст Роршарха, які

мы павінны запоўніць сваім уласным несвядомым? Менавіта гэты неіснуючы

твар (але ён існуе, бо менавіта на яго ты цяпер глядзіш!) пазбаўляе цябе

інструментаў і прымушае ўступіць у новую гульню. Мы шукаем сіметрыі,

суладнасці складнікаў, якія злучым у цэлае, імкнучыся да дасканаласці, будзем

шукаць гармонію, парадак, люстраны адбітак. Але не знойдзем іх. Мы шукаем

дэфініцыю: «фігура з’яўляецца асіметрычнай (хіральнай), калі яе нельга

накласці на яе ж люстраны вобраз без пераходу ў прастору з большай

колькасцю вымярэнняў». ДНК асіметрычнае. Палёгка. Трэба знайсці іншае,

схаванае вымярэнне.

Мы адчуваем таямніцу твару Іншага, асіметрычнага і незразумелага, і праз Іншага, праз Яго позірк, наноў чытаем саміх сябе. Уваходзім у іншае вымярэнне.

«Нічога такога, толькі нейкая вар’ятка распявае бязглуздзіцу: А э і о у, чым я

буду заўтра? Спачатку я была зямлёю, потым каменем, потым дрэвам і

кветкаю… А потым адчынілася акно, вялікае, цудоўнае акно. А э і о у, з усіх бакоў мяне ахінула, і я была, як шумлівы лес… Але зачынілі маё акно, засланілі

яго цяжкімі чорнымі крыламі. А э і о у, зямля, камень і дрэва, і ніхто не зразумее

слова пад нямымі крыламі… Апрача гэтага, нічога не здарылася». Інцыдэнт у

псіхіятрычным шпіталі, апісаны Крыстын Лавант у «Запісках з дома вар’ятаў»,

дае новую магчымасць інтэрпрэтацыі. Хекель запрашае нас даследаваць

вар’яцтва як новую энергію, якая можа пераўвасобіцца ў новую форму. Яна

становіцца абяцаннем, пагрозлівай і невядомай сілай, якую душылі стагоддзямі.

Ці вядзе яна нас да таго аспекту жаноцкасці, якому мы баімся зірнуць у твар?

Да вакханак, што разрываюць Пенфея? Да Крыстын Лавант, Вірджыніі Вульф,

Сільвіі Плат, Камілы Кладэль і многіх, многіх іншых жанчын? Хекель хоча, каб

мы сталі «твар у твар», то-бок сустрэліся з чалавекам такім, які ён ёсць. У гэтай

сустрэчы ёсць драма, «драма адкрывае магчымасць трагедыі», як пісаў Юзаф

Цішнэр. Мы адчуваем штосьці незразумелае і выцесненае, што ўцякае ад мовы.

Мы адчуваем штосьці пагрозлівае, чаго ніколі раней не бачылі так выразна. Але

наша адчуванне суб’ектыўнае, і на гэтым грунтуецца падвойная гульня Хекель:

гледзячы на гэтыя здымкі, мы глядзім на саміх сябе.

Мая Клячэўска «Твар у Твар».

 

Магда Хекель “Менады”

Менады ніколі не існавалі. Яны былі толькі ідэяй, творам мужчынскай фантазіі –

дзікія, утрапёныя і чужыя. Іх ажывіў страх перад неўтаймоўнай сілай. Яны

суправаджалі Дыяніса ў паходах і шалёных танцах, імаверна, забівалі жывёлаў,

елі чалавечае мяса, удзельнічалі ў оргіях. Гэта была форма асвойвання

невядомага, менады выклікалі адначасова страх, узбуджэнне і агіду. Да іх

ставіліся як да багінь і распусніц, адпіхвалі на ўзбочча жыцця і кахалі

адначасова. Жанчыны з фотаздымкаў Магды Хекель таксама ніколі не існавалі.

Іх твары былі выпадкова сабраныя ў адным медыцынскім архіве. Да гэтых

вобразаў мастачка дадае сваё аблічча. Пасля праведзеных маніпуляцый твары

сталі гібрыдамі, сатканымі з мноства асобных істот, адчуванняў і выяваў – як

ідэалы хараства, створаныя мужчынамі і жанчынамі для мужчын. Пры тым, што

прыгожыя яны не ў класічным сэнсе. Яны не адпавядаюць чаканням. Сабраныя

з калектыўнага досведу, яны моцныя і пранікнёныя. Яны выпраменьваюць

спакой і інтэнсіўнасць існавання. Яны – сімвалы досведу жаноцкасці і жаночай

сілы, што спрадвеку выцясняюцца з культуры, вытокі якой сягаюць антычнасці.

Здымкі суправаджае гукавая інсталяцыя: гэта запіс сустрэчы пяці жанчын,

зроблены Яаннай Гальшкай Сакалоўскай.

Гукарэжысёр – Матэвуш Адамчык.

Мантаж гуку – Томаш Слівіньскі.

Партнёры: Інстытут Адама Міцкевіча, Галерэя “Jednostka”, Майстэрня

афармлення.

 

Магда Хекель

Візуальная мастачка, тэатральная фатографка, падарожніца. Выпускніца

Факультэта жывапісу і графікі гданьскай Акадэміі мастацтваў. Стыпендыятка

Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны і горада Сопата. Яе працы

выстаўляліся на некалькіх дзясятках выстаў у Польшчы і за мяжой (у т.л. у “Tate

Britain” у Лондане). Аўтарка фотакніг “Аніма. Карціны з Афрыкі 2005–2013” і

“ХЕКЕЛЬ/ТЭАТР” (намінаваныя на прэмію “Фотапублікацыя года” 2014 і 2016).

Супрацоўнічае з Томашам Слівіньскім у галіне кінематаграфіі як аўтарка

сцэнароў і арт-дырэктарка. Іх дакументальны фільм “Наш праклён” быў

намінаваны на прэмію “Оскар” і яшчэ некалькі дзясяткаў прэмій на міжнародных

фестывалях. Увосень 2019 года адбылася прэм’ера іх найноўшага фільма

“Ундзіна”. Магда Хекель стала супрацоўнічае з многімі польскімі тэатрамі. Яна

задакументавала некалькі соцень спектакляў. Многія знакавыя фотаздымкі

сучасных польскіх спектакляў належаць аб’ектыву менавіта Магды Хекель. У

2002–2004 гг. разам з Агатай Серафін яны ўтваралі фотадуэт hueckelserafin

(хекельсерафін). Дырэктарка і стваральніца Польскага фонду цэнтральнага

прыроджанага сіндрому гіпервентыляцыі “Здымі праклён”.