Марсэль Рыклі. Вечнасць (29.09-27.11)

Вечнасць, або Што застанецца?

Як мы можам абараніць будучыя пакаленні ад васокарадыеактыўных адкідаў, напрыклад, ад атамных электрастанцыяў, навуковых даследаванняў, дзейнасці медыцыны і прамысловасці, якія будуць уяўляць небяспеку для жыцця яшчэ сотні тысяч гадоў. Акрамя тэхнічнага запэўнівання бяспекі геалагічных рэпазіторыяў трэба прыняць новыя камунікацыйныя рашэнні: будучыя цывілізацыі (настолькі далёкія, што ў іх рэальнасць складана паверыць нават самаму смеламу ўяўленню) мусяць быць папярэджаныя пра небяспекі, якія зыходзяць ад падобных месцаў. Гэтая неабходнасць паднімае фундаментальныя пытанні антрапалагічнага характару, датычныя ролі мовы і культуры ў перадаванні інфармацыі цягам працяглых перыядаў часу, а таксама пытанне слаба кантраляванага чалавечага фактару рызыкі.

Швейцарскі фатограф і мастак Марсэль Рыклі разважае пра гэтыя актуальныя праблемы ў форме візуальнага даследчага праекту на тэму супярэчнасці дакументальнай фатаграфіі ды мастацтва. У ягонай апошняй працы «Вечнасць» сімвалічная прырода ядравай семіётыкі супрацьпастаўляецца рэчаіснасці сховішчаў у тым выглядзе, у якім іх цяпер праектуюць і будуюць. Праект ілюструе складанасць пэўных знакаў, якія не толькі фізічна існуюць цягам неверагодна працяглага перыяду часу, але і маюць універсальнае значэнне. Аб’ядноўваючы падыходы фізікі, футуралогіі, антрапалогіі і сацыялогіі ды завяршаючы рэфлексіі простым і ў той жа час экзістэнцыйным філасофскім пытаннем, праект заклікае задумвацца пра будучыню чалавецтва. Пра тое, што застанецца пасля нас. (Саша Рэнэр, намеснік дырэктара і куратар фонду Fotostiftung Schweiz)

(Саша Рэнэр, намеснік дырэктара і куратар фонду Fotostiftung Schweiz)

Пры падтрымцы Швейцарскай рады ў пытаннях культуры Pro Helvetia.

БІЯГРАФІЯ

З 2011 года Марсэль Рыклі працуе над серыямі палявых фатаграфічных даследаванняў, вывучаючы, як людзі карэнным чынам мяняюць планету. Цэнтральным матывам ягонай працы выступаюць патрэбы чалавецтва ў энергіі ды рэсурсах і звязаны з гэтым уплыў на навакольнае асяроддзе, часта маштабны і незваротны. У сваіх ранніх серыях Марсэль Рыклі «навучаў сваю камеру» здабыванню руды ў Швецыі – працэсу, які прыводзіць да маштабнага прасядання зямлі і які ўжо выліўся ў перасяленне цэлага гораду («Кіруна / 2015»). Яшчэ адным аб’ектам зацікаўлення Рыклі стала здабыча бурага вугалю ў Нямеччыне, у ахвяру якой прыносяць цэлыя ландшафты («Лужыцкі буравугальны басейн / 2015»). Таксама ягоную ўвагу прыцягнулі навінкі, якія даюць спадзеў у барацьбе з кліматычным калапсам: у рэальнасць найбуйнейшай на свеце ветраной электрастанцыі ў пустэльні Гобі і кітайскай сонечнай электрастанцыі на фатаграфіях Рыклі паверыць складана, але менавіта гэтак можа выглядаць рэвалюцыя ў галіне энергетыкі («Дваістасць / 2017–2018»). Праекты Рыклі ўражвальна адлюстроўваюць антрапацэн – эпоху, у якую чалавецтва стала самым важным фактарам уплыву на біялагічныя, геалагічныя і атмасферныя працэсы планеты.

(Саша Рэнэр, намеснік дырэктара і куратар фонду Fotostiftung Schweiz)