Маша Святагор “Маскі-шоу” +18 (9-23.10)

Праект «Маскі-шоу» Машы Святагор задае пытанне аб пераемнасці ў гісторыі мастацтваў. Традыцыя і актуальныя практыкі перабываюць у стасунках безупыннага пацверджання/зняпраўджання. Гэтае напружанне правакуе пераважана спробы рэфлексіі над сацыяльнымі канвенцыямі.

Серыя ўяўляе сабой выявы аголеных целаў сучасных дзяўчат, твары якіх прыкрытыя «маскамі», узятымі з рэпрадукцыяў палотнаў розных мастакоў, пераважна XV–XVII стагоддзяў, такіх як Сандра Батычэллі, Рохір ван дэр Вэйдэн, Ганс Гольбайн Малодшы ды іншыя. Функцыі жаночага вобразу ў класічнай гісторыі мастацтва часцей за ўсё зводзяцца да рэпрэзентацыі святасці або эратызму, з магчымасцю выдасканаленага з’яднання першага з другім у вобразах хрысціянскіх пакутніц. Пры гэтым выяўленыя жанчыны не мелі фактычнага права распараджацца сваёй цялеснасцю – улада над вобразам заставалася ў руках аўтара-мастака і, пазней, мужчыны-гледача. Такія карціны падпарадкоўваліся шэрагу візуальных канвенцыяў, што рабілі жаночыя выявы максімальна зручнымі для бессаромнага сузірання (напрыклад, аголеная мадэль не магла сустрэцца поглядам з гледачом).

Маладыя дзяўчаты ў працах Святагор, падавалася б, трапілі ў зусім іншую сітуацыю: іхныя целы – свабодныя, прынятыя позы – натуральныя, рашэнне пра тое, каб пазаваць аголенымі, належыць менавіта ім. Тым не менш, імпульсам для стварэння дадзенай серыі стала жаданне некаторых мадэляў забраць/прысабечыць/знішчыць негатывы фатаграфіяў. Гэтае імкненне ўзнікла праз доўгі час пасля здымак і было звязанае, імаверна, са зменамі ў светапоглядзе і ўспрыманні свайго цела ды сацыяльных рамак, у якія гэтае цела абавязкова ўбудуецца. У гэтай сітуацыі ахвяраю робіцца не мадэль, а аўтарка фатаграфіяў, бо яна апынаецца перад выбарам паміж этыкаю і сваймі аўтарскімі правамі. Згоду на перадаванне фотаздымкаў можна было б прыраўняць да пакутніцкага жэсту вырачэння ад сваёй творчасці дзеля «дабра» блізкага.

У гэтым выпадку выкарыстанне маскі падаецца найбольш удалым кампрамісам. Жанчына расказвае пра іншую жанчыну, накладаючы на ейны твар маску спадарыні даўняй эпохі. Скрыванне твару, як быццам жэст абароны сведкі, завастрае праблему ўспрымання сучаснымі дзяўчатамі ўласнай цялеснасці, якая ў масавым успрыманні па-ранейшаму часта мае амбівалентнае значэнне чагосьці, з аднаго боку, залішне табуяванага, з іншага ж – эксплуатаванага выключна як аб’ект погляду і жадання. Парадаксальна тое, што, адмаўляючыся ад ідэнтыфікацыі з целам на фатаграфіі, мадэлі адхіляюць таксама магчымасць кантролю ўласнай рэпрэзентацыі, далучаючыся тым самым да мноства «натхняльніц» і «муз» мінулых стагоддзяў.

Тэкст: Вера Залуцкая, куратарка і даследніца