Рыта Новікава «АQUA» (29.09-27.11)

 «АQUA» – серыя аўтапартрэтаў, створаных у 2018–2019 гадах. Вада як цэнтральны сімвал жыцця візуальна прысутнічае адсутнасцю; існуе ў розных формах і асацыяцыях, вобразах і метафарах. Я спрабую разгледзець гэтае «жыццё» ў тых рашэннях, якія чалавецтва абрала для сябе як аптымальныя для задавальнення сваіх відавых задачаў. Далучаючыся да такога свету, дзе патрэбы, звычкі і камфорт адных прадстаўнікоў жывой прыроды ставяцца вышэй за прыроду, я хачу паставіць пад сумнеў прыдатнасць гэтага падыходу. Я даследую і мераю гэты склад думак на сябе яшчэ раз. За рэдкім выключэннем ён даецца нам па змоўчанні. Даўней ад здольнасці адаптавацца да ўмоваў любой цаной залежала нашае выжыванне; але сёння, з улікам даступнасці рэсурсаў і інфармацыі, рэтрансляцыя гэтага падыходу да існавання –выбар і адказнасць кожнага.

 

Мой вобраз – гэта сродак камунікацыі з гледачом, мая асабістая «мова чырвонага купальніка». Магчыма, яна завастрае ўвагу, магчыма, адцягвае, маскіруе, расказвае гісторыі, а магчыма, дапамагае перакладаць з «хваравітай» на камедыйную, магчыма, гэта маніпуляцыя. Я ўпэўненая толькі ў тым, што запрашаю гледача пагрузіць гэтыя пытанні ў сябе, і няхай будзе што будзе, рашэнне пра якую-кольвек адказнасць нараджаецца выключна ў свабодзе.