Уступ Вольгі Бубіч да “Be a lady”

Калі амерыканскую мастачку і пісьменніцу Мірэнду Джулай папрасілі пракаментаваць сітуацыю з каронавірусам і акрэсліць магчымыя перспектывы развіцця мастацтва ў новым свеце, яна правяла паралелі з чалавекам, які падае. «Такога чалавека немагчыма пытаць пра ягоны стан. Упадзе, тады зразумее, цэлы ён ці не і як пачуваецца!» – адказала Джулай. Метафара, на мой погляд, выдатна пасуе для апісання «жаночага пытання» ў Беларусі: сітуацыя мяняецца настолькі імкліва, што аднаго «пункту ўваходу» ў яе інтэрпрэтацыю пакуль проста не існуе (асабліва калі казаць пра погляд «на сябе» знутры краіны). Для больш-менш аб’ектыўнага аналізу патрэбны час і дыстанцыя.

Аднак складанасць і супярэчлівасць успрымання ролі жанчыны ў гісторыі Беларусі – з’ява зусім не новая. З прыходам савецкай улады і да цяперашняга часу акцэнты ў яе кампазіцыі мяняюцца/мітусяцца з жахлівым пастаянствам: ад бравай калгасніцы з сярпом, якая ў скульптуры Барыса Іафана і Веры Мухінай мастацкімі сродкамі замацоўвае роўнасць палоў у працы, агітацыйных плакатаў 1930-х, на якіх жанчын выяўлялі, цытуючы прамову Сталіна на Першым Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў, як «вялікую сілу», да заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра не створаную «пад жанчыну» Канстытуцыю. Калі звярнуцца да падзеяў канца лета – пачатку восені 2020-га – ад хвалі жаночага актывізму ў фармаце мірных маршаў і кропкавых вулічных перформансаў да пастаянных напамінаў лідаркі апазіцыі Святланы Ціханоўскай пра тое, што яна «ўсяго толькі хатняя гаспадыня».

Якое ж месца займаюць у гэтай неадназначнай карціне дзяўчаты і жанчыны з фотаапаратам? Як паказала даследаванне гендарных суадносінаў «мужчынскіх» і «жаночых» гісторыяў, праведзенае Антанінай Сцебур і Ганнай Самарскай у 2018 годзе і рэпрэзентаванае ў межах Месяца фатаграфіі ў Мінску, сярод 400 актыўных удзельнікаў фотаклубнага руху ў Беларусі (1959–1982) была толькі 21 жанчына. У акрэслены перыяд пасаду старшыні фотаклубу займала толькі адна жанчына – Святлана Балашова. А сярод пераможцаў апошняга конкурсу «Прэс-фота Беларусі – 2015», напрыклад, жаночых імёнаў – менш за 20 %. Фармальна, жаданыя па іншы бок аб’ектыву, жанчыны значна часцей прысутнічаюць у візуальным полі ў ролі мадэляў і муз ды разглядаюцца як прафесійнымі фатографамі, гэтак і аматарамі як «прадмет» здымак, а не іх аўтар. Аднак нягледзячы на традыцыйную масавасць такога погляду адзіным беларускім фатографам, уганараваным прэстыжнаю прэміяй у галіне фотажурналістыкі World Press Photo, пакуль застаецца жанчына – Таццяна Ткачова. Дарэчы, сімвалічна: за працу над таксама «жаночаю тэмай» – абортамі і іх табуяванасцю ў грамадстве. Але кейс Ткачовай у нашых рэаліях – выключэнне, а не правіла. На тэрыторыі, дзе пакуль дзеюць правілы патрыярхальнай гульні, любое выказванне жанчыны-фатографа – гэта выклік.

Спробы аналізу ролі і месца жанчыны ў гісторыі ды культуры апошняга дзесяцігоддзя здзяйсняюцца нерэгулярна, але актыўна (ад сябе адзначу паспяховыя ініцыятывы ў гэтым полі – выхад адмысловага нумару часопісу pARTisanka ў 2020 годзе і калектыўную фотавыставу з праектамі жанчын-фатографаў Hold on – Let go у берлінскай галерэі aff у 2017), таму кожная падзея з падобным парадкам дня вартая ўвагі. Зарганізаваная ў межах фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Мінску», «жаночая» выстава Be a Lady польскай куратаркі Марты Шыманскай мае ўсе шанцы быць важным выказваннем з еўрапейскім рэзанансам і прапанаваць іншы погляд на вострую для Беларусі тэму – магчыма, у той самай «патрэбнай» крытычнай адлегласці, якая цяпер асабліва актуальная.

Вольга Бубіч

фотакрытык, каманда Месяца фатаграфіі ў Мінску