Юлія Лейдзік “Ideał // ІДЭАЛ” (9-23.10)

Гэты праект увасабляўся некалькі гадоў. Я прапаноўвала жанчынам з розных гарадоў Беларусі абраць ідэальны вобраз, з якім яны сябе асацыююць: канкрэтных знакамітасцяў або выпадковыя фатаграфіі з глянцавых часопісаў. «Хто з іх жыве знутры вас? Да каторай вы падобныя?»

Калі ў адказ гучала: «Вось – гэта я», ствараўся партрэт. Галерэя гэтых вобразаў – смелае падарожжа на мяжу рэальнага і ідэальнага, празрысты аповед пра двухсэнсоўнасць панятку «прыгажосць».

НАТАТКА ЎДЗЕЛЬНІЦЫ ПРАЕКТУ

«Мой ідэал, прататып, вобраз, з якім я хачу сябе атаясамліваць, адчуваючы, што гэта і ёсць я, але не тут і не цяпер, а недзе там: у марах, мроях, няспраўджаных надзеях. Увогуле, у іншым жыцці – прыгожым і яркім, якое віруе недзе далёка, але не тут і не вакол мяне. Адно імгненне – і мы разам, цяпер ужо назаўсёды. Як гармонія, рэальнасць, прыгажосць і вечнасць». Тамара.

Праект, прадстаўлены ў рамках выставы “Be a Lady”