“Be a Lady” куратарскі тэкст Марты Шыманьскай

 «Яны кажуць: будзь лэдзі. Твая спадніца занадта кароткая. Твая майка занадта адкрытая. Твае нагавіцы занадта ў абліпку. Не агаляйся так моцна (…). Яны кажуць: будзь лэдзі. (…) Не прыцягвай да сябе ўвагі. Не працуй дапазна. Пазбягай пошлых жартаў. (…) Не тусуйся начамі. Нікому не давярай. Не кажы «так». Не кажы «не».

Гэта першыя і апошнія радкі маніфесту амерыканскай пісьменніцы і феміністкі Камілы Рэйнвіл, з якога ўзятая назва выставы. Тэкст паказвае, наколькі складана «быць жанчынай», што жыве ў хітраспляценнях забаронаў, правілаў і гендарных стэрэатыпаў. Яна  кажа пра «жанчыну» як пра культурны канструкт, які фармаваўся цягам тысячагоддзяў праз прызму так званага мужчынскага погляду (англ. male gaze). У фемінісцкай крытыцы «мужчынскім поглядам» называюць спосабы прэзентацыі свету, у тым ліку жанчын, з пазіцыі гетэрасексуальнага мужчыны. І гэтае дамінантнае бачанне, упісанае ў нашую культуру, выхаванне і візуальныя звычкі настолькі моцна, што яно адносіцца як да жанчын, так і да мужчын. Гэта значыць, што і мужчыны, і жанчыны несвядома выкарыстоўваюць «мужчынскі погляд». Жанчына, паказаная з гэтага пункту гледжання, звычайна безабаронная, слабая, замкнёная і падпарадкаваная. Гэтыя культурныя коды выключна моцныя ў фатаграфіі, асабліва ў рэкламнай, а таксама ў тысячах фотаздымкаў, якія штодня з’яўляюцца ў сацыяльных сетках. Такім чынам, фатаграфія – надзвычай магутны і ўплывовы сродак выражэння з вялізных ахопам – таксама адказвае за ўмацаванне гендарных стэрэатыпаў.

 Свядомую дыскусію з гэтымі стэрэатыпамі мастачкі (а ўсё часцей і мастакі) вядуць з 1970-х гадоў. Аднак рух «жаночага погляду» за апошнія гады набыў у фатаграфіі выключную сілу. Асноватворным для «жаночага погляду» (англ. female gaze) выступае ўяўленне свету праз прызму, адрозную ад «мужчынскай», што культурна дамінуе цягам доўгіх гадоў, і такое ўяўленне прадугледжвае разнастайнасць у адлюстраванні рэчаіснасці. Цяпер фатографкі з вялікім энтузіязмам бяруць удзел у дэбатах аб становішчы жанчын у мастацтве і фотаіндустрыі ды асабліва актыўна змагаюцца з гендарнымі стэрэатыпамі, паказваюць альтэрнатыўныя пункты гледжання на так званыя мужнасць і жаноцкасць.

 Ганна Бундзелева, Даша Бубен, Дзіна Даніловіч, Юлія Лейдзік, Маша Святагор, Вольга Кірылава, Таццяна Ткачова і Жанна Гладко кідаюць выклік і супрацьстаяць гэтым стэрэатыпам: яны даюць слова жанчынам, выкарыстоўваюць уласны досвед, прапаноўваюць новыя вобразы жаноцкасці, паказваюць, як з пяшчотаю, увагай і без аб’ектывізацыі можна сфатаграфаваць іншага чалавека.

 Жанчыны свядома выказваюцца, у тым ліку ў фатаграфіі. Сёння гэта важна як ніколі. Яны сцвярджаюць: будзь лэдзі – калі хочаш. Скажы «так» – калі адчуваеш, што табе гэта пасуе. Скажы «не» – калі гэтага патрабуе сітуацыя.

Куратарка: Марта Шыманьска 

Мастачкі: Ганна Бундзелева, Даша Бубен, Дзіна Даніловіч, Юлія Лейдзік, Маша Святагор, Вольга Кірылава, Таццяна Ткачова, Жанна Гладко