Пра фестываль

У верасні 2017 г. чацвёрты год запар у Беларусі будзе праходзіць МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – міжнародны фестываль, пакліканы пашыраць разуменне фатаграфічнага медыуму, спрыяць развіццю культурнага поля і ўмацаванню статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце.

За час працы фестывалю ў яго імпрэзах былі задзейнічаны фатографы, арт-крытыкі і куратары з 11 краінаў. На 12 пляцоўках Мінску і Гродна праходзілі культурныя і адукацыйныя сустрэчы з удзелам гасцей з Аўстраліі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі. На сённяшні момант агульны ахоп аўдыторыі фестывалю склаў каля 500 000 гледачоў.

Мінулаю восенню МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ ўпершыню быў заяўлены як тэматычны. На пяці выставах асноўнай праграмы, якая займала прастору ангара сталічнага ЦЭХа, аўтары і фотакалектывы з розных перспектываў разглядалі апазіцыю «цэнтр/перыферыя». І калі ў 2016, прапанаваўшы такую, на першы погляд, геаграфічную праблему, мы хацелі падкрэсліць шырыню і дынаміку фатаграфіі, то тэма фестывалю-2017 адлюстроўвае супрацьлеглы кірунак.

Сітуацыя ў культурным і арт-асяродку Беларусі і свету падштурхнула нас абраць у якасці канцэптуальнага пункту адліку тэму «калектывізацыі». Разам з гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю мы хочам прапанаваць вывучыць самыя розныя значэнні, якія могуць асацыявацца з гэтым паняткам і, магчыма, адысці ад тых, што традыцыйна звязваюць яго з гісторыяй Савецкага Саюзу. «Паглыбленне» сёлета адбудзецца і на ўзроўні краіны: выставы і імпрэзы МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ пройдуць не толькі традыцыйна ў Мінску і Гродне, але і ў Брэсце і Каптарунах – арт-вёсцы, арганізаванай пісьменнікам Артурам Клінавым і тэатральным крытыкам ды рэдактаркай часопіса «pARTisan» Таняй Арцімовіч на беларуска-літоўскай мяжы.

Асноўная экспазіцыя МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2017 стартуе 6 верасня 2017 года на пляцоўцы новай прасторы «Сталоўка XYZ» і будзе ўлучаць 6 выставаў, кожная з якіх па-свойму падыходзіць да семантычнага поля «калектыўнага». Мы ўпэўненыя, што кола інтэрпрэтацыяў «калектывізацыі» значна пашырыцца і выйдзе за межы феномену першых дзесяцігоддзяў існавання СССР, які апісвае аб’яднанне аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калгасы, калі мы звернемся да ўтваральнага слова – лацінскага collectivus (‘зборны’) – і разгледзім яго з пазіцыяў сённяшніх рэаліяў.

Архіўнай фатаграфіі, якая зважае на метафізічныя аспекты калектыўнасці як пераемнасці роду, у межах цэнтральнай экспазіцыі фестывалю прысвечаныя дзве выставы: «Што не ўмірае, не жыве» з дакументальнымі здымкамі Яна Сівіцкага і Багуслава Аўгустыса пахавальных рытуалаў і «Найлепшы бок» маладога беларускага праекту «ВЕХА» – ініцыятывы, што дапамагае аднаўляць, правільна захоўваць і збіраць сямейныя архівы.

«IS(not)» – гісторыі пра Ісландыю, «старажытны кантынент, населены эльфамі і апанентамі ЕС», ад польска-беларускага калектыву «Sputnik Photos» дэманструе патэнцыял групавой працы ў галіне фатаграфіі, якая дазваляе, пераадольваючы стэрэатыпы, «калектыўна» падысці нават да вывучэння тэмы, культурна далёкай аўтарам.

«Выклік дахаты» – вынік кааперацыі яшчэ аднаго калектыву, «Indie», эксперымент, падчас якога, абмяняўшыся ключамі ад кватэраў, 12 ізраільскіх фатографаў знялі ў кожнай з іх праект, які адлюстраваў аўтарскае разуменне слова «прыстанак», тым самым падымаючы пытанні схаванага і асабістага, калектыўнага і прыватнага, бачнага іншым і нябачнага нам.

Даследаванню суіснавання гістарычных калектыўных наратываў і асабістых, больш схаваных, наратываў жанчын-актывістак у барацьбе за незалежнасць прысвечаная выстава «Жаночы эмансіпаваны праект: між утопіяй і рэчаіснасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)». На ёй будуць паказаныя партрэты ўкраінскіх жанчын-вайсковак і жанчын, якія ваююць, творы Жанны Капуснікавай і фільмы «Маляваны рай» пра беларускую мастачку-прымітывістку Алёну Кіш (аўтарка сцэнара і рэжысёрка – Галіна Адамовіч) ды «Палута Бадунова: згадаць і не забыць» (рэжысёр Валерый Мазынскі).

Беларуская фатаграфія будзе рэпрэзентаваная праектам Вольгі Бубіч «Больш, чым Я» (куратары Артур Бондар і Аксана Юшко) пра феномен чарнобыльскіх дзяцей, якія ў межах гуманітарных праграмаў выязджаюць з 1991 года на аздараўленне ў Еўропу і Паўночную Амерыку. Адно з крытычных пытанняў выставы – супрацьпастаўленне «асабістага» і «калектыўнага», звязанага як з бюракратычнай сістэмай, гэтак і з вялікшым, глабальным светам, часткаю якога ў цяперашні час паступова робяцца і дзеці.

На святочным адкрыцці фестывалю 6 верасня, а таксама 8–9 верасня (у межах святкавання Дня горада) на сценах мінскай ратушы будуць паказаныя праекцыі французскага візуальнага мастака Клемана Брыена, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускай сталіцы і традыцыяў рэгіёну.

Паралельная праграма МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ задзейнічае яшчэ 6 пляцовак. Гэта галерэя «Ў», Мінск (выстава Андрэя Лянкевіча «Бывай, Радзіма!» і выстава “VORTEX PREVIEW” ад Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”), прастора «Крылы халопа», Брэст (групавая выстава «BY NOW»), фотаклуб «Святласіла», Паставы (выстава дзіцячай фатаграфіі) і арт-вёска Каптаруны (выстава па выніках пленэру-2017).

Адмысловымі гасцямі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ, якія наведаюць імпрэзы асабіста і правядуць у межах фестывалю майстар-класы, лекцыі і прэзентацыі, стануць Міхал Лучак (калектыў «Sputnik Photos», Польшча), Гжэгаж Дамброўскі («Albom.pl», Польшча), Клеман Брыен (пры падтрымцы амбасады Францыі) і Міхаэль Шэфер (пры падтрымцы Інстытута Гётэ).

Гістарычны складнік сёлета працягнецца супрацаю фестывалю з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, у сценах якога будзе паказаная выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы. У межах закладзенай у 2016 годзе серыі альбомаў «Бібліятэка МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ» выйдзе каталог з працамі гэтага класіка беларускай фатаграфіі. Выстава пройдзе з 10 па 29 кастрычніка.

Інфармацыйная падтрымка – TUT.BY, «Unistar», Citydog.by, «Беларусский журнал».