Сяргей Лескець. “AGRO”, 02.10 — 31.10

Аграгарадок Заскавічы Маладзечанскага раёна. Маладая пара, Юра і Тоня, марыць жыць ва ўласным доме ў вёсцы

Я пачаў здымаць праект пра беларускія аграгарадкі, каб разабрацца ў сваім пакаленні і той моладзі, што засталася жыць у вёсках, у сваіх аднагодках, якія ўдзельнічаюць у дзяржпраграме «развіцця вёскі». Я хацеў пераасэнсаваць іхні і свой выбар. Я імкнуўся дакументаваць сваю эпоху, дзве пяцігодкі «вясковага рэнесансу» ‒ унікальны сацыяльны праект, характэрны для нашай краіны і для нашага часу, тыя трансфармацыі, якія праходзіць наша грамадства.

Я рос і сталеў разам з героямі маіх здымкаў, хадзіў з імі ў адну школу, бавіў вольны час і наведваў дыскатэкі. Таму я лёгка знаходзіў з імі супольную мову. Але тыя апошнія 10 гадоў, якія я жыў у Мінску (вучоба ва ўніверсітэце, праца, падарожжы), вельмі моцна мяне аддалілі ад маіх вясковых аднагодкаў і дапамаглі мне зірнуць на гэтае візуальнае даследаванне збоку, звярнуць увагу на рэчы, якія былі калісьці звыклымі для мяне і якія раскрываюць характар і ідэалы маіх герояў. З іншага боку, я часта лавіў сябе на думцы, што здымаю сваю альтэрнатыўную біяграфію, тое, якім было б маё жыццё, калі б я застаўся жыць у вёсцы.

Размаўляючы з маімі героямі, я пачаў разумець, што пераезд у аграгарадок для выпускнікоў каледжаў і тэхнікумаў з’яўляецца своеасаблівым актам згоды на дарослае жыццё. Ім, у адрозненне ад іншых аднагодкаў, не трэба браць крэдыты або стаяць у чарзе, каб пабудаваць жыллё, жыць з бацькамі або здымаць кватэру. З іншага боку, самі таго не падазраючы, яны сыходзяць у тую ж «бацькоўскую зону камфорту», дзе дзяржава стварае для іх умовы і забяспечвае побыт «горада ў вёсцы», але абмяжоўвае выбар будучыні.

Сяргей Лескець

02.10 — 31.10
Ангар «ЦЭХа»
Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 50 000. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 25 000. Дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

02.10
Адкрыццё выставы
Ангар «ЦЭХа», 19:00