Года Афшар, Оўэн Лi Oн, Сайман Гарсэнт, Рэй Кук. «Міфы пра перамены». Куратар Эласдар Фостэр. 09.09 — 07.10

Оўэн Леонг. Райна, 2010

Оўэн Леонг. Райна, 2010

Свет, у якім мы жывём сёння, – гэта свет пераменаў. Усё мяняецца, і шквал наступстваў лучыць гэтыя перамены. Культуральная дыяспара спрыяе павелічэнню колькасці міжкантынентальных перасоўванняў, што, у сваю чаргу, выклікае павышэнне атмасфернай тэмпературы праз шкодныя выкіды і раставанне леднікоў. Глабальная міграцыя ўзбагачае наш народ, але таксама выклікае ў адказ нецярпімасць да ўсяго новага ці іншага. Паняцце мультыкультуралізму цесна звязана з паняццем этнічнага стэрэатыпу. Варта толькі пачаць павазе і спагадзе квітнець, як нецярпімасць успыхвае бы на ўзмах чароўнай палачкі, адцягваючы нашу ўвагу ад таго, што сапраўды важна, і падтрымліваючы ў нас ілюзію неабмежаванай сілы.

Перамены – гэта водгаласы дзвюх крайнасцяў: надзеі і страху, талерантнасці і пераследаў, імі і намі, любові і нянавісці, цяпла і холаду… Аднак ёсць нешта такое, што аб’ядноўвае ўсе перамены. Гэта тое, што іх робяць людзі. Мы – ініцыятары пераменаў – любых: добрых, кепскіх і нават самых жудасных. Мы – неспакойныя істоты, вечна імкнёмся, ідзём кудысьці, не заўсёды дакладна ведаючы куды і чым можа скончыцца пачатае.

Перамена – гэта магутная сіла, якую цяжка ахапіць розумам; перамена ўсюдыісная і ўсё ж надзіва няўлоўная. Часта некаторыя рэчы прасцей зразумець, прачытаўшы пра іх або пачуўшы, чым спасцігнуць іх напоўніцу на ўласным досведзе. Кожны з чатырох аўстралійскіх мастакоў – удзельнікаў гэтай выставы – даследуе пэўны бок нашага свету ў няспынным руху, яго клубок дзеяння і процідзеяння, быцця і небыцця. Іх выявы ўтрымліваюць выказванні пра змены ў самых розных сферах: прыватнай, сацыяльнай, культурнай, экалагічнай. У кожным выпадку яны падыходзяць да пытання ўскосна, на паэтычнай мове алегорыяў, гаворачы пра адаптацыі, змешванні, метамарфозы і растварэнні.

Года Афшар

Года Афшар – фатограф персідскага паходжання. Ейная серыя «Паміж сусветамі» распавядае пра цяжкасці імігрантаў, якія вымушаныя «ўпісвацца» ў аўстралійскае грамадства. На фотаздымках, якія адсылаюць нас да старажытнаперсідскага жывапісу з райскімі садамі, якія сімвалізуюць сусвет, людзі паўстаюць у традыцыйных персідскіх строях з тыповымі атрыбутамі паўсядзённага жыцця звычайных аўстралійцаў (шакаладная паста Vegemite, барбекю, сэрфінг, рэгбі, ротарныя сушылкі для адзення папулярнай у Аўстраліі фірмы Hill’s Hoist і інш.) і піва…

У сваёй працы Года Афшар супрацьпастаўляе дзве мадэлі жыцця: прыземленых аўстралійцаў (грубых і пашлаватых) і вытанчаных персаў (далікатных і натхнёных). Яны абедзве непаўнавартасныя, і ніводная з іх не ў стане апісаць складанасць асобы, не кажучы ўжо пра грамадства. За камічнасцю гэтых вобразаў хаваюцца не толькі этычныя праблемы, якія ператвараюць імігрантаў у нейкія абстрактныя пародыі на нацыянальны характар, але і тэндэнцыя эмігрантаў да ідэалізацыі сваёй радзіму здалёк.

Оўэн Лi Он

У серыі «Радзімка» Оўэн Лі Он даследуе стаўленне да азіятаў у Аўстраліі, «клімат» успрымання іх асноўным насельніцтвам. Аўтар выкарыстоўвае ў якасці метафары вобраз богангскага матыля, які велізарнымі раямі мігруе на поўдзень, у Аўстралію. Людзі з азіяцкім абліччам, якіх у Аўстраліі называюць проста «азіятамі», не беручы пад увагу, з якой краіны Усходняй Азіі тыя прыехалі, паўстаюць на фотаздымках Лі Она ў масках – з нанесенымі на твары выявамі крылаў матыля. Гэтая серыя партрэтаў адкрыта крытыкуе ўспрыманне іміграцыі як заражэння і дазваляе адчуць індывідуальнасць кожнага асобнага чалавека з ягонаю/ейнаю ўласнаю гісторыяй. Раны на некаторых здымках сімвалізуюць псіхалагічную траўму. Такім чынам забабоны ды рэальнасць чалавечых адрозненняў паказаныя як найдалікатнейшая супярэчнасць.

Сайман Гарсэнт

Серыя «Раставанне» Саймана Гарсэнта – гэта антрапаморфныя «партрэты» айсбергаў у грэнландскім фіёрдзе Ілюлісат, на якіх яны выяўленыя як асобы, а не проста як прыгожыя прыродныя з’явы. Асноўная ідэя серыі – у тым, што праз глабальнае пацяпленне ўсё больш айсбергаў адколваецца ад ледавікоў Арктыкі ды імкліва растае. Аднак гісторыі айсбергаў для фатографа – не проста сведчанне экалагічных праблемаў, але і развагі пра ўласную недаўгавечнасць. Шлях, які мы абіраем, вызначае нашую будучыню, рашэнні, якія мы прымаем, могуць змяніць усю хаду жыцця. Гэта нейкі біяграфічны «эфект матыля».

Аўтар прасочвае шлях велізарных і велічных айсбергаў ад затокі Дыска ля заходняга ўзбярэжжа Грэнландыі і да ўсходняга ўзбярэжжа Ньюфаўндлэнду. Пры канцы свайго падарожжа яны, знявечаныя непагаддзю, бясследна распускаюцца ў акіяне, адкуль аднойчы паўсталі. Натуральная хада рэчаў – адначасова і перасцярога. Мы не ў стане знішчыць планету, але можам зрабіць яе непрыдатнаю для жыцця чалавека.

Рэй Кук

Рэй Кук цягам усяго творчага шляху даследаваў зменлівасць лёсу меншасці, якая перабывае ў супярэчнасці са звыклымі нормамі большасці. Гэта гісторыя пра вечную плынь, у якой зліваюцца свабода і пераслед, прага да жыцця і хваробы, нечакана падоўжанае жыццё і непрадбачаная старасць. У гэтай бітве перамагаюць, каб ізноў саступіць. Гэта гісторыя супраціву і выжывання шляхам адаптацыі. Калі кпяць з цябе – стань блазнам; калі праганяюць са святла – жыві ў ценю з бляскам; ператвары ў прыгажосць кітч, а ўтоенасць – у братэрскія сувязі.

Лялечны дом сімвалізуе мяжу паміж тым, што звонку і ўнутры, паміж асабістым і публічным. Унутры дома – чароўны сусвет з папяровымі зоркамі ды трапяткімі фіранкамі; мужнасць на мяжы чорнага гумару. Гэта гульня, у якой упярэджанасць пераварочваецца дагары нагамі ды плаўна пераліваецца ў маўклівую эмблему веры ў сябе. Гэта гульня на выжыванне. Абараніць тое, што ляжыць унутры, пад панцырам наўмыснага цынізму. «Грошы наперад, і ніякіх пацалункаў».

Эласдар Фостэр (куратар)

Эласдар Фостэр – кансультант, які спецыялізуецца на міжнародных культурных праектах, даследнік тэорыі фармавання палітыкі ў галіне мастацтва. Мае 20-гадовы стаж кіравання нацыянальнымі арт-інстытуцыямі ў Еўропе і Аўстраліі, больш як 25 гадоў працуе ў недзяржаўным сектары (як сябра разнастайных радаў і як адзін з чальцоў каманды). Эласдар Фостэр заснаваў Fotofeis, уганараванае шматлікімі ўзнагародамі міжнароднае біенале каляфатаграфічнага мастацтва ў Шатландыі, ды з 1991 да 1997 года займаў пасаду яго дырэктара. З 1998 да 2011 года таксама быў дырэктарам Аўстралійскага цэнтру фатаграфіі.

Эласдар – амбасадар Азіяцка-ціхаакіянскага фотафоруму, сябра-заснавальнік Міжнароднай сеткі фатаграфічных цэнтраў і сузаснавальнік Асацыяцыі дырэктараў міжнародных фотафестываляў (цяпер вядомая як the Festival of Light). Працаваў у рэдактарскай групе часопісу Black Flash (Канада), а таксама займаў пасаду міжнароднага дарадцы Fotofo (Міжнароднага фестывалю фатаграфіі ў Браціславе). У 2011-м быў навуковым кансультантам на Міжнародным фотафестывалі ў Пін-Яў (першым некітайскім кансультантам самай вялікай ды найстарэйшай падзеі ў свеце кітайскай фатаграфіі).

Фостэр арганізаваў сотні выставаў, у тым ліку буйныя ў Нацыянальнай галерэі Тайланду, Бангкок; на фестывалі Chobi Mela (Бангладэш); на Брайтанскім фестывалі (самы буйны фестываль мастацтваў у Англіі), у музеі Samstag, Адэлаіда (Аўстралія); у галерэі Photographers’, Лондан (Брытанія); на фотафестывалі Naarden (Нідэрланды); Photoquai, Парыж (Францыя); на Міжнародным фотафестывалі ў Пін-Яў (Кітай); у акадэміі Shilpakala, Дака (Бангладэш); у Сеульскім музеі фатаграфіі (Карэя); у Абэрдынскай галерэі мастацтваў (Шатландыя); у Сінгапурскім музеі мастацтва і Музеі выяўленчага мастацтва, Тайбэй (Тайвань).

Эласдар Фостэр зрабіў свой унёсак у стварэнне шэрагу кніг, ён аўтар тэкстаў для газетаў, часопісаў і каталогаў – у розных частак свету.

Выстава арганізавана PhotoVisa International Festival of Photography і Cultural Development.

09.09 — 07.10
Ангар «ЦЭХа»
Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

09.09
Адкрыццё выставы
Ангар «ЦЭХа», 19:00

10.09
Экскурсія па выставе «Міфы пра перамены» ад Ірыны Чмыровай

Ангар «ЦЭХа», 15:00
Уваход па білеце на выставу