Лекцыя Альмiры Усманавай «Этыка і паэтыка імгенння (смерці)» i сустрэча з фотажурналiстамi Аляксандрам Васюковічам і Васілём Фядосенка 30.10

Alexander Vasukovich

Alexander Vasukovich

Фатаграфія непарыўна звязаная з тэмай смерці: іх аб’ядноўвае прысуд імгення, незваротнасць адбытага і непазбежнае перажыванне страты. Архівы гісторыі захоўваюць мноства слядоў і сведчанняў гэтай пакутлівай блізкасці. Пры гэтым уласна ваенная фатаграфія — не адзіны жанр, які адлюстроўвае смерць і пратакалюе пакуты: прыцэльны позірк фатографа фіксуе не толькі ваенныя злачынствы, але таксама мноства штодзённых стратаў і часам «нагадвае» нам пра тое, што жыццё (пасля-) можа аказацца страшнейшым за смерць. І калі мы схільныя думаць, што трагедыя неўяўляльная, бязвобразная, то фатаграфія даказвае адваротнае, надаючы «форму» смерці і міжвольна яе паэтызуючы.

Фатограф, што здымае смерць, таксама асуджаны на пакуту, але пры гэтым ваенныя фатографы заўжды былі пад падазрэннем — ці то гераічныя рамантыкі, ці то ананімныя выканаўцы, што ўсяго толькі адпрацоўваюць руцінную замову рэпрэсіўных апаратаў улады. Аднак «благая слава» нярэдка налучае і даследчыкаў, якіх цікавіць праца медыюма: траўматычны рэферэнт злавеснай фатаграфіі накладае табу на пытанне пра Форму (калі мець на ўвазе, што фатаграфія — насуперак усяму — не толькі дакумент, але і эстэтычны феномен). Не менш праблематычнай у этычным сэнсе аказваецца і пазіцыя гледача: камера, што занатоўвае апошняе імгенне чыйгосці жыцця ці ператварае ўжо знерухомленае цела ў ганебны аб’ект для разглядання, з лёгкасцю «пазычае» забойчы погляд, робіць гледача не сведкам і не відавочцам, а саўдзельнікам, які мімаволі апынуўся на месцы злачынства або трагедыі.

Вяртаючыся да некаторых тэкстаў Вірджыніі Вульф, Сьюзан Зонтаг, Жоржа Дзідзі-Юбермана і Алена Флейшэра, у сваёй лекцыі я хацела б акрэсліць кола даследчыцкіх пытанняў, што тычацца этыкі і паэтыкі апошняга імгнення, фатаграфіі ды межаў рэпрэзентацыі, а таксама праблемы выкарыстання «архіваў смерці» ў гістарычным даследаванні.

Пасля лекцыі адбудзецца сустрэча з дзвума фотажурналiстамi, Аляксандрам Васюковічам і Васілём Фядосенка, якія прадставяць свае апошнія праекты, раскажуць аб працэсе іх стварэння і падзеляцца асаблівасцямі працы ў палявых умовах.

30.10, 19.00
Прастора ЦЭХ
Мiнск, пр. Незалежнасці 58, к.6 (праход праз вул. П.Броўкі) левы пад’езд, 2 паверх.
+375296868333, events@cech.by
Штодня ад 10.00 да 22.00.