Прэзентацыя альбому Валерыя Лабко «Заўтрашняя фатаграфія», 07.10

Арганізатары фестывалю распачынаюць штогадовую серыю «Бібліятэка Месяца фатаграфіі ў Мінску». Задача выдання – пазнаёміць шырокую аўдыторыю з дзейнасцю і творчасцю беларускіх аўтараў, якія адыгралі важную ролю ва ўмацаванні статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва ды яе інстытуалізацыі ў Беларусі. Таксама серыя пакліканая сфармаваць матэрыяльную базу: архіў дакументаў, фатаграфіяў і тэкстаў, што апісваюць розныя перыяды гісторыі беларускай фатаграфіі.

Сімвалічна, што першы альбом серыі прысвечаны дзейнасці ідэйнага натхняльніка Мінскай школы фатаграфіі – Валерыя Лабко. Як аўтар, у сваіх творчых перавагах ён заставаўся верны Фатаграфіі, якая здараецца ў момант асаблівага кантакту фатографа і асяроддзя: «Памятаеце, у дзённіках у Арбус: I don’t press the shutter… The image does». Валерый стаў медыятарам між фотаклубным рухам аматарскай фатаграфіі ў Мінску і генерацыяй новай аўтарскай фатаграфіі Мінскай школы. Гэты якасны пераход ад выразных эстэтычных кадраў аматараў да «імкнення стварыць новую крытычную мову» (Х. Ээрыкяйнэн) быў ініцыяваны, у першую чаргу, самім Лабко. Адначасова з перадачаю фотарамяства хвалявала яго і фармаванне творчага пажыўнага асяроддзя. У аўтабіяграфічным тэксце «Заўтрашняя фатаграфія», напісаным за год да смерці, Лабко разважае пра сваё месца ў працэсе нараджэння Аўтара заўтрашняй беларускай фатаграфіі.

Гэты альбом – амаж творцу, створаны пераважна намаганнямі вучняў Лабко розных пакаленняў. Выданне ўлучае ў сябе серыі працаў фатографа, якія раскрываюць яго як майстра «падвойнай спецыялізацыі»: партрэту-стану (раздзел «Палессе», серыя «Беларускі балет», «Беларускі клімат») і стрыт-фатаграфіі (раздзел «Next Stop – Soviet»). Здымкі ідуць у храналагічным парадку і суправаджаюцца аўтарскімі каментарамі.

07.10
Прастора «ЦЭХ», 19:30

вул. Кастрычніцкая, 16
Уваход на прэзентацыю вольны