Афiцыйнае адкрыццё «Месяца фатаграфii ў Мiнску — 2016»

У верасні 2016-га ў Беларусі пройдзе МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – падзея, якая вось ужо трэці год запар звяртае ўвагу на фатаграфію як тэму, інструмент і нагоду для дыялогаў, дыскусіяў, абмену досведам з тэарэтыкамі ў галіне візуальных доследаў і фатографамі-практыкамі з Беларусі ды краінаў рэгіёну.

За два гады працы ў імпрэзах МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ ўзялі ўдзел фатографы, арт-крытыкі ды куратары з 9 дзяржаваў. На 11 пляцоўках Мінску і Гродна прайшлі культурныя і адукацыйныя сустрэчы з удзелам гасцей з Беларусі, Украіны, Расіі, Нямеччыны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Францыі і Вялікай Брытаніі. Агульны ахоп аўдыторыі фестывалю склаў каля 500 000 гледачоў.

Імклівае пашырэнне геаграфіі, дынаміка і рост цікавасці з боку беларускай публікі ды замежных гасцей да імпрэзаў МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ прымусіў каманду перагледзець фармат фестывалю і ўпершыню за тры гады зрабіць яго тэматычным. У якасці тэмы МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2016 была заяўленая апазіцыя «цэнтр/перыферыя»: для стварэння асноўнай праграмы фестывалю мы адабралі 5 выставаў, якія можна будзе ўбачыць у ангары арт-прасторы ЦЭХ з 9 верасня 2016 года.

Нязменныя, аднак, застаюцца мэты МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ: вяртанне ў культурны ўжытак забытых імёнаў класікаў беларускай фатаграфіі, знаёмства публікі з актуальнымі праектамі аўтараў з суседніх краінаў і фатографаў-пачаткоўцаў з Беларусі.

5 выставаў асноўнай праграмы МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ пазнаёмяць гледачоў з візуальнымі выказваннямі на тэму ўзаемадачынення «цэнтру» і «перыферыі»: ад іх літаральнай, геаграфічнай, інтэрпрэтацыі да падыходаў, якія паставяць перад намі самыя нечаканыя пытанні. Гэтак, асноўная праграма фестывалю ўлучае выставы «Праект «Сочы» знакавага галандскага фатографа Роба Горнстры, «Stand BY» польскага фотакалектыву «SPUTNIK», «Міфы пра перамены» групы сучасных аўстралійскіх фатографаў (Года Афшар, Оўэн Лі Он, Сайман Гарсэнт і Рэй Кук) і рэтраспектыўную выставу беларускага фатографа Валерыя Лабко. На фестывалі-2016 публіцы таксама будзе прэзентаваны дэбют беларускага калектыву LĒD – разнапланавая экспазіцыя под назваю «Набыты рэфлекс», сабраная Максімам Дасько, Ганнаю Леванковай, Аляксеем Навумчыкам, Аляксандраю Салдатавай, Максімам Сарычавам і Аляксандрам Міхалковічам, якія паспелі ўжо здабыць паклоннікаў сярод аматараў канцэптуальнай і арт-фатаграфіі.

Паралельная праграма МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ задзейнічае яшчэ 5 пляцовак Мінску і Брэсту, запрашаючы гледачоў пазнаёміцца з экспазіцыямі з Польшчы («Патройны партрэт»), Францыі (супольны праект Клемана Брыена і беларускіх аўтараў, зарганізаваны Амбасадаю Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, які будзе паказаны пры падтрыманні EISENBERG Paris, парфумерна-касметычнага брэнду прыгажосцi і раскошы, у сэрцы якога ляжаць перадавыя тэхналогіі і ўнікальныя распрацоўкі), Нямеччыны (Leap in Time) і Беларусі (выстава фатаграфiй з калекцыi Юрыя Васільева, а таксама праект «Канкрэтна-эмацыйнае»: між помнікам і рытуалам», які курыруе Аляксей Барысёнак).

Адмысловымі замежнымі гасцямі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2016, якія наведаюць імпрэзы асабіста і правядуць у межах фестывалю майстар-класы, лекцыі ды прэзентацыі, стануць Роб Горнстра, Клеман Брыен, Агнешка Райс, Андрэас Рост, Ірына Чмырова і Томас Каўняцкас.

Важнаю гістарычнаю старонкай фестывалю стане запуск серыі альбомаў «Бібліятэка МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ», прысвечанай класікам беларускай фатаграфіі ды маладым аўтарам, якія пакуль не маюць уласных аўтарскіх публікацыяў. У 2016 годзе «Бібліятэку» распачне альбом «Заўтрашняя фатаграфія» з працамі адной з цэнтральных фігураў беларускай фатаграфіі 1980–2000 гадоў – Валерыя Лабко.

Так, 9 верасня ў прасторы «ЦЭХа» вы зможаце пабачыць:

― выставу сучаснай аўстраліскай фатаграфіі – Года Афшар, Оўэн Лi Он, Сайман Харсэнт, Рэй Кук. «Міфы пра перамены». Куратар Аласдэр Фостэр
― SPUTNIK. “Stand BY” (фатографы: Андрэй Лянкевіч, Агнешка Райс, Ян Брыкчыньскі, Адам Паньчук, Рафал Мілях, Юстына Мельнікевіч і Манца Юван). Куратар: Анджэй Крамаж
― выставу класіка беларускай фатаграфіі Валерыя Лабко «Заўтрашняя фатаграфія»
― праект калектыву LĒD «Набыты рэфлекс» (Максім Дасько, Ганна Леванкова, Аляксандр Міхалковіч, Аляксей Навумчык, Аляксандра Салдатава, Максім Сарычаў)
― неверагодны праект «Сочы» (фатаграфіі: Роб Горнстра, тэксты: Арналд ван Брухэн)
― а таксама праекцыі на адкрыцці ад французскага фатографа Клемента Брыенда сумесна з дзесяццю беларускімі фатографамі.

Музыкальная праграма фестывалю будзе прадстаўлена джазавай iправiзацыяй.
Джазавая імправізацыя – гэта палёт фантазіі выканаўцаў з фантастычным прафесіяналізмам. Музыка, якая найлепш пасуе для поўнага суналаджвання і сузірання візуальнага мастацтва. Таму для адкрыцця Месяца фатаграфіі сабралі адмысловы склад Джазменаў з вялікай літары Д, артыстаў, здольных перадаць прыгажосць моманту тут і цяпер.

Зорны склад беларускага джазу:

Канстанцін Гарачы, піяніст-віртуоз, джазавы арганіст, аранжыроўца. Напэўна, прасцей пералічыць, з кім з беларускіх артыстаў і калектываў Косця не супрацоўнічаў. Ён удзельнічае і ў міжнародных праектах.
Аляксандр Сапега, бубнач джаз-бэнду Apple Tea, выкладчык, арганізатар конкурсу «Барабанны біт».
Павел Арлоў, малады амбітны бас-гістарыст. Яшчэ нядаўна бліскуча закончыў Растоўскую кансерваторыю, а ўжо паспеў паграць у самых вядомых джазавых калектывах Беларусі і Расеі, а таксама стаць лаўрэатам прэстыжных музычных прэміяў.

Iнфармацыйныя спонсары – партал Tut.by, радыё Unistar i CityDog.by.

Месяц Фатаграфіі ў Мінску – 2016 праходзіць пры падтрыманні брэндаў EISENBERG Paris і DEPPA, ды Інстытуту Гётэ ў Мінску.

EISENBERG Paris – гэта ўнікальны брэнд прыгажосці і раскошы, якi вызначаецца перадавымi тэхналогіямi і дасканалымi распрацоўкамi.

DEPPA – 10 гадоў ствараем аксэсуары для вашых дэвайсаў.

09.09
Ангар «ЦЭХа», 19:00 — 01:00

Кастрычніцкая, 16
Уваход вольны