Аляксандр Васюковіч. «Кожная трэцяя», 02.10 — 31.10

Аляксандр Васюковіч, з серыi «Кожная трэцяя»

Аляксандр Васюковіч, з серыi «Кожная трэцяя»

Кожная трэцяя беларуска падвяргалася фізічнаму гвалту ў сям’і. 77% суайчынніц перажывалі вопыт хатняга гвалту: псіхалагічны, сэксуальны, эканамічны і фізічны.

Фатограф Аляксандр Васюковіч цягам амаль года даследаваў праблему хатняга гвалту ў Беларусі. Вынікамі працы, у тым ліку, сталі прадстаўленыя на выставе трынаццаць партрэтаў наведніц грамадскага аб’яднання «Радыслава» — арганізацыі, створанай дванаццаць гадоў таму жанчынамі, якія перажылі сістэматычныя акты гвалту, для дапамогі такім жа жанчынам. Гераіні серыі прайшлі праз усе стадыі хатняга гвалту. Яны сутыкнуліся з грамадскай стыгматызацыяй і недасканаласцю розных дзяржаўных механізмаў барацьбы з хатнім гвалтам. Гераіні серыі пачалі змаганне і выйшлі пераможцамі, поўнымі сіл раскрыць свае гісторыі і нават асобы, каб паслужыць прыкладам для кожнай беларускі, якая становіцца ахвярай гвалту ў сям’і. Працэс працы Аляксандр апісвае наступным чынам: «Задача была даволі незвычайнай: стварыць партрэты трэба было так, каб жанчын было цяжка пазнаць. Яшчэ адной умовай было, каб інтэр’еры прытулку, дзе жанчына можа схавацца ад агрэсара і атрымаць прафесійную дапамогу, таксама былі непазнавальныя. Усё ў мэтах бяспекі».

///

Наста Захарэвіч

Калі Насці было дзесяць гадоў, сужыцель яе маці стаў бессістэмна (два разы на тыдзень ці тры разы на дзень) укладваць яе на канапу, сцягваць з яе ўсю вопратку і дакранацца: «А дзесьці раз у месяц … так, не радзей, ён спрабаваў пакласці маю руку сабе ў вобласць пахвіны, але я заўсёды адхоплівала руку». Гэта цягнулася тры гады. Наста згадвае, што кожны раз ён адрываў яе ад любых заняткаў са словамі: «Час адпачыць». Калі ўсё сканчалася, часам ён прамаўляў: «Не трэба казаць маме, не будзем крыўдзіць яе. Ты ж не хочаш, каб мама хвалявалася і перажывала». Наста вельмі не хацела крыўдзіць маму, таму маўчала. Сёння дзяўчыне дваццаць адзін год, і яна нястомна змагаецца з эмацыйнымі і псіхалагічнымі наступствамі мінулага.

02.10 — 31.10
Культурная прастора «ЦЭХ»

Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 50 000. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 25 000. Дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

02.10
Адкрыццё выставы
Ангар «ЦЭХа», 19:00