Валерый Лабко. «Заўтрашняя фатаграфія», 09.09 — 07.10

Выстава фотапрацаў Валерыя Лабко працягвае знаёміць гледача Месяца фатаграфіі з дзейнасцю аўтараў, якія адыгралі важную ролю ў інстытуцыянальным станаўленні беларускай фатаграфіі. Валерый Лабко – ідэйны натхняльнік Мінскай школы фатаграфіі: скансалідаванай актыўнасці беларускіх аўтараў на Захадзе ў перыяд перабудовы і першыя гады пасля распаду СССР; натхняльнік і настаўнік некалькіх пакаленняў беларускіх фатографаў; майстар партрэту і стрыт-фатаграфіі.

У сваіх аўтарскіх працах Лабко аддаваў перавагу Фатаграфіі, якая здараецца ў момант асаблівага кантакту фатографа і асяроддзя, фатографа і партрэтаванага: «Удача прыходзіць менавіта са з’яўленнем гэтага кантакту, з «уваходжаннем» з дапамогаю камеры ў сцэну, калі ўзнікае гармонія з рытмам падзеяў, рацыянальнае кіраванне сыходзіць, і пачынаецца дзеянне зусім іншых сілаў. Памятаеце, у дзённіках у Арбус: I don’t press the shutter… The image does».

Валерый Лабко заўсёды падкрэсліваў, што «фатаграфія – гэта ўсяго інструмент. Патрэбны аўтар. Аўтар з галавой і чуйным сэрцам». Таму, можна сказаць, асноўныя намаганні прафесійнай дзейнасці Валерый Лабко накіраваў на стварэнне творчага пажыўнага асяроддзя, неабходнага для фармавання і праяўлення Аўтара, адначасова з перадачаю сакрэтаў фатаграфічнага рамяства. Гэтая выстава, як і аднайменны каталог, – даніна павагі Валерыю Лабко ад імя ягоных вучняў розных пакаленняў.

Фатограф Лабко рэпрэзентаваны на выставе як майстар «падвойнай спецыялізацыі»: партрэту-стану і стрыт-фатаграфіі. Аснову экспазіцыі склалі «візітныя карткі» аўтара: гэта серыі «Палессе», «Беларускі клімат», «Next Stop – Soviet», а таксама невядомыя працы розных гадоў. Як натхняльнік і настаўнік Лабко валодаў унікальнаю асаблівасцю аб’ядноўваць вакол сябе людзей: ствараць прастору для свабоднага творчага самавыяўлення. Паводле сродкаў інтэрактыўных імпрэзаў выстава імкнецца стаць пунктам збору і месцам сустрэчы рассеянай сёння сеткі вучняў Валерыя Лабко.

09.09 — 07.10
Ангар «ЦЭХа»

Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

09.09
Адкрыццё выставы
Ангар «ЦЭХа», 19:00