Даніэль Зайферт, Івета Вайводэ. «У калідорах памяці», 02.10 — 31.10

Івета Вайводэ. «Без назвы», з серыі «Недзе на сцежцы, што знікае», 2012—2013

Знікаюць месцы і лады жыцця. Нішто не вечнае. Часта ў выніку палітычных і эканамічных узрушэнняў за вельмі кароткі прамежак часу паступова, але амаль няспынна занепадаюць цэлыя рэгіёны. Пасля краху камуністычнай ідэі напрыканцы ХХ стагоддзя ў Еўропе адбылася моцная рэструктурызацыя, у выніку якой некаторыя раёны зазналі бум, тады як іншыя засталіся ў забыцці. Як насельніцтва гэтых рэгіёнаў дае рады ў новай сітуацыі? Хто з’язджае, а хто застаецца? Што захоўваецца і зберагаецца? Якія ўспаміны ўсё яшчэ жывуць? З вышыні ўласнага досведу маладыя фатографы Івета Вайводэ і Даніэль Зайферт у сваіх фотасерыях адлюстроўваюць аддаленыя мясціны Еўропы — Пілцэнэ ў Латвіі і Любенаў ва Ўсходняй Германіі. Яны абое ідуць па слядах стану няўпэўненасці; вакууму бяздзейнасці і аддалення, які адмаўляе якую-кольвек веру ў прагрэс і разам з тым развівае сваю ўласную ўнікальную трываласць за кошт пэўнай непадуладнасці часу.

Івета Вайводэ прыязджае ў дом сваёй сям’і, у якім дагэтуль не бывала. Гэта візуальная экскурсія ў пакаленне яе бабуль і дзядуль і разам з тым у незнаёмае і знаёмае; гэта падарожжа, у якое фатограф выпраўляецца праз пэўныя прамежкі часу — без загадзя спланаванага парадку дзеянняў ці фармальных крытэрыяў, але з адкрытасцю і цікаўнасцю. Такім чынам, этналагічнае, доўгатэрміновае даследаванне гэтага аддаленага рэгіёну Еўропы складаецца з асобных спакойных партрэтаў, ціхамірных інтэр’ераў і фотаздымкаў паэтычных краявідаў. У час, калі жыццё няспынна паскараецца, можна ў непасрэднай блізкасці ад сябе знайсці экзатычнае і незнаёмае.

Са свайго боку, Даніэль Зайферт у фотасерыі візуалізуе захапляльнае адначасовае ўзаемадзеянне маладосці і заняпаду. Больш за год ён дакументаваў лад жыцця падлеткаў горада Любенаў ва Ўсходняй Германіі, асабістае развіццё якіх супярэчыць, а то і супрацьдзейнічае іх асяроддзю. Даніэль Зайферт паказвае, як падлеткі авалодваюць гэтым маленькім гарадком удзень і ўначы. Як яны збіраюцца па адным ці групамі, каб бавіць час у скейт-парку, на аўтобусных прыпынках, у парку і на гульнявых пляцоўках так званых «панэлек». Як яны надаюць пакінутым індустрыяльным руінам — так званай безаблічнай нічынай прасторы — новы сэнс, у тым ліку і таму, што бавяць тут свой час і пакідаюць графіці на сценах.

Івета Вайводэ і Даніэль Зайферт здолелі наблізіцца да сваіх герояў, пакрысе заваяваць іх давер і адкрытасць. Усё гэта толькі вынік іх асцярожнага, далікатнага падыходу, які яны паспяхова ўжылі, каб атрымаць магчымасць зазірнуць усярэдзіну закрытай групы людзей, як гэта рабілі такія класікі дакументальнай фатаграфіі, як Ёзэф Кудзелка (Josef Koudelka), Ёакім Эскільдсэн (Joakim Eskildsen), Уолкер Эванс (Walker Evans) і Роберт Франк (Robert Frank). Фотаапарат адчыняе дзверы і спрыяе сустрэчам з людзьмі, таму фатаграфія Іветы Вайводэ і Даніэля Зайферта вельмі асабістая. У адрозненне ад дакументальнай фатаграфіі ў чыстым выглядзе, гэтыя работы апавядаюць болей пра саміх аўтараў, чым пра пэўныя мерапрыемствы ці падзеі. У сваіх серыях мастакі пашыраюць магчымасці фатаграфіі і выяўлення ёй рэчаіснасці, каб выказаць уласныя погляды і ўяўленні. Адпаведна, фатаграфія тут — не толькі спосаб зафіксаваць нешта, каб успомніць пазней, але таксама ўдумлівы зварот да механізмаў памяці, — ад прыняцця інфармацыі да яе асэнсавання.

Ан-Крысцін Бертран

02.10 — 31.10
Ангар «ЦЭХа»
Куратарка Ан-Крысцін Бертран

Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 50 000. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 25 000. Дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

02.10
Адкрыццё выставы
Ангар «ЦЭХа», 19:00

02.10
Экскурсія куратаркі С/О Berlin Ан-Крысцін Бертран па экспазіцыі выставы «У калідорах памяці»
Ангар «ЦЭХа», 19:30

Уваход вольны