Роб Горнстра, Арналд ван Брухэн. «Сочы праект», 06.09 — 06.10

“Будоўля ў зімовай сталіцы”

Роб Горнстра і Арналд ван Брухэн працавалі разам з 2007-га, каб распавесці гісторыю Сочы (Расія), месца правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў–2014. Творцы неаднойчы вярталіся ў ваколіцы, як сапраўдныя прыхільнікі «павольнай журналістыцы», ствараючы трывалую аснову для доследаў і ўзаемадзеяння з гэтым невялікім, але ўсё ж неверагодна складаным рэгіёнам да таго, як ён апынецца ў прамянях увагі міжнародных СМІ. Як піша ван Брухэн: «Ніколі Алімпійскія гульні не праводзіліся ў рэгіёне, які б больш кантраставаў з прывабнасцю Гульняў, чым Сочы. На ўсходзе Каўказскія горы цягнуцца да змрочных і збяднелых рэспублік, такіх як Паўночная Асеція і Чачэнія. На ўзбярэжжы санаторыі старой савецкай эпохі стаяць плячом да пляча з самымі дарагімі гатэлямі ды клубамі Рускай Рывіеры. Да 2014-га тэрыторыя вакол Сочы зменіцца да непазнавальнасці».

Падыход Горнстры да фатаграфіі аб’ядноўвае найлепшае з дакументальнага аповеду і сучаснага партрэту, знойдзеных здымкаў ды іншых візуальных элементаў, сабраных падчас падарожжаў. Ван Брухэн дапаўняе серыі фатаграфіяў захапляльнымі гісторыямі пра людзей, землі ды іх бурлівую гісторыю. Разам фатаграфіі і тэксты раскрываюць складаную шматзначную гісторыю гэтага спрэчнага рэгіёну, кідаючы рэзкае святло на заяву Уладзіміра Пуціна, што «Алімпійская сям’я будзе пачувацца як дома ў Сочы». Над дызайнам праекту працавалі даўнія суаўтары Kummer & Herrman. Кніга «Праект «Сочы», ўэб-сайт і выстава «Атлас вайны і турызму на Каўказе» – кульмінацыя гэтай пяцігадовай творчасці, шэдэўр сучаснага мастацтва фатаграфіі ды журналістыкі ў найлепшых традыцыях Джэймза Эйджы ды Ўокера Эванза, Даратыі Лэнг і Пола Тэйлара. Тэкст Aperture Foundation, Нью-Ёрк

Праект «Сочы» быў заснаваны ў суаўтарстве Робам Горнстрам (нарадзіўся ў Борнэ, Нідэрланды, 1975) і Арналдам ван Брухэнам (нарадзіўся ў Тэсэле, Нідэрланды, 1979) пры ўдзеле каманды дызайнераў Kummer & Herrman.

Роб Горнстра – фатограф і выдавец павольнай формы дакументальных працаў. Ён таксама заснавальнік і былы мастацкі кіраўнік Цэнтру дакументальнай фатаграфіі FOTODOK. Працы Горнстры рэпрэзентаваныя ў Flatland Gallery, Утрэхт, Нідэрланды.

Арналд ван Брухэн (тэксты) – пісьменнік і кінарэжысёр, заснавальнік журналісцкага агенцтва Prospektor і сузаснавальнік з Горнстрам праекту «Сочы».

Шмат якія працы праекту «Сочы» атрымалі ўзнагароды, уключаючы Canon Prize за інавацыйную фотажурналістыку ў 2010-м, Magnum Expression Award у 2011-м, Sony World Photography Award (у намінацыі «Мастацтва і культура») у 2012-м і World Press Photo (у намінацыі «Мастацтва і забавы») у 2012.

06.09 — 06.10
Галерэя «ЦЭХа»

вул. Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

06.09
Адкрыццё выставы
Галерэя «ЦЭХа», 19:00