Юрый Васільеў. «Служыць фатаграфіі», 02.10 — 31.10

«Стагоддзі», Карэлія, 1973 год

«Стагоддзі», Карэлія, 1973 год

Выстава Юрыя Васільева ўпершыню прадставіць яго не толькі як фатографа, але і як чалавека, які ўдзельнічаў у стварэнні інстытуцый і ў фарміраванні асяроддзя аматарскай фатаграфіі ў Беларусі.

Юрый стаяў каля вытокаў фотаклуба «Мiнск», за якім замацаваўся статус вялікага кангламерату аматарскай творчай фатаграфіі. Ён стаў яго старшынёй у 1978 годзе, а ў 1979-м фотаклубу «за плённую і стваральную дзейнасць у галіне мастацкай фатаграфіі» было прысвоена званне «Народны самадзейны калектыў».

Аматарская фатаграфія, якая пачала актыўна развівацца ў пасляваенныя гады ў Савецкім Саюзе, стала галіной для эксперыментаў. Замацаваць аматарскі вопыт, а таксама пашырыць уяўленне пра існае фотаполе і хацеў Юрый Васільеў, які разам з Яўгенам Казюлем пры садзейнічанні фотаклуба «Мiнск» працаваў над серыяй «Міжклубных выстаў фатаграфікі ў Мінску» — фестывалем «Фатаграфіка». Фестываль стаў першым буйным і найбольш вядомым фотабіенале мастацкай фатаграфіі ў СССР. Усяго адбылося шэсць «Фатаграфік» у перыяд з 1971 да 1981 года, а таксама «Фатаграфіка. Праз 40 гадоў» у 2011 годзе. Выставы будаваліся «на рэпартажнай аснове і дынамічных момантах», якія затым збіраліся ў адзіную карціну — ствараўся вялікі архіў ручнога друку фатаграфіі. Дзякуючы працы каманды гэтага фестывалю, на выставах, якія праводзіліся ў Мінску, былі прадстаўлены працы розных фотамастакоў з усяго СССР, а таксама замежжа. Фестываль меў вялікі ўплыў на многіх фатографаў (з «Фатаграфікі» вырасла пакаленне аўтараў — Валерый Лабко, Валерый Федарэнка, Сяргей Кажамякін, Андрэй Шчукін і іншыя), на ўяўленне пра розныя формы творчай аматарскай фатаграфіі, а таксама стварыў пэўнае асяроддзе, у якім можна было вучыцца, знаёміцца і працаваць. Так, «Фатаграфіка» дзякуючы сваім канцэптуальным асновам, а таксама якаснаму працэсу арганізацыі стала асаблівай з’явай у фатаграфічным асяроддзі Савецкага Саюза.

Таксама Юрый Васільеў на працягу некалькіх гадоў вёў тэлеперадачу пра фатаграфію, некаторыя выпускі якой былі прысвечаны «Фатаграфіцы-71». Яны аказалі ўплыў на вядомага беларускага фатографа Валерыя Лабко.

У 1992 годзе Юрыю Васільеву за дзейнасць у галіне фатаграфіі было прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь», таксама фатограф быў не раз адзначаны за якасную працу ў галіне мастацкай фатаграфіі.

«Самае блізкае слова, што найбольш дакладна адлюстроўвае маё стаўленне да фатаграфіі, — гэта “служэнне”. Больш за ўсё мне хацелася ўкараніць культуру фатаграфіі ў жыццё сучаснага грамадства. Фотаздымцы можна прысвяціць жыццё, яна вялікая, як музыка, як паэзія, як тэатр. Фатаграфія — гэта не фотаапарат, не лінза і не стужка, не хуткія рукі і востры позірк. Хоць і гэта павінна быць. Як інструмент. Фатаграфія — гэта час, культура, эстэтыка, пачуцці і думкі мастака». (Юрый Васільеў)

02.10 — 31.10
Ангар «ЦЭХа»

Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 50 000. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 25 000. Дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

02.10
Адкрыццё выставы
Ангар «ЦЭХа», 19:00