«ДЗІКІЯ — жывёлы ў сучаснай фатаграфіі», 02.10 — 31.10

Карына Лінге. «Жанчына з трусам», з серыі «Адзінокія №1», 2008. З дазволу мастака і Galerie Jarmuschek und Partner, Берлін

Калектыўны паказ работ Надзінэ Бланке (Nadine Blanke), Торстэна Брынкмана (Thorsten Brinkmann), Франка Крыстэна (Franck Christen), Аміна Эль Дыба (Amin El Dib), Кая-Олафа Гесэ (Kai-Olaf Hesse), Марціна Клімаса (Martin Klimas), Сафіі Каукауліоці (Sofia Koukoulioti), Андрэя Лянкевіча, Карыны Лінге (Carina Linge), Веры Мерцэр (Vera Mercer), Марка Пешке (Marc Peschke), Раманы Прынот (Romana Prinoth), Аляксандры Фогт (Alexandra Vogt), Марка Волка (Marc Volk), Сашы Вайднера (Sascha Weidner).

Куратары: Маціас Хардэр і Марэн Польтэ.

Прадстаўленыя фотаздымкі па-рознаму звяртаюцца да паняцця «дзікага». Мы сустракаем жывёл у заапарках і ў дзікай прыродзе, у дыярамах ці ў таксідэрміста, у выглядзе чучала ці за знятым футрам, або дома ў нібыта камфортнай ролі хатняга любімца. З пятнаццаці індывідуальных ракурсаў паказваецца, як людзі ўспрымаюць жывёл, як збіраюць іх у якасці трафеяў ці ператвараюць у ежу. Падыход мастакоў вар’іруецца ад сур’ёзнага да гуллівага, ад драматычнага да іранічнага, і ў выніку мы задумваемся, у якой ступені паказаныя жывёлы насамрэч дзікія.

У рэшце рэшт, жывёлы, як і людзі, — сярод найбольш папулярных матываў у сучасным мастацтве і фатаграфіі. Калісьці ў гісторыі заходняга жывапісу жывёлы выкарыстоўваліся (таксама ў выглядзе футра), каб паказаць сацыяльны стан людзей на партрэце. На сённяшні дзень такое разуменне сімвалічнага або меркаванага значэння амаль што знікла. І разам з тым фатографы ў гэтым праекце адлюстравалі ўвесь спектр сённяшніх складаных адносінаў чалавека да жывёл: мы бачым, што іх прыручаюць, любяць, забіваюць, палююць на іх, ахоўваюць, песцяць, жорстка з імі абыходзяцца, пакланяюцца ім і ядуць. На адным нацюрморце паказана, як жывёлы ператвараюцца ў ежу, на іншым жа фатограф дзеля смеху замаскіраваў свайго сабаку.

Фотавыстава «Дзікія» выяўляе іранічны погляд на сённяшнюю апантанасць нашым найдаўнейшым кампаньёнам і ворагам. У займальнай сумесі страху і захаплення, сентыментальнасці і жаху яна напамінае нам, што ўсе мы — маленькія кавалачкі вялікай мазаікі прыроды, неад’емная частка бясконцага цыклу з’яўлення і разлажэння, дзе адзін есць, а іншы служыць ежай.

Маціас Хардэр / Марэн Польтэ

02.10 — 31.10
Ангар «ЦЭХа»
Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы ў прасторы «ЦЭХ» ― 50 000. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 25 000. Дзецям да 10 гадоў уваход вольны.

02.10
Адкрыццё выставы
Ангар «ЦЭХа», 19:00