«Гендарны маршрут». «Жаночы эмансіпацыйны праект: між утопіяй і рэчаіснасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)», 06.09 — 06.10/08.09 — 29.09

Роля рэвалюцыі ў разуменні таго, што сталася часткаю нашай паўсядзённасці, ужо не ўсведамляецца. Праект эмансіпацыі жанчын не атрымаў належнай рэфлексіі ды пераемнасці ні ў дыскурсах, ні ў практыках. І магчыма, менавіта ў 1917 годзе быў закладзены адзін з нарожных камянёў выціскання непасрэднай ініцыятывы інстытуцыяналізацыі жаночага актывізму і яго злівання ў фармальны парадак дня – рашэнне праблемаў жанчын узяла на сябе дзяржаўная ўлада ў межах новага ладу.

Як сёння суіснуюць гістарычныя калектыўныя наратывы і асабістыя, больш схаваныя наратывы жанчын-актывістак, якім дасюль не знайшлося месца ў «братэрстве» змагароў за незалежнасць? Мала хто памятае пра тое, што подпіс лідаркі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Палуты Бадуновай стаіць пад Устаўной граматаю – дакументам, які абвесціў Беларускую Народную Рэспубліку (БНР). У 1937 годзе Бадунову арыштавалі органы НКВД, у 1938-м – расстралялі ў Мінску, у 1989 дзяячка была рэабілітаваная. Ейныя сшыткі-зацемкі, сканфіскаваныя пры арышце, дасюль застаюцца неапублікаванымі. Або гісторыя Алёны Кіш (1896(?) — 1949), дываны-маляванкі якой да гэтага часу існуюць між лакальным забыццём і спробамі нацыянальнага адраджэння на фоне міжнароднага прызнання. Ейнае імя – адзінай прадстаўніцы беларускага прымітывізму – увайшло ў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва», выдадзеную да 100-годдзя Анры Русо.

На гэтым фоне падзеі ва Украіне, звязаныя з пратэстамі на Еўрамайдане, і пазней узброены канфлікт ва ўсходняй частцы краіны, што пацягнулі за сабой змены і развіццё праекту эмансіпацыі, або курдскія жаночыя батальёны, перад якімі баевікі «Ісламскай дзяржавы» вычуваюць страх, бо загінулы ад рукі жанчыны не зможа трапіць у рай, заслугоўваюць асаблівай увагі.

З аднаго боку, пагроза гвалту і беднасці робіць жанчын больш уразлівымі ў дачыненні новай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. З іншага – падчас ваенных падзеяў жанчынам удаецца зняпраўдзіць традыцыйныя гендарныя ролі і атрымаць прызнанне ды павагу з богу грамадства за іхную актыўную грамадзянскую пазіцыю. Але пытанне, ці варта жанчынам ваяваць, застаецца адкрытае. Адныя змагаюцца за юрыдычную і фактычную роўнасць ва ўсіх сферах дзейнасці, і войска – не выключэнне, іншыя даводзяць, што вайна – гэта «мужчынскія гульні». Адныя феміністкі сцвярджаюць, што прыцягванне жанчын да вайсковай службы – важна для дасягнення роўных правоў і паўнацэннага грамадзянства. Іншыя лічаць, што мілітарызм наагул наўрад ці спрыяе роўнасці ды распаўсюджваюць пацыфісцкія і антымілітарысцкія погляды, сцвярджаючы, што армія мусіць спыніць існаванне, а вайскоўцы – адмовіцца ад здзяйснення гвалту.

У межах выставы мы хацелі б абмеркаваць тое, як «пераходны» стан грамадстваў уплывае на прасоўванне жаночага пытання.

Экспазіцыя выставы складаецца з дзвюх частак. Першая, у прасторы СТАЛОЎКА XYZ (Мінск, Фабрыцыуса 4), – «Пачатак» – улучае працы беларускай мастачкі Жанны Капуснікавай з праекту «Дажынкі» (2013), старонкі з кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», беларускія фільмы «Маляваны рай» (2010) Галіны Адамовіч і «Палута Бадунова: згадаць і не забыць» (2012) Валерыя Мазынскага ды серыю фатаграфіяў з украінскага праекту «Нябачны батальён» (2015). Другую, у прасторы ЦЭХ (Мінск, Кастрычніцкая 16) – «Працяг будзе» – складаюць працы Жанны Капуснікавай з праекту «Другія Дажынкі» (2015), фотапраект «Rojekê, One day» і фільм «Гулістан, Зямля ружаў» («Gulistan, Land of Roses», 2016) курдкі Зайне Ак’ёль (Zaynê Akyol).

Прэзентуе «Гендарны маршрут», куратарка Ірына Саламаціна.

«Пачатак»
06.09 — 06.10
Галерэя «Сталоўка XYZ»

Фабрыцыўса 4, паверх 3
14:00 – 22:00, штодня
Агульны білет на ўсе выставы галерэі ― 5 р. Школьнікі, студэнты, пенсіянеры ― 2,5 р. Журналістам, настаўнікам і супрацоўнікам музеяў, дзецям да 10 гадоў, уваход вольны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі таксама ўваход вольны. Просім тых, хто перамяшчаецца ў вазку, папярэджваць загадзя аб наведванні выставы, каб мы маглі забяспечыць магчымасць патрапіць на трэці паверх. Тэлефон: +375 44 582 92 29

06.09
Адкрыццё выставы

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00

«Працяг будзе»
08.09 — 29.09
Галерэя «ЦЭХа»

Кастрычніцкая, 16
12:00 – 22:00, штодня

08.09
Адкрыццё выставы

Галерэя «ЦЭХа», 19:00